Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Час красавіцкіх тэзісаў: што скажа Лукашэнка свайму народу?


Крыніцы парталу tut.by сьцьвярджаюць: штогадовае пасланьне кіраўніка дзяржавы беларускаму народу і парлямэнту папярэдне прызначана на 21 красавіка. Афіцыйнага пацьвярджэньня гэтай інфармацыі пакуль няма.

Звычайна Аляксандар Лукашэнка выступае ў Авальнай залі Дому ўраду ў трэцяй дэкадзе красавіка, за выключэньнем 2006 і 2012 гадоў, калі звароты былі аднесеныя на пачатак траўня.

Пасланьне слухаюць дэпутаты, вышэйшыя службовыя асобы, чальцы ўраду, дырэктары буйных прадпрыемстваў, дыпляматы і журналісты.

Зварот уяўляе сабой праграмны выступ, у якім кіраўнік дзяржавы агучвае пляны на бліжэйшую пэрспэктыву. Праўда, часьцяком Лукашэнка адхіляецца ад падрыхтаванага сцэнару, і тады размова зьяжджае ў эмацыйнае рэчышча.

Сёлета рэжым Лукашэнкі ўпершыню за доўгі час сутыкнуўся з масавай незадаволенасьцю грамадзян сацыяльнай і эканамічнай палітыкай вышэйшага кіраўніцтва, шмат у якіх гарадах прайшлі так званыя «маршы недармаедаў». Актывістаў і ўдзельнікаў акцый дагэтуль караюць буйнымі штрафамі і адміністрацыйнымі арыштамі.

Таксама міліцыя жорстка разабралася з удзельнікамі і выпадковымі сьведкамі Дня Волі 25 сакавіка, толькі ў Менску затрымаўшы блізу тысячы чалавек. Пасьля гэтага ўсё больш настойліва загучалі патрабаваньні вярнуць міжнародныя санкцыі ў дачыненьні да ўладаў, якія распачалі новую хвалю рэпрэсіяў.

Ваша меркаваньне

Паказаць камэнтары

XS
SM
MD
LG