Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Турэччына дазволіла «Газпрому» збудаваць другую нітку газаправоду ў абыход Украіны


Кіраўнік «Газпрому» Аляксей Мілер

Расейская кампанія «Газпром» заявіла, што атрымала дазвол на будоўлю другой ніткі газаправоду «Турэцкі паток» па дне Чорнага мора ў абыход Украіны.

«Па дыпляматычных каналах „Газпром“ атрымаў дазвол уладаў Турэччыны на будаўніцтва другой ніткі марскога ўчастку газаправоду да ўзьбярэжжа Турэччыны», — гаворыцца ў паведамленьні.

«Цяпер адназначна абедзьве ніткі газаправоду будуць запушчаны ў эксплюатацыю ў тэрмін да канца 2019 году», — заявіў кіраўнік кампаніі «Газпром» Аляксей Мілер.

«Турэцкі паток» будуюць з траўня 2017 і плянуюць скончыць пры канцы 2019 году. Марскі ўчастак дароблены ўжо амаль на 40%. Неўзабаве дабудуюць і берагавое прымыканьне ў Расеі.

«Турэцкі паток» на мапе
«Турэцкі паток» на мапе

Магутнасьць двух нітак газаправоду мае скласьці 15,75 мільярда кубамэтраў кожная. Праект «Турэцкі паток» зьявіўся пасьля правалу ў 2014 годзе іншага падобнага праекту — «Паўднёвага патоку».

Пасьля таго, як Турэччына зьбіла расейскі самалёт Су-24 паблізу турэцка-сырыйскай мяжы, адносіны краінаў рэзка пагоршыліся. Аднак у кастрычніку 2016 году Расея і Турэччына падпісалі пагадненьне пра рэалізацыю «Турэцкага патоку».

Украіна можа аднавіць імпарт газу з Расеі — «цана вельмі прывабная»

Ваша меркаваньне

Паказаць камэнтары

XS
SM
MD
LG