Грамадзкая ініцыятыва «Экспэрты ў абарону Курапатаў» накіравалі старшыню Вярхоўнага суду Беларусі Валянціну Сукалу скаргі на адмову Генэральнай пракуратуры назваць вядомыя ёй імёны ахвяраў бальшавіцкіх рэпрэсіяў, пахаваных у Курапатах, піша «Новы час».
Цяперашняя скарга зьвязаная з тым, што суды не задаволілі ранейшыя наглядныя скаргі, зьвязаныя з Купапатамі. У скаргах згадваюцца адмовы, зь якімі зьвязаныя судзьдзя Іван Майсейчык з суду Цэнтральнага раёну Менску, калегія па грамадзянскіх справах Менскага гарадзкога суду і ягоны старшыня Павал Каршуновіч, судзьдзя Аляксандар Кузьміч з суду Фрунзенскага раёну Менску, Менскі райвыканкам і ягоны старшыня Пётра Ярмаш, а таксама Вярхоўны суд Беларусі, які не задаволіў наглядныя скаргі экспэртаў наконт судовых пастановаў па скаргах грамадзянаў на Генэральную пракуратуру, Міністэрства культуры і начальніка ўпраўленьня гэтага міністэрства па ахове гістарычна-культурнай спадчыны і рэстаўрацыі Ігара Чарняўскага.
Раней кіраўнік грамадзкай дырэкцыі Народнага мэмарыялу Курапаты, адзін з кіраўнікоў КХП БНФ Алесь Чахольскі называў імёны судзьдзяў, якія штрафавалі і судзілі абаронцаў Курапатаў.
Тым часам невядомыя ня проста імёны ахвяраў рэпрэсіяў, пахаваных у Курапатах, але нават прыблізная іх колькасьць: ці гаворка пра дзясяткі тысяч, ці пра сотню тысяч, ці пра дзьве з паловай сотні тысяч чалавек.