Лінкі ўнівэрсальнага доступу

У эфіры тэлеканалу «Мир» прагучаць нявыказаныя прэтэнзіі Лукашэнкі Пуціну


Аляксандар Лукашэнка ў эфіры каналу «Мир»
Аляксандар Лукашэнка ў эфіры каналу «Мир»

Сёньня ў вечаровым эфіры міждзяржаўнай тэлерадыёкампаніі «Мир» — вялікае інтэрвію Аляксандра Лукашэнкі.

Асноўная тэма гутаркі — перамовы 3 красавіка з прэзыдэнтам Расеі Ўладзімерам Пуціным. З фрагмэнтаў, агучаных прэсавай службай Лукашэнкі, вынікае, што ў кіраўніка Беларусі засталося шмат нявыказаных прэтэнзіяў на адрас расейскага калегі — перамовы былі азмрочаныя тэрактам у пецярбурскім мэтро, давялося засяродзіцца на пытаньнях бясьпекі і абароназдольнасьці.

Пра няспраўджаную выгаду саюзнай дзяржавы

«Выгада не павінна быць за кошт твайго суседа. Табе выгадна дзесьці, яму таксама дзесьці выгадна, у нечым ты саступаеш, у нечым ён. Але выгада — гэта абавязкова. Калі гэта нявыгадна, як бы гэта мэркантыльна ні гучала, то каму патрэбны нейкі саюз і нейкія крокі ў гэтым кірунку? Расея сваю выгаду шукае, беларусы і казахі сваю, і гэтак далей. Мы знайшлі тыя пытаньні, дзе будзе выгадна. Гэта перш за ўсё эканоміка».

Пра страчаныя ілюзіі сьветлай будучыні

«Казаць пра паўнавартаснае фармаваньне саюзнай дзяржавы з усёй належнай атрыбутыкай — агульнай Канстытуцыяй, адзінай валютай і гэтак далей — пакуль не выпадае. Мы сёньня да гэтага не гатовыя. І ня столькі беларусы, колькі расейцы, расейскае кіраўніцтва. Але трэба тады вырашаць іншыя пытаньні. Што тычыцца людзей — мы нямала зрабілі. Цяпер трэба на эканоміку паглядзець».

Пра хібы інтэграцыі па крамлёўсім сцэнары

«Беларусь, Расея і Казахстан павінны разам змагацца з крызіснай сытуацыяй, а не паасобку. Калі супраць Расеі ўвялі санкцыі, гэта адбілася на эканамічным разьвіцьці суседніх зь ёй дзяржаў, у прыватнасьці Беларусі і Казахстану. І замест таго, каб разам выбірацца з гэтай сытуацыі, мы пачалі рабіць захады, каб выбрацца ў адзіночку. Гэта значыць, спрабуем сысьці адзін ад аднаго. Хіба гэта нармальна, што ў нас у мінулым годзе амаль на 40% упаў таваразварот? І сёлета ідзе падзеньне».

Пра барʼеры перад беларускім харчаваньнем

«Мы выразна фармуем праграмы на кожны год, у тым ліку і па пастаўках прадуктаў харчаваньня. Напрыклад, у Расеі сёньня дэфіцыт малочных прадуктаў — 7 мільёнаў тон. Мы пастаўляем туды 4 мільёны. На 3 мільёны яшчэ свабодны рынак не закрываецца. А трэба закрываць, каб кошты не падымаліся. І я Пуціну сказаў: навошта вы блякуеце пастаўкі беларускай прадукцыі? Тое ж самае і па мясных прадуктах адбываецца».

Пра нюансы справядлівага рээкспарту па-беларуску

«Гэта робяць не беларусы, як выявілася, а расейскія бандыты зь вялікай дарогі. Я Пуціну раскрыў карты. Толькі нас, кажу, ня трэба гнабіць. Калі ў вас чальцы ўраду сёньня валодаюць велізарнымі лятыфундыямі і, каб канкурэнцыі было менш, пачынаюць гнабіць беларусаў, нічога не атрымаецца. Мы вымушаны будзем адказваць адэкватна. Мы маем балянсы на кожны год, нават не выбіраем гэтыя абʼёмы. Таму нас папракаць у тым, што мы завалілі Расею санкцыйнымі прадуктамі, ня трэба».

Пра нафтагазавыя крыўды і няроўныя ўмовы

«Якія тут роўныя ўмовы, калі мы, прадпрыемствы нашы, атрымліваем прыродны газ у пяць разоў даражэй, чым Расея? А агульны рынак, як там канкураваць? Вось і даводзіцца сабекошт скарачаць, каб адпаведную цану трымаць, і людзям заробак меншы плаціць. І мадэрнізацыю складана весьці, таму што прыбытак зьмяншаецца. Калі пайшлі на саюз, давайце прадэманструем, што можам стварыць роўныя ўмовы і для жыцьця людзей, і для прадпрыемстваў».

Пра прамысловую каапэрацыю з расейскім абліччам

«Навошта ставіць КамАЗ у больш выгадныя ўмовы перад нашым МАЗам? Агульны рынак — давайце дамаўляцца і працаваць. Трэба каапэравацца, ніхто ня супраць. Але гэта павінна быць прыстойна і сумленна, а ня тое, што „аддайце нам гэтае прадпрыемства і забудзьцеся пра яго“. Нічога нікому мы не зьбіраемся аддаваць. Калі хочаце ўдзельнічаць у прыватызацыі — цана вядомая. Плаціце грошы і прыходзьце. Але галоўнае, каб людзей на вуліцу не выкідалі, каб прадпрыемства мадэрнізавалася і разьвівалася».

Пра розныя вагавыя катэгорыі і справядлівасьць

«Ніякі ня можа быць саюз, калі няма раўнапраўных адносінаў. Гэта ня значыць узяць усё, што ў нас ёсьць, і пароўну падзяліць. Я неяк казаў: калі ўзяць і пароўну падзяліць, то мы задушымся ад таго кавалка, які дастанецца Беларусі. Мы на гэта і не прэтэндуем. У Расеі 140–145 мільёнаў чалавек, а ў нас менш за 10 мільёнаў. Чаго мы будзем прэтэндаваць на роўныя долі? Мы павінны проста сумленна ў гэтых адносінах працаваць і даць магчымасьць працаваць прадпрыемствам і там, і тут».

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG