Лінкі ўнівэрсальнага доступу

«ЛДПБ прымае ўсе сымбалі беларускай дзяржаўнасьці», — заява партыі


Лідэр ЛДПБ Сяргей Гайдукевіч, архіўнае фота

Кіраўніцтва Лібэральна-дэмакратычнай партыі Беларусі надрукавала прэс-рэліз, у якім «вымушана яшчэ раз патлумачыць заяву пра неабходнасьць вярнуць беларусам гістарычныя сымбалі» – герб «Пагоня» і бел-чырвона-белы сьцяг.

«ЛДПБ зьяўляецца прыхільнікам цяперашняй сымболікі Рэспублікі Беларусь, — гаворыцца ў паведамленьні. — Беларусы зрабілі свой выбар. І менавіта наша партыя была той палітычнай сілай, якая падтрымала гэты выбар адной зь першых.

Мы заўсёды будзем выступаць супраць спробаў перапісаць гісторыю Вялікай айчыннай вайны, мы ніколі не апраўдаем здраднікаў, паліцаяў і іншых мярзотнікаў, якія прадалі сваю Радзіму. Усе, хто цяпер спрабуе гэта зрабіць, абражаюць памяць нашых дзядоў, бацькоў і прадзедаў.

Мы не ініцыюем зьмену сымбаляў у краіне, паколькі перакананыя: у дадзены час у нас хапае праблемаў, хапае выклікаў. А любыя спробы ўзьняцьця рэлігійных, нацыянальных, гістарычных праблемаў нічога, акрамя расколу ў грамадзтва, ня ўносяць».

Падкрэсьліўшы, што падобныя ініцыятывы «ніколі не стануць часткай партыйнай праграмы», лібэрал-дэмакраты тлумачаць, што мелі на ўвазе, заклікаючы легалізаваць нацыянальную сымболіку:

«Мы сказалі, што бел-чырвона-белы сьцяг і „Пагоня“ — наша гісторыя. У тым ліку гісторыя навейшая, бо гэта былі дзяржаўныя сымбалі нашай краіны ў 1991-1995 гадах. Дрэнна гэта ці добра, але гэта было! Мы сказалі, што для многіх людзей гэтыя сымбалі зьвязаныя з ВКЛ і Рэччу Паспалітай.

Мы сказалі, што гісторыя Беларусі – гэта ня толькі гісторыя БССР, чаму нас 70 гадоў вучылі камуністы. Мы сказалі, што ганарымся сваёй гісторыяй і да 1917 году і пасьля. Мы ганарымся БССР і нашай сувэрэннай Беларусьсю. Мы сказалі, што хай гісторыкі, філёзафы вядуць спрэчкі на гэты конт, а беларусаў дзяліць па гэтых пытаньнях нельга. Наша ініцыятыва накіравана менавіта на гэта.

ЛДПБ заўсёды была пасьлядоўнай, найстарэйшая партыя краіны ніколі не зьмяняла сваіх прынцыпаў і ідэалаў. Мы павінны рабіць так, каб наша краіна заўсёды была адзінай!», – гаворыцца ў прэс-рэлізе ЛДПБ.

13 чэрвеня Цэнтральны камітэт Лібэральна-дэмакратычнай партыі Беларусі выступіў з заявай наконт статусу гістарычнай сымболікі – герба Пагоня» і бел-чырвона-белага сьцяга.

«У 1995 годзе адбыўся рэфэрэндум, на якім людзі выбралі афіцыйныя дзяржаўныя сымбалі Рэспублікі Беларусь. Разам з тым у ЛДПБ упэўненыя: прыйшоў час надаць бел-чырвона-беламу сьцягу і гербу «Пагоня« статус гісторыка-культурнай каштоўнасьці і дазволіць іх свабоднае выкарыстаньне на тэрыторыі Рэспублікі Беларусь», — сказана ў партыйнай рэзалюцыі.

Кіраўніцтва ЛДПБ зазначыла, што, сыходзячы з акрэсьленай пазыцыі, ад гэтага моманту будзе выступаць у абедзьвюх палатах Нацыянальнага сходу, яна ж стане часткай праграмы прэтэндэнта на пасаду ў прэзыдэнты ад ЛДПБ, які будзе вылучаны на зьезьдзе партыі 12 жніўня.

Ваша меркаваньне

Паказаць камэнтары

XS
SM
MD
LG