Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Падчас візыту Лукашэнкі ў Кіеў адбудзецца шэсьце ў памяць Шарамета


Павал Шарамет (на разьвітаньні з Паўлам Шараметам у Кіеве)

Кіраўніцтва інтэрнэт-выданьня «Ўкраінская праўда» плянуе 20 ліпеня правесьці ў Кіеве шэсьце «Год бяз Паўла», прымеркаванае гадавіне забойства журналіста. У гэты ж дзень у Кіеве зь візытам будзе знаходзіцца кіраўнік Беларусі Аляксандар Лукашэнка.

«Нам вельмі не хапае Паўла, але яшчэ больш горка, што за год паліцыя не дала адказу на пытаньне, хто быў забойцам і заказьнікам забойства Паўла. Пытаньняў на самай справе паўстала яшчэ больш, таму што мы даведаліся, што за Паўлам і ягонай жонкай Аленай Прытулай сачылі за некалькі месяцаў да трагедыі і ў ноч перад забойствам», — кажуць арганізатары шэсьця.

Кіраўніцтва «Ўкраінскай праўды» заклікае грамадзян далучыцца да ўшанаваньня памяці Паўла Шарамета.

«20 ліпеня а 8-й гадзіне раніцы мы зьбяромся там, дзе загінуў Павал, і ўшануем яго памяць. Пасьля адправімся шэсьцем да будынка Службы бясьпекі Ўкраіны, Адміністрацыі прэзыдэнта і Міністэрства ўнутраных спраў і будзем патрабаваць расьсьледаваньня справы забойства нашага сябра і калегі», — дадалі калегі Паўла Шарамета.

Сёньня Камітэт абароны журналістаў (CPJ) заклікаў беларускія ўлады пасьмяротна аднавіць грамадзянства Беларусі Паўла Шарамета. У 2010 годзе журналіст быў пазбаўлены беларускага грамадзянства на падставе атрыманьня грамадзянства Расеі. Адпаведны ліст, як сьцьвярджаў тады Павал Шарамет, ён атрымаў ад пасольства Беларусі ў Расеі. Гэты ліст быў падпісаны адным з тагачасных сакратароў амбасады, але ў ім не паведамлялася, хто менавіта прыняў рашэньне аб пазбаўленьні грамадзянства — МУС, МЗС ці Адміністрацыя прэзыдэнта.

Ваша меркаваньне

Паказаць камэнтары

XS
SM
MD
LG