Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Дзікі лясны кот вярнуўся ў Беларусь праз 90 гадоў пасьля зьнікненьня


Лясны кот, ілюстрацыйнае фота
Лясны кот, ілюстрацыйнае фота

Фотапасткі ў глушы Палескага радыяцыйнага запаведніку зафіксавалі гэтым летам дзікага ляснога ката (Felis silvestris) — апошні раз такога бачылі ў 1927 годзе, піша Wildlife.by.

Здымак з фотапасткі атрымаўся нізкаякасным (ён зроблены а палове 3-й ночы), але дастаткова інфармацыйным, каб навукоўцы маглі пабачыць характэрныя рысы жывёлы: буйны памер (як янотавідны сабака і амаль як ліса), доўгія заднія ступні, шырокі хвост з выразнымі чорнымі палосамі. Украінскія навукоўцы пацьвердзілі здагадкі беларускіх.

Каля 300 гадоў таму папуляцыя лясных катоў у Эўропе пачала рэзка скарачацца, хоць да таго яны былі вельмі шырока распаўсюджаныя. У XX стагодзьдзі ў шэрагу краінаў, у тым ліку ў Беларусі, лічылася, што дзікія каты вымерлі. Апошняга у Беларусі, як меркавалася, забілі ў 1927 годзе ў Барысаўскім раёне, і таго лічылі «госьцем» з поўдня. Ва Ўкраіне дзікія каты заставаліся ў Карпатах, але цяпер від стаў распаўсюджвацца на ўсход, дабраўся да левабярэжжа Дняпра, а магчыма, і да Беларусі.

«Будзем спадзявацца, што гэта не вандроўная адзінкавая асобіна і зьяўленьне яе ў запаведніку не выпадковасьць, – піша на Wildlife.by супрацоўнік НПЦ па біярэсурсах Валер Дамброўскі. – Як не было выпадковасьцю зьяўленьне там жа рысі, мядзьведзя, каня Пржавальскага [Перавальскага] і многіх іншых відаў, якія прайшлі свой шлях ад першай рэгістрацыі ў запаведніку да стварэньня ўстойлівых лякальных груповак».

У Беларусі тым часам наўмысна вынішчаюць дзікоў, масава страляюць ваўкоў, а баброў паспрабавалі нават пускаць на каўбасу. Абаронцы жывёлаў таксама непакояцца наконт рысяў. Затое паступова павялічваецца колькасьць зуброў, аленяў і лосяў, атрымалася адрадзіць папуляцыю эўрапейскай норкі.

Колькі якіх жывёлаў у Беларусі

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG