Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Эстонская кампанія купіла Kvitki.by


Кампанія Baltic Ticket Holdings з Эстоніі — уладальнік балтыйскіх апэратараў продажу квіткоў на імпрэзы і ў кіно Piletilevi, Bilesu Serviss і Bilietai — набыла аднаго з найбуйнейшых беларускіх апэратараў квіткоў Kvitki.by, перадае эстонскі Postimees. Сума ўгоды не называецца.

Цяпер сыстэма продажу квіткоў на беларускім сайце пераведзеная на праграму кампаніі-пакупніка, сэрвэры месьцяцца ў Таліне.

Гэта ўжо трэці ўладальнік беларускіх «Квіткоў», адзначае «Ежедневник». Kvitki.by стварылі з інвэстыцыямі літоўскай групы BLT group Віталіюса Куодыса у 2009 годзе, затым у 2015-м ягоны бізнэс быў прададзены расейскай кампаніі «Кассир», зьвязаную зь піцерскім бізнэсоўцам Яўгенам Фінькельштэйнам (які таксама купіў Bileti.by, што належала Baltic Tickets Holdings).

Kvitki.by цяпер значацца даччынай кампаніяй Baltic Tickets Holdings. Паводле холдынгу, продажы ягонымі кампаніямі складалі 1,5 млн квіткоў на год, а Kvitki.by маюць дадаць яшчэ больш як 1 млн на год (за 2016 год самі Kvitki.by прадалі 1,5 млн квіткоў).

У Беларусі галоўным канкурэнтам «Квіткоў» называюць Ticketpro — кампанію чэскага паходжаньня, якая цяпер належыць амэрыканскаму канглямэрату Ticketmaster. Таксама квіткі на імпрэзы і ў кіно прадаюць у Беларусі Bezkassira.by, Bycard.by, Kassy.by і іншыя.

XS
SM
MD
LG