Лінкі ўнівэрсальнага доступу

У Кіеве адзначаюць 100-годзьдзе ўраду Ўкраіны. Адлічваюць ад часоў УНР


Прем’ер-міністар Украіны Ўладзімер Гройсман мяркуе, што асэнсаваньне ўрокаў 100-гадовай дзяржаўнасьці краіны дазволіць пазьбегнуць памылак, якія ў 1921 годзе прывялі да страты незалежнасьці.

«100 гадоў таму была створаная Ўкраінская Народная Рэспубліка, жаданая многімі пакаленьнямі. У той самы момант быў утвораны Цэнтральнаю Радаю Генэральны сакратарыят — урад Украінскай Народнай Рэспублікі. Гэта была велізарная спроба атрымаць гістарычную перамогу і стварыць сваю незалежную дзяржаву», — сказаў Уладзімер Гройсман сёньня на ўрачыстым пасяджэньні Кабінэту міністраў Украіны, прымеркаваным 100-годзьдзю ўраду краіны.

Уладзімер Гройсман мяркуе, што тады не ўдалося ўтрымаць гэтае аб’яднаньне праз унутраныя супярэчнасьці.

Прем’ер-міністар Украіны Ўладзімер Гройсман
Прем’ер-міністар Украіны Ўладзімер Гройсман

«Супярэчнасьці паказалі толькі адно: што на самой справе ў большасьці выпадках барацьба, напэўна, вялася, не за Ўкраіну, а за ўладу», — адзначыў ён.

«Са 100 гадоў нашай гісторыі амаль 26 гадоў мы жывём у нашай незалежнай дзяржаве, але я глыбока перакананы ў тым, што цяпер, у часы вар’яцкай ваеннай агрэсіі супраць нашай дзяржавы, наша краіна, грамадзтва, украінскі народ патрабуе адзінства, аналізу таго, што адбылося 100 гадоў таму. Мы павінны рабіць з нашай гісторыі высновы для таго, каб стаць мацней. Мы павінны быць аб’яднаныя сьцягам нашай дзяржавы і адзіным імкненьнем — пабудаваць пасьпяховую, незалежную, цэласную, дэмакратычную і багатую эўрапейскую Ўкраіну», — перакананы ўкраінскі прэм’ер-міністар.

Архіўнае фота. Падпісаньне ўнівэрсалу пра стварэньне УНР
Архіўнае фота. Падпісаньне ўнівэрсалу пра стварэньне УНР

У адрозьненьне ад Беларусі, дзе ўлады не прызнаюць гістарычнай ролі стварэньня Беларускай Народнай Рэспублікі, ва Ўкраіне аналягічныя падзеі ў 1917 годзе лічаць пачаткам фармаваньня дзяржаўнай незалежнасьці ды ўкраінскага парлямэнтарызму. Сёлета на працягу году ва Ўкраіне на дзяржаўным узроўні адбываюцца ўрачыстыя імпрэзы, прымеркаваныя 100-годзьдзю ўкраінскай рэвалюцыі.

У сакавіку з гэтай нагоды ў Вярхоўнай Радзе Ўкраіны адбылося ўрачыстае паседжаньне, а па ўсёй краіне адкрываюцца тэматычныя мастацкія і дакумэнтальныя выстаўкі.

Украінская рэвалюцыя пачалася ў сакавіку 1917 году, калі была створаная Цэнтральная Рада — парлямэнт будучай УНР, а завяршылася ў 1921 годзе, калі ва Ўкраіне канчаткова ўсталявалася бальшавіцкая ўлада. Гэтыя падзеі толькі нядаўна пачалі называць «украінскай рэвалюцыяй» як альтэрнатыву «кастрычніцкай рэвалюцыі», якую выкарыстоўвала савецкая гісторыяграфія.

Украінская Народная Рэспубліка з 1917 да 1920 году кантралявала тэрыторыі цэнтральнай, усходняй і паўднёвай Украіны. Да сьнежня 1918 году яна кіравалася Цэнтральнаю Радаю на чале зь Міхаілам Грушэўскім — яго лічаць першым прэзыдэнтам Украіны. Пазьней галоўнымі органамі кіраваньня УНР былі Гетманат і Дырэкторыя. За няпоўныя чатыры гады свайго існаваньня УНР устанавіла дыпляматычныя дачыненьні больш чым з 20 краінамі сьвету, у тым ліку з БНР.

Помнік Міхаілу Грушэўскаму ў Кіеве
Помнік Міхаілу Грушэўскаму ў Кіеве

У цяперашнім будынку Кабінэту міністраў Украіны створаны музэй гісторыі ўрадаў краіны, у якім сабраныя фотаздымкі ўсіх ўрадаў і іхных кіраўнікоў ад 1917 году. Асобная экспазыцыя знаёміць наведнікаў з гісторыяй украінскай грашовай адзінкі.

Музэй гісторыі ўрадаў Украіны
Музэй гісторыі ўрадаў Украіны
З экспазыцыі музэю
З экспазыцыі музэю

Дзякуючы адкрытым ва Ўкраіне архівам савецкага КДБ стаў вядомы факт супрацоўніцтва Украінскай Народнай Рэспублікі зь Беларускай Народнай Рэспублікай. У прыватнасьці, у адной з мэтадычак пра беларускіх буржуазных нацыяналістаў паведамлялася, што ўрад БНР атрымаў ад ураду УНР, які тады ўзначальваў Уладзімер Віньнічэнка, пазыку чатыры мільёны рублёў на фармаваньне арміі Беларускай Народнай Рэспублікі.

Таксама вядома, што ў ліпені 1918 году ў Адэсе было адкрытае консульства БНР на чале са Сьцяпанам Некрашэвічам, якое выдавала беларускім грамадзянам пашпарты, бараніла іхныя палітычныя і маёмасныя правы.

Ваша меркаваньне

Паказаць камэнтары

XS
SM
MD
LG