Лінкі ўнівэрсальнага доступу

«Сёньня гэта неактуальна, вось і ўсё», — ЛДПБ зьняла пытаньне пра сымболіку з парадку дня


Алег і Сяргей Гайдукевічы, архіўнае фота

Лібэральна-дэмакратычная партыя Беларусі заявіла, што здымае з парадку дня нядаўнюю заяву пра наданьне бел-чырвона-беламу сьцягу і гербу «Пагоня» статусу гісторыка-культурнай каштоўнасьці і пра іх свабоднае выкарыстаньне.

«У сваёй заяве мы рабілі акцэнт на культурна-гістарычныя пытаньні, але яго адразу ж палітызавалі, а гэта краіне ня трэба, у нас хапае праблем і выклікаў, таму гэта не актуальна і не прынясе згоды ў грамадзтва!», — гаворыцца ў прэс-рэлізе ЛДПБ, які разьмясьціў на сваім фэйсбуку намесьнік старшыні Лібэральна-дэмакратычнай партыі Алег Гайдукевіч.

Партыя мяркуе, што займацца пытаньнямі сымболікі павінны гісторыкі, культурныя дзеячы, а не палітыкі.

Таксама ЛДПБ лічыць непрымальным, што партыю «паспрабавалі выкарыстаць у сваіх мэтах радыкальныя палітычныя сілы». Аднак ЛДПБ працягне выступаць за тое, «каб абʼяднаць усё лепшае, што было ў дарэвалюцыйнай Беларусі, БССР і цяперашняй незалежнай Беларусі».

«Мы перакананыя, што Беларусь — гэта ня толькі БССР, але і ўся наша гісторыя ад ВКЛ да цяперашняй Беларусі», — гаворыцца ў заяве.

Лідэр ЛДПБ Сяргей Гайдукевіч патлумачыў карэспандэнту Свабоды, чаму партыя нечакана памяняла сваю пазыцыю.

— Пытаньне здымаецца з парадку сёньняшняга дня. Усё, што было заяўлена — зразумела і ясна, што ёсьць гісторыя, якую забываць ня трэба. Але сёньня гэта неактуальна, вось і ўсё. Проста мы ня хочам, каб гэта выкарыстоўвалася іншым манерам, палітычным. Заява ёсьць, але гэта ня сёньняшняга дня рашэньне, а рашэньне будучага, пра якое мы выступілі і сказалі. У партыі ёсьць пазыцыя, і слава Богу, што такая пазыцыя ёсьць і што яна выказана. Тут тысячы тэлефанаваньняў ідуць: што гэта, для нас самая галоўная задача? Мы кажам: «Не», і Алег робіць заяву ў фэйсбуку. Ды супакойцеся вы, для партыі гэта ня самая галоўная задача сёньняшняга дня.

Сузаснавальнік Беларускай хрысьціянскай дэмакратыі Павал Севярынец так пракамэнтаваў карэспандэнту Свабоды заявы кіраўніцтва ЛДПБ пра сымболіку:

«Тут ня ёсьць пытаньне палітычнае, тут гэта пытаньне нейкае тэатральнае. Вось тузанулі за нітачку, заскакала лялька. Тузанулі назад, лялька ўвогуле за заслону паляцела. Таму ўсе гэтыя заявы — вынікі пары эмацыйных размоваў у кулюарах, пары чыноўнікаў і Гайдукевіча, дзейнай асобы. Таму ставіцца да гэтага сурʼёзна абсалютна не выпадае. Калі адным словам, то гэта цырк».

Дырэктар Symbal.by Павал Белавус сказаў, што папулярызацыяй і дзейнасьцю па наданьні сымбалям гісторыка-культурнай каштоўнасьці ЛДПБ не займалася і цяжка верыцца, што магла б займацца.

«Я ня ведаю ніводнай якаснай і цікавай ініцыятывы, якую гэта партыя давяла да канца. І каб мы чулі пра яе добрую, якасную кампанію ці акцыю па папулярызацыі беларускай мовы, культуры, беларускіх сымбаляў, традыцый. Я ведаю, што яны ўвесь час георгіеўскія стужкі раздавалі і цяпер раздаюць. Трэба справай паказаць, на што яны здатныя, а не гаворачы языком спачатку адно, а потым іншае».

Ваша меркаваньне

Паказаць камэнтары

XS
SM
MD
LG