Лінкі ўнівэрсальнага доступу

«Міліцыя павінна знайсьці тых асобаў, якія ўжылі насільле» — прадстаўнік КХП БНФ пра Курапаты


Актывісты КХП-БНФ Алесь Чахольскі (зьлева) і Валер Буйвал. Архіўнае фота

Адказны сакратар управы сойму Кансэрватыўна-хрысьціянскай партыі БНФ Алесь Чахольскі паведаміў Свабодзе, што цяпер сябры партыі разам з актывістамі іншых арганізацый робяць юрыдычныя захады, каб спыніць будаўніцтва каля Курапатаў.

Чахольскі: З кожным днём зьяўляецца усё болей інфармацыі пра людзей і фірмы, якія за гэтым стаяць. Мы робім юрыдычныя захады ў дачыненьні да структураў, які займаюцца карупцыйныім справамі — пракуратуры, Сьледчага камітэту. Асноўная задача — спыніць будаўніцтва. На месцы прысутнічае наша моладзь, і сёньня ўначы нашы хлопцы былі там.

— У намётавым лягеры?

— Я маю поўную інфармацыю, што там адбываецца. У мяне адна просьба да ўсіх удзельнікаў, да людзей, якія ў намётавым гарадку. Я проста прашу на гэтым спыніць піяр. Гэта — змаганьне, а не піяр. Ня трэба прыходзіць туды зь ідэямі, якія пашкодзяць змаганьню. Мы ўжо ўбачылі рэчы, якія не павінны адбывацца.

— Пра якія менавіта ідэі вы гаворыце?

— Напрыклад, адзін чалавек прынёс чатыры сьцягі, хваліцца гэтым, выкладае ў інтэрнэт. Гэта ня тое. Я проста па-чалавечы зьвяртаюся. Гэта — месца змаганьня. Трэба думаць, каб абараніць гэтае месца, але без рэчаў, якія проста шкодзяць, не ператварыць гэта ў тое, пэўныя моманты чаго былі падчас змаганьня 2001-2002 гадоў. Бо там ня ўсё было адназначна ў тым змаганьні. Так пачынаецца і ў гэтым змаганьні, калі сумнеўныя асобы далучаюцца да пэўных дзеяньняў. Такая ў мяне просьба да ўсіх ўдзельнікаў намётавага лягеру.

— А што за сумнеўныя асобы?

— Розныя людзі пабывалі ў гэтым лягеры. Я думаю, што мяне зразумеюць. Я не люблю правакатараў і зьвяртаюся, каб усё было ў межах прыстойнага. Перад тым, як нешта зрабіць, трэба думаць.

— Ці магчыма спыніць будаўніцтва ля Курапатаў?

— Будзем спадзявацца, што мы гэтае будаўніцтва спынім. Ёсьць і юрыдычныя парушэньні. Зьбілі людзей. Улада можа па-рознаму ставіцца да людзей, якія пратэстуюць супраць будаўніцтва, але біць людзей нельга. За гэта трэба адказваць. Міліцыя павінна знайсьці тых асобаў, якія ўжылі насільле. Гэта крымінальная справа, гэта ўціск на людзей, якія там змагаюцца за гонар сваёй краіны.

***

Актывісты Кансэрватыўна-Хрысьціянскай партыі БНФ шмат гадоў апякуюцца Курапатамі, усталёўваюць там крыжы, ладзяць талокі, штогод арганізоўваюць жалобнае шэсьце на Дзяды.

Каля мэмарыяльнага комплексу Курапаты, дзе былі расстраляныя і пахаваныя дзясяткі тысяч ахвяраў сталінскіх рэпрэсіяў, таварыства з абмежаванай адказнасьцю «Белрэканструкцыя» вядзе будаўніцтва офіснага цэнтру. Актывісты ўжо некалькі дзён спрабуюць перашкодзіць будоўлі, адбыўся шэраг канфліктаў і сутычак.

Забудоўнік лічыць, што будаваць на тэрыторыі мэмарыяльнага комплексу законна, бо яна «ўжо не ахоўная тэрыторыя», а абаронцы Курапатаў з гэтым нязгодныя. Адміністрацыя Савецкага раёну Менску тлумачыць, што зямельны ўчастак плошчай 0,32 га быў выдзелены пад будаўніцтва ў выніку аўкцыёну, які прайшоў 26 чэрвеня 2013 году.

Паводле апошняй вэрсіі межаў зонаў аховы Курапатаў, зацьверджанай у 2014 годзе, будоўля-2017 не трапляе ні ў ахоўную зону, ні ў зону рэгуляванай забудовы.

Прадстаўнікі грамадзкай ініцыятывы «Экспэрты ў абарону Курапатаў» ужо некалькі гадоў вядуць суды супраць Генэральнай пракуратуры, Міністэрства культуры і пэрсанальна супраць Ігара Чарняўскага, які ўзначальваў у Міністэрстве дэпартамэнт аховы гістарычна-культурнай спадчыны.

Гэта ня першы раз, калі Курапаты бароняць ад будаўнікоў. Больш за пятнаццаць гадоў таму моладзевыя актывісты выступілі супраць пабудовы кальцавой дарогі праз урочышча Курапаты. Кругласутачнае дзяжурства ва ўрочышчы доўжылася больш за восем месяцаў — ад 24 верасьня 2001 году да 3 чэрвеня 2002 году. Усе гэтыя дні Радыё Свабода штодня асьвятляла падзеі ва ўрочышчы. Вынікам гэтага стала кніга аднаго рэпартажу «Дарога праз Курапаты» (PDF).

  • 16x9 Image

    Ганна Соўсь

    Ганна Соўсь нарадзілася ў Менску. Скончыла факультэт журналістыкі БДУ. Працавала ў незалежнай газэце «Народная воля»(1997-2000). Ад 2000 году працуе на «Свабодзе». Кнігі на «Свабодзе» — «Дарога праз Курапаты» (аўтарка рэпартажаў), «Адзін дзень палітвязьня» (ідэя і ўкладальніца), «Адзін дзень палітвязьня. 2009-2011»(ідэя і ўкладальніца), «Жыцьцё пасьля раку» (аўтарка ідэі і каардынатарка праекту, рэдактарка). Аўтарка праекту «Расея і я», сэрыі інтэрвію з 12 экс-прэзыдэнтамі постсавецкіх кранаў. Сябра БАЖ.

Ваша меркаваньне

Паказаць камэнтары

XS
SM
MD
LG