Лінкі ўнівэрсальнага доступу

«І (або)» — на расейскай і беларускай (або на адной зь дзяржаўных моваў). Гэта самыя прынцыповыя словы закону «Аб мовах у Рэспубліцы Беларусь». Вось на гэтае «або», больш дакладна на «или», спасылаюцца вытворцы, якія прынцыпова ігнаруюць беларускую мову ў афармленьні сваіх тавараў.

На мяжы 2016/2017 гадоў кампанія «Савушкин продукт» справакавала дыскусію вакол ужываньня беларускай мовы на ўпакоўцы тавараў. Працяг адбыўся цяпер у ліпені. Падрабязная хроніка канфлікту ў блогу Ігара Случака.

З майго назіраньня, большасьць абаронцаў расейскай мовы на ўпакоўках спасылаюцца на маркетынгавы падыход: колькасьць расейскамоўных у жыцьці. Эмацыйны аспэкт стаўленьня да беларускай мовы не ўлічваецца, выключна мэханічны. Хоць больш за 60% беларусаў называюць беларускую мову роднай, як бы яны ў жыцьці ні размаўлялі.

Другая «маркетынгавая» група нэўтральная: «Мне ўсё роўна, „малако“ ці „молоко“. Я набуду тое, што больш якаснае».

Пытаньне «и (или)» беларускай мовы ў Беларусі — гэта пытаньне «і (або)» правоў чалавека і правоў грамадзяніна. Гэта частка вялікага комплекснага пытаньня будучыні Беларусі — якой будзе краіна з гледзішча права?

Калі вы разглядаеце права беларуса на беларускую мову ў рэкляме і афармленьні тавараў з гледзішча маркетынгу, дык разглядайце ўсе астатнія правы і свабоды з таго самага маркетынгавага падыходу.

Права на сходы і мітынгі, права на вольнае пашырэньне інфармацыі, права на вяршэнства закону над дэкрэтамі, права на незалежныя суды і самастойны парлямэнт (дадай сваё). Усё вышэй пералічанае можна разглядаць праз прызму маркетынгу.

«А давайце зробім сацыялягічнае дасьледаваньне. А можа грамадзянам падабаецца жыць у краіне, якой кіруюць у ручным рэжыме адзін (два, тры, дзесяць) чалавек?».

Узгадвайце гэтую прыдуманую цытату кожны раз, калі вы адмаўляеце арыентаваным на беларускую мову грамадзянам у раўнапраўі беларускай з расейскаю.

Абірайце: ці грамадзянскія правы, ці маркетынг у непразрыстым сацыялягічным полі аўтарытарнай краіны.

Меркаваньні, выказаныя ў блогах, перадаюць погляды саміх аўтараў і не абавязкова адлюстроўваюць пазыцыю рэдакцыі.

Ваша меркаваньне

Паказаць камэнтары

XS
SM
MD
LG