Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Аўдытары зь Беларусі зьвярнуліся да Нацбанку: адмаўляюць змову з банкамі


Нацбанк Беларусі, ілюстрацыйнае фота
Нацбанк Беларусі, ілюстрацыйнае фота

Беларускія аўдытарскія кампаніі выказалі абурэньне «інфармацыйным рэзанансам» вакол сваёй дзейнасьці і меркаваньнямі пра магчымую іх змову з банкамі ў лісьце на імя кіраўніка Нацыянальнага банку Паўла Калаўра, разасланым і ў Нацбанк, і ў камэрцыйныя банкі, перадае БелаПАН.

У лісьце гаворыцца, што два месяцы таму Нацбанк зьвярнуўся ў Міністэрства гандлю зь лістом, у якім заявіў пра «стварэньне банкамі на рынку аўдытарскіх паслугаў умоваў, якія вядуць да абмежаваньня канкурэнцыі», пасьля чаго Мінгандлю запатрабавала ў банкаў усю дакумэнтацыю пра закуп аўдытарскіх паслугаў, а ў СМІ зьявіліся паведамленьні пра «расьсьледаваньне змовы».

«Мы лічым падобныя заявы галаслоўнымі, неабгрунтаванымі і такімі, якія наносяць непапраўную шкоду нашай рэпутацыі, роўна як і рэпутацыі ўсёй банкаўскай сыстэмы Рэспублікі Беларусь, а таксама ўводзяць у зман Мінгандлю і грамадзкасьць», — гаворыцца ў калектыўным звароце.

Таксама аўтары ліста зьвяртаюць увагу на тое, што гэта Нацбанк зацьвярджае сьпіс кампаніяў, якія могуць праводзіць аўдыт камэрцыйных банкаў — і Нацбанк жа зьвяртаецца ў Мінгандлю са скаргамі на «абмежаваньне канкурэнцыі». Нацбанку прапануюць зладзіць сустрэчу з усімі арганізацыямі, якія маюць дачыненьне да банкаўскага аўдыту, каб выпрацаваць захады дзеля «мінімізацыі патэнцыйных нэгатыўных наступстваў» цяперашняй сытуацыі.

Толькі палова «вялікай чацьвёркі» падпісала ліст

Ліст падпісалі кіраўнікі беларускіх офісаў кампаніяў BDO, Ernst & Young і KPMG. Дзьве апошнія ўваходзяць у «вялікую чацьвёрку» аўдытарскіх кампаній, якія робяць 99% аўдыту сотні найбуйнейшых кампаній сьвету з рэйтынгу Financial Times. Яшчэ дзьве кампаніі «вялікай чацьвёркі», Deloitte і PwC, таксама маюць офісы ў Беларусі, але ад іх ліста ніхто не падпісваў.

У беларускім офісе Deloitte Свабодзе сказалі, што камэнтаваць ліст ня будуць якраз таму, што яго не падпісвалі, а ў PwC — што пра такі ліст і ня чулі.

Нацбанк не камэнтуе

Начальнік упраўленьня інфармацыі і грамадзкіх сувязяў — прэс-сакратар Нацбанку Аляксандар Цімашэнка ня стаў камэнтаваць карэспандэнту Свабоды ліст аўдытараў да старшыні Нацбанку Паўла Калаўра:

«Я ня бачыў гэтага ліста, таму нічога камэнтаваць не магу».

Таксама Цімашэнка сказаў, што ня мае інфармацыі пра тое, ці атрымаў гэты ліст старшыня Нацбанку.

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG