Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Рада БНР заклікала спыніць будаўніцтва ў Курапатах


Будаўніцтва офіснага цэнтру ля Курапатаў. Зьміцер Дашкевіч спрабуе спыніць будаўнікоў, забраўшыся на трактар. Здымак 24 лютага

Рада Беларускай Народнай Рэспублікі прыняла заяву, у якой выказала занепакоенасьць «чарговым наступам на Курапаты — месца расстрэлаў ахваяраў камуністычных рэпрэсіяў». Будаўніцтва на тэрыторыі ўрочышча Курапаты, на магілах тысячаў нашых землякоў, бязьвінных ахвяраў таталітарнага рэжыму зьяўляецца злачынствам супраць памяці продкаў, супраць Беларусі і беларускага народу, піша Рада БНР.

«У Курапатах з канца 1930-х па 1941 год былі зьнішчаныя дзясяткі тысяч людзей — у іх ліку і некаторыя заснаваньнікі Беларускай Народнай Рэспублікі. Ва ўрочышчы гвалтоўна скончыўся зямны шлях ня толькі прадстаўнікоў беларускай эліты, але і рабочых, сялянаў — і таму гэтае злачынства мае прыкметы генацыду над нацыяй». – адзначае Рада БНР.

«Курапаты — ня толькі месца смутку, але і сымбаль адраджэньня нацыі, бо менавіта іх адкрыцьцё ў канцы 1980-х гадоў абудзіла беларускі народ і ўзьняло яго на барацьбу за аднаўленьне Незалежнасьці.

У 1988 годзе Рада БНР спрычынілася да распаўсюду ў сьвеце інфармацыі адкрывальніка Курапатаў Зянона Пазьняка. Тады вядучыя выданьні сьвету зьмясьцілі публікацыю пра раскопкі пад Менскам, і гэта выявіла перад сьветам сапраўднае, антычалавечае аблічча савецкай улады.

У 2001-2002 гадох Рада БНР падтрымала абаронцаў Курапатаў, якія дамагліся спыненьня будаўніцтва аўтарстрады праз урочышча.

Сёньня, выказваючы падтрымку самаахвярнай беларускай моладзі і яе імкненьню захаваць недатыкальнасьць сьвятога для ўсіх патрыётаў месца, Рада Беларускай Народнай Рэспублікі заклікае спыніць якое-кольвек будаўніцтва ў межах раней вызначанай ахоўнай зоны.

Курапаты маюць агульнанацыянальнае значэньне для Беларусі і павінны быць адным з галоўных мэмарыяльных месцаў у нашай краіне, нароўне з Хатыньню і Малым Трасьцянцом. Будаўніцтва на тэрыторыі ўрочышча Курапаты – на магілах тысячаў нашых землякоў, бязьвінных ахвяраў таталітарнага рэжыму — зьяўляецца злачынствам супраць памяці продкаў, супраць Беларусі і беларускага народу. Ніякімі камэрцыйнымі або іншымі інтарэсамі такое будаўніцтва ня можа быць апраўданае», — гаворыцца ў заяве Рады Беларускай Народнай Рэспублікі.

***

Сёмы дзень працягваецца кругласутачная акцыя салідарнасьці ля ўрочышча Курапаты, месца згубы ахвяраў сталінскіх рэпрэсіяў.

Забудоўнік лічыць, што будаваць на тэрыторыі мэмарыяльнага комплексу законна, бо яна «ўжо не ахоўная тэрыторыя», а абаронцы Курапатаў з гэтым нязгодныя. Адміністрацыя Савецкага раёну Менску тлумачыць, што зямельны ўчастак плошчай 0,32 га быў выдзелены пад будаўніцтва ў выніку аўкцыёну, які прайшоў 26 чэрвеня 2013 году.

Паводле апошняй вэрсіі межаў зонаў аховы Курапатаў, зацьверджанай у 2014 годзе, будоўля-2017 не трапляе ні ў ахоўную зону, ні ў зону рэгуляванай забудовы.

Ці законная будоўля ў Курапатах? Чыноўнікі даказваюць, што так, архітэктар дэманструе, што не

Прадстаўнікі грамадзкай ініцыятывы «Экспэрты ў абарону Курапатаў» ужо некалькі гадоў вядуць суды супраць Генэральнай пракуратуры, Міністэрства культуры і пэрсанальна супраць Ігара Чарняўскага, які ўзначальваў у Міністэрстве дэпартамэнт аховы гістарычна-культурнай спадчыны.

Гэта ня першы раз, калі Курапаты бароняць ад будаўнікоў. Больш за пятнаццаць гадоў таму моладзевыя актывісты выступілі супраць пабудовы кальцавой дарогі праз урочышча Курапаты. Кругласутачнае дзяжурства ва ўрочышчы доўжылася больш за восем месяцаў — ад 24 верасьня 2001 году да 3 чэрвеня 2002 году. Усе гэтыя дні Радыё Свабода штодня асьвятляла падзеі ва ўрочышчы. Вынікам гэтага стала кніга аднаго рэпартажу «Дарога праз Курапаты» (PDF).

Ваша меркаваньне

Паказаць камэнтары

XS
SM
MD
LG