Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Лукашэнка зьняў з пасады старшыню «лясной» Дзяржаўнай інспэкцыі — там 14 карупцыянэраў і 22 браканьеры


Ілюстрацыйнае фота
Ілюстрацыйнае фота

Аляксандар Лукашэнка пазбавіў пасады старшыню Дзяржаўнай інспэкцыі аховы жывёльнага і расьліннага сьвету Сяргея Новікава і ягонага намесьніка Аляксандра Дуньковіча «за непрыняцьце захадаў для прадухіленьня правапарушэньняў і фактаў карупцыі ў падведамасных арганізацыях».

Валеры Вакульчык, архіўнае фота
Валеры Вакульчык, архіўнае фота

Увечары на дзяржаўным тэлеканале «Беларусь-1» старшыня Камітэту дзяржаўнай бясьпекі Валеры Вакульчык расказаў пра маштабы выяўленай карупцыі ў ведамстве, начальнікам якога быў Сяргей Новік.

«На сёньня пачалі тры крымінальныя справы, у якіх праходзяць 14 службовых асобаў Інспэкцыі аховы жывёльнага і расьліннага сьвету і 22 браканьеры, — казаў Вакульчык. — Зразумела, што гэтыя лічбы не канчатковыя, яны, хутчэй за ўсё, будуць зьмяняцца цягам сьледзтва. Будуць дадзеныя прававыя ацэнкі і ўсім астатнім фігурантам, прынятыя жорсткія захады для навядзеньня парадку ў гэтай сфэры».

Паводле Вакульчыка, шэраг затрыманых ужо прызналі сваю віну, у тым ліку некаторыя прызнавалі, што «развозілі па адрасах здабытыя браканьерскім шляхам аб’екты жывёльнага і расьліннага сьвету».

Чытайце таксама: Старшыня КДБ заявіў аб выяўленьні шпіёна ў Генштабе. І паказаў лыжаролеры

Вакульчык сьцьвярджае, што справа з браканьерамі пачалася пасьля таго, як Аляксандар Лукашэнка выказаў занепакоенасьць пытаньнем «мінулай восеньню». Але Лукашэнка публічна казаў, што трэба «сур’ёзьней разабрацца» з інспэкцыяй аховы жывёльнага і расьліннага сьвету ўсяго тыдзень таму падчас звароту да народу і дэпутатаў.

Лукашэнка 15 лютага звольніў міністра лясной гаспадаркі Міхаіла Амельяновіча, а таксама міністра спорту, за правал у барацьбе з карупцыяй. Новаму «лясному» міністру Віталю Дрожжу, прызначанаму 5 красавіка, ён загадваў «навесьці парадак у лесе, каб за хабар лесьнікі і лясьнічыя не сплаўлялі лес», які затым нібыта «за цэнты трапляе на Захад», а таксама аднаўляць высечаныя лясы. На момант публікацыі Дрожжа адзначыўся на новай пасадзе хіба неадназначнай гісторыяй з выдаленьнем фота ягоных паляўнічых трафэяў — пра захады ж у барацьбе з карупцыяй не паведамлялася.

Адным з апошніх камэнтароў для СМІ звольненага сёньня Дуньковіча на пасадзе быў камэнтар Свабодзе адносна трафэяў Дрожжы.

Камэнтаваць тут можна праз Facebook. Калі вы ў Беларусі, любы камэнтар можа быць падставай для перасьледу з боку ўладаў

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG