Лінкі ўнівэрсальнага доступу

«Не запрашалі», «Не ўнікалі», «Там хапае сілаў». Чаму палітыкі ігнаруюць пратэсты ў Курапатах?


Абарона Курапатаў. Менск, 22 лютага 2017 году

Свабода спытала беларускіх палітыкаў, чаму іх партыі і рухі застаюцца ў баку канфлікту ля Курапатаў.

Першымі зьвярнулі ўвагу на будаўніцтва ля Курапатаў актывісты КХП-БНФ. Актывісты «Маладога фронту» на чале са Зьмітром Дашкевічам 20 лютага разьбілі імправізаваны лягер на месцы будаўніцтва.

Маладафронтаўцы абвясьцілі вахту абароны Курапатаў:

Актыўны ўдзел у пратэсьце бяруць сустаршыня БХД Павал Севярынец і старшыня БНФ Аляксей Янукевіч. Дзяжурылі ў намётавым лягеры актывісты руху «За свабоду» і Аб’яднанай грамадзянскай партыі. Гатоўнасьць асабіста прыняць удзел у пратэстах выказваў Уладзімер Някляеў.

Але некаторыя палітыкі і палітычныя партыі дагэтуль не адзначыліся ні асабістым удзелам, ні нават заявамі наконт канфлікту ў Курапатах.

Кандыдат на выбарах прэзыдэнта 2010 году Мікола Статкевіч раней прызнаўся, што пакуль «займаецца іншымі справамі».

Дзьмітрыеў: «Там хапае сілаў»

Адзін зь лідэраў «Гавары праўду» Андрэй Дзьмітрыеў кажа, што кампанія гатова далучыцца да абаронцаў Курапатаў, але пакуль ня бачыць у гэтым сэнсу.

Андрэй Дзьмітрыеў
Андрэй Дзьмітрыеў

«„Гавары праўду“, безумоўна, на баку тых, хто разумее, што у Курапатах мусіць быць ня офісны будынак і не казіно з лазьняй, а мэмарыял. Гэта пытаньне беларускай памяці і беларускай годнасьці. Нагадаю, што некалькі гадоў таму, калі паўстала пытаньне з „Бульбаш-холам“, „Гавары праўду“ таксама ўдзельнічала ў абароне Курапатаў. Але цяпер мы бачым, што там хапае сілаў тых, хто гэтую абарону арганізаваў. Таму пакуль проста няма сэнсу ім дапамагаць. Але калі мы будзем бачыць, што нашыя сілы там патрэбныя, то мы падцягнемся», — падкрэсьліў палітык.

Дзьмітрыеў лічыць, што абараняць Курапаты трэба адначасова і праз пратэсты, і праз юрыдычныя захады. «Лепш за ўсё аб’яднаньне абодвух шляхоў. Часам трэба, каб людзі выйшлі на мірны пратэст і візуальна паказалі, што яны супраць. Але такі шлях нікуды не прывядзе, калі ня будзе тых, хто займаецца зборам подпісаў, зваротамі ў дзяржаўныя органы, перамовамі з чыноўнікамі», — мяркуе ён.

Вештард: «Не запрашалі»

Лідэрка Беларускай сацыял-дэмакратычнай партыі («Грамада») Ірына Вештард заявіла, што сацыял-дэмакратам проста не прапаноўвалі далучыцца да абаронцаў Курапатаў.

Ірына Вештард
Ірына Вештард

«На сёньняшні дзень з такой прапановай да нас ніхто не зьвяртаўся. Вось з прапановай абароны правоў дармаедаў зваротаў было шмат, і мы праводзілі вялікую працу, ёсьць намер ісьці на акцыі і 15-га і 25-га. А тут ніякіх зваротаў не было. Але мы звычайна падтрымліваем усе ініцыятывы — сябрам партыі няма ніякая забароны прыняць удзел у той ці іншай ініцыятыве. У гэтую нядзелю ў нас будзе паседжаньне прэзыдыюму партыі, на якім, думаю, і гэтае пытаньне абмяркуем. Сёньня я нават ня ведаю, хто там у аргкамітэце абароны Курапатаў самы галоўны», — сказала Вештард.

Калякін: «Ня ўдзельнічаем»

Старшыня Беларускай партыі левых «Справядлівы сьвет» Сяргей Калякін прызнаўся Свабодзе, што не ўнікаў у праблему будаўніцтва ля Курапатаў.

Сяргей Калякін
Сяргей Калякін

«Мы не ўдзельнічаем у гэтым канфлікце. Мы не падтрымліваем ніводнага з бакоў. Калі сур’ёзна, то мы проста не ўнікалі ў гэтую праблему. Таму я не хачу станавіцца ні на чый бок, ня ведаючы сутнасьці таго, што адбываецца», — кажа ён.

Глядзець камэнтары (13)

Гэтая дыскусія закрытая.
XS
SM
MD
LG