Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Лукашэнка паляцеў у Арабскія Эміраты — і цішыня


Аляксандар Лукашэнка падчас візыту ў Аб’яднаныя Арабскія Эміраты

Пра вынікі візыту нічога не паведамляецца, а ён цягнецца ад 27 кастрычніка, калі не ад 25-га. Мінулы візыт асьвятлялі значна больш падрабязна.

Аляксандар Лукашэнка цяпер наведвае Аб’яднаныя Арабскія Эміраты з рабочым візытам. Паводле афіцыйных зьвестак, ён вылецеў 27 кастрычніка, але «Камсамольская праўда» заяўляе, што вылет прэзыдэнцкага самалёта ў Абу-Дабі адбыўся яшчэ 25 кастрычніка.

Паводле навіны прэс-службы Лукашэнкі, яго запрасілі ня толькі для працы, але і проста «традыцыйна некалькі дзён пагасьцяваць».

Паведамлялася, што першую працоўную сустрэчу Лукашэнка правёў у будынку аэрапорту; пра далейшыя яго сустрэчы з кімсьці не паведамлялася ні беларускімі СМІ, ні прэсай з Эміратаў. У Менску тым часам канцэртам адзначылі 25-годзьдзе ўсталяваньня дыпляматычных стасункаў Беларусі і Эміратаў.

Па дзяржаўнай тэлевізіі 29 кастрычніка паведамілі толькі, што візыт працягваецца (удакладніўшы, што працоўны тыдзень у Эміратах пачынаецца ў суботу, а чацьвер і пятніца — выходныя).

Апошнія дэталёвыя навіны пра дзейнасьць Лукашэнкі былі 24 кастрычніка, калі ён праводзіў нараду з кіраўніцтвам сваёй адміністрацыі наконт зваротаў грамадзянаў. Пасьля публікаваліся толькі віншаваньні ад яго імя (кіраўнікам Кітаю, Аўстрыі, Туркмэністану і Турэччыны, Унівэрсытэту фізкультуры і беларускаму балетмайстру Валянціну Елізар’еву).

Прэс-сакратарка Лукашэнкі не адказала на тэлефанаваньні Свабоды.

Ваша меркаваньне

Паказаць камэнтары

XS
SM
MD
LG