Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Лукашэнка паедзе ва Ўкраіну з афіцыйным візытам 20–21 ліпеня


Пятро Парашэнка і Аляксандар Лукашэнка ў Чарнобылі. 26 красавіка
Пятро Парашэнка і Аляксандар Лукашэнка ў Чарнобылі. 26 красавіка

Афіцыйны візыт Аляксандра Лукашэнкі ва Ўкраіну заплянаваны на 20–21 ліпеня, у праграме перамовы з прэзыдэнтам Украіны Пятром Парашэнкам як «адзін на адзін», так і ў пашыраным складзе.

Тэмамі сустрэчы заяўленыя палітычная, эканамічная і гуманітарная супраца Беларусі і Ўкраіны, памежная супраца, урэгуляваньне канфлікту на Ўсходзе Ўкраіны, агульная сытуацыя ў рэгіёне і міжнародная праблематыка. Плянуецца падпісаньне шэрагу дамоваў.

Апошні раз Лукашэнка і Парашэнка сустракаліся ў дзень Чарнобыльскай катастрофы 26 красавіка ва ўкраінскім Чарнобылі і беларускіх Ляскавічах. Але цяпер ладзіцца нават не працоўны, а вышэйшы па значнасьці афіцыйны візыт — другі па значнасьці пасьля дзяржаўнага.

Афіцыйны візыт ладзіцца з аказаньнем усіх цырыманіяльных ушанаваньняў пры сустрэчы і праваджэньні, праходзяць ускладаньні кветак, афіцыйныя абеды або сьняданкі, наведваньні культурных мерапрыемстваў, падпісаньне выніковага дакумэнту.

Падчас візыту Лукашэнкі ў Кіеў адбудзецца шэсьце ў памяць забітага журналіста і крытыка Лукашэнкі Паўла Шарамета.

Украіна — другі па аб’ёмах экспарту гандлёвы партнэр Беларусі, пяты па імпарце. За студзень-травень 2017 году гандлёвы абарот між Беларусьсю і Ўкраінай вырас на чвэрць і склаў 1,17 млрд даляраў, экспарт зь Беларусі ва Ўкраіну перавысіў імпарт на 863 млн даляраў. Беларусь найбольш вязе ва Ўкраіну прадукты машынабудаваньня і хімічнай прамысловасьці; Украіна ў Беларусь — прадукты мэталюргіі, машынабудаваньня і харчовай прамысловасьці, носьбіты электраэнэргіі. Украіна для Беларусі зьяўляецца адным з асноўных рынкаў паставак паліва.

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG