Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Улады КНДР пагражаюць Аўстраліі ядзерным ударам за падтрымку пазыцыі ЗША


Кіраўнік КНДР Кім Чэн Ын (зьлева) разглядае баегалоўку. Архіўнае фота

Улады КНДР пагражаюць Аўстраліі ўжываньнем ядзернай зброі супроць гэтай краіны, калі яна прадоўжыць «сьлепа сьледаваць» палітыцы ЗША, паведамляе The Guardian са спасылкай на Цэнтральнае тэлеграфнае агенства КНДР.

«Калі Аўстралія і далей будзе падтрымліваць ЗША ў спробах ізаляваць і падаўляць КНДР, гэта будзе для яе крокам самагубства ў зону паражэньня ядзерным ударам стратэгічных сілаў КНДР», — цытуе газэта прадстаўніка мінабароны Паўночнай Карэі.

Напярэдадні кіраўніца МЗС Аўстраліі Джулі Бішап назвала ядзерныя амбіцыі КНДР «сур’ёзнай пагрозай для ўсяго сьвету» і заявіла пра магчымасьць новых санкцыяў супраць Пхеньяну.

У красавіку па загадзе прэзыдэнта ЗША Дональда Трапма да берагоў Карэйскага паўвострава накіраваўся цяжкі атамны авіяносец ВМС ЗША Carl Vinson з некалькімі караблямі суправаджэньня. У канцы сакавіка гэтая група караблёў ЗША правяла ва Ўсходне-Кітайскім моры супольныя манэўры з атрадам караблёў Марскіх сілаў самаабароны Японіі. Асноўнай мэтай вучэньняў была адпрацоўка ўзаемадзеяньня баявых караблёў дзьвюх краінаў у складзе адзінай групоўкі.

Раней тэлекампанія NBC паведаміла, што Рада нацыянальнай бясьпекі ЗША прапанавала Трампу магчымыя варыянты процідзеяньня ядзернай пагрозы КНДР.

XS
SM
MD
LG