Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Лукашэнка ў Эміратах. За дзяржаву крыўдна


Абʼяднаныя Арабскія Эміраты, ілюстрацыйнае фота

8 лістапада — пасьля доўгага перапынку — Аляксандр Лукашэнка афіцыйна зьявіўся ў Беларусі. У гэты дзень ён сустрэўся з прэзыдэнтам Міжнароднага камітэту Чырвонага Крыжа. Апошні раз кіраўнік краіны зьяўляўся на інфармацыйным экране радзімы толькі 24 кастрычніка. А падчас працяглага перапынку быў у Аб’яднаных Арабскіх Эміратах (ААЭ). Афіцыйныя крыніцы не паведамілі дакладныя даты ад’езду і прыезду кіраўніка дзяржавы. Паводле ўскоснай інфармацыі, Лукашэнка паехаў туды 25 кастрычніка, а вярнуўся 6 лістапада. То бок — правёў у Эміратах 12 дзён.

Лукашэнка шосты раз наведвае ААЭ. Эканамічны эфэкт ад гэтых візытаў невялікі. У 2016 годзе тавараабарот паміж Беларусьсю і ААЭ склаў 37,8 млн даляраў, у тым ліку беларускі экспарт — 29,3 млн даляраў. Прыкладна 5 млн даляраў экспарту на кожны візыт. Ня ўпэўнены, што гэта акупіла кошт самых ваяжоў кіраўніка дзяржавы.

Ёсьць, праўда, падазрэньне, што Беларусь прадае Эміратам зброю, і гэты гандаль не паказваецца ў афіцыйнай статыстыцы. Партал TUT.BY паведамляе, што заснаваная беларускім алігархам Уладзімерам Пефціевым у Абу-Дабі фірма BelTechExport FZE, якая зьяўляецца даччынай кампаніяй «Белтехэкспорта» (спэцыялізацыя — экспарт зброі), у 2017 годзе заключыла кантракт з Узброенымі сіламі ААЭ на абслугоўваньне вайсковай тэхнікі на суму каля 30 млн даляраў.

Але гэтыя паездкі Лукашэнкі цікавыя іншым. Першыя тры візыты (2000, 2007, 2013 гады) былі рутыннымі, нічога незвычайнага там не было. А вось тры апошнія візыты былі трохі дзіўнымі і нават напачатку загадкавымі.

У 2014 годзе «працоўны візыт» Лукашэнкі ў ААЭ доўжыўся цэлыя дзевяць дзён — з 25 кастрычніка па 2 лістапада. Нават паведамлялася, што каманда прэзыдэнта Беларусі правяла хакейны матч з «камандай вэтэранаў хакею Эміратаў» (!).

У 2016 годзе візыт Лукашэнкі ў ААЭ працягваўся з 30 кастрычніка па 6 лістапада.

І вось сёлета паездка цягнулася рэкордныя 12 дзён. Журналісты ўжо зьвярнулі ўвагу, што час гэтых візытаў дзіўным чынам супадае з пэрыядам школьных вакацыяў у Колі.

Здавалася б, больш лягічна было аб’явіць паездкі Лукашэнкі адпачынкам. Але іміджмэйкеры, мабыць, вырашылі, што гэта нясьціпла

Прэсавая служба кіраўніка Беларусі аказалася перад пэўнай дылемай: як патлумачыць беларускаму грамадзтву дзіўныя ваяжы. Здавалася б, больш лягічна было аб’явіць паездкі Лукашэнкі адпачынкам. Але іміджмэйкеры, мабыць, вырашылі, што гэта нясьціпла. Бо ўжо вельмі дарагі адпачынак ў ААЭ. Паводле інтэрнэт-газэты «Салідарнасьць», кіраўнік дзяржавы, імаверна, жыў у гатэлі ўзроўню «не ніжэйшага за элітны гатэль Бурдж-эль-Араб», дзе адна ноч каштуе ад 3 да 6 тысяч эўраў. А плюс сьвіта. Для большасьці беларусаў, якія адпачываць на лецішчах і перабіваюцца ад заробку да заробку, такая раскоша не зразумелая. Пагатоў афіцыйныя СМІ ствараюць зусім іншы вобраз «народнага прэзыдэнта». Маўляў, ён увесь час, дзень і ноч працуе для народу, сябе не шкадуе, яму няма калі адпачываць.

Таму вырашылі абвясьціць адпачынак «рабочым візытам». Але ў выніку атрымаўся канфуз. Бо статус «рабочага візыту» патрабуе сустрэчаў з тамтэйшымі афіцыйнымі асобамі адпаведнага ўзроўню, а таксама падпісаньня дамоваў. Патрэбныя вынікі візыту, а іх няма. Узьнікае натуральнае пытаньне: чаго езьдзіў, на што патраціў 12 дзён рабочага візыту?

Зьдзіўленьне выклікае і ўзровень сустрэчаў. Лукашэнка правёў перамовы зь міністрам юстыцыі ААЭ, а таксама, што стала ўжо традыцыяй, з спадчынным прынцам Абу-Дабі, намесьнікам вярхоўнага вайскавода Ўзброеных сілаў ААЭ шэйхам Мухамэдам бін Заедам аль-Нах’янам. Паводле інфармацыі беларускіх незалежных мас-мэдыя, менавіта гэтаму дзеячу належыць фірма, якая атрымала ў валоданьне два гектары паляўнічых надзелаў непадалёк ад Лагойска.

Сустрэча Аляксандар Лукашэнкі з Мухамэдам бін Заедам аль-Нах’янам
Сустрэча Аляксандар Лукашэнкі з Мухамэдам бін Заедам аль-Нах’янам

У першым паведамленьні прэс-службы Аляксандра Лукашэнкі пра яго візыт у Эміраты было адзначана, што «заплянаваныя перамовы з кіраўніцтвам ААЭ». Але акурат сустрэча з прэзыдэнтам гэтай дзяржавы шэйхам Халіфам бін Заедам аль-Нах’янам не адбылася ні ў 2014, ні ў 2016 гадах, ні цяпер. І гэта пэўны дыпляматычны нонсэнс, нават скандал, дэманстратыўнае грэбаваньне госьцем з боку гаспадара. Бо ў міжнароднай практыцы не бывае, каб кіраўнік дзяржавы прыехаў зь візытам у іншую краіну, а тамтэйшы прэзыдэнт яго не прыняў. Гэта парушэньне ўсіх дыпляматычных пратаколаў. Тут рэч нават не ў Лукашэнку, якога, як высьвятляецца, ня вельмі паважаюць на Блізкім Усходзе. Але, як казаў герой папулярнага савецкага фільму, за дзяржаву крыўдна.

Меркаваньні, выказаныя ў блогах, перадаюць погляды саміх аўтараў і не абавязкова адлюстроўваюць пазыцыю рэдакцыі.

  • 16x9 Image

    Валер Карбалевіч

    Нарадзіўся ў 1955 годзе. Скончыў гістфак БДУ, кандыдат гістарычных навук, дацэнт. Палітычны аглядальнік «Радыё Свабода».

     

     

Ваша меркаваньне

Паказаць камэнтары

XS
SM
MD
LG