Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Прарыў кітайскіх навукоўцаў: створаныя першыя клоны прыматаў


© Shutterstock

Упершыню ў сьвеце зьявіліся клоны макак — гэта яшчэ адзін крок да кланаваньня чалавека. Але кітайскія навукоўцы кажуць, што кланаваць чалавека не зьбіраюцца.

Навукоўцы кітайскай Акадэміі навук расказалі ў часопісе Cell аб пасьпяховым кланаваньні макак праз тую ж мэтодыку, з дапамогай якой раней былі створаныя клоны авечкі ды іншых жывёлаў. Як піша Reuters, гэты прарыў «здымае тэхнічны бар’ер і можа адчыніць дзьверы да кланаваньня чалавека».

Кланаваныя макакі-блізьняты, якія зьявіліся на сьвет восем і шэсьць тыдняў таму, атрымалі імёны Чжун Чжун і Хуа Хуа, яны здаровыя і разьвіваюцца гэтак жа, як іхныя суродзічы. Навукоўцы зьбіраюцца кланаваць яшчэ некалькі макак у найбліжэйшы час.

Мэтад кланаваньня, з дапамогай якога яны зьявіліся, называецца пераносам ядра саматычнай клеткі (SCNT). Ён ужываўся ў тым ліку ў 1996 годзе пры кланаваньні авечкі Долі. Раней яго спрабавалі прымяніць да прыматаў, але экспэрымэнты завяршаліся правалам. Але і цяперашнія спробы кітайцаў ня самыя эфэктыўныя: са 127 спробаў былі пасьпяховымі толькі дзьве.

«Прычына, зь якой мы зламалі гэты бар’ер [у кланаваньні прыматаў], гэта стварэньне мадэляў жывёлаў, карысных для мэдыцыны, для здароўя чалавека, — адзначае кітайскі навуковец Мумінг Пу. — У нас няма намеру ўжываць гэты мэтад да людзей».

Як адзначае Reuters, генэтычна ідэнтычныя жывёлы сапраўды карысныя ў дасьледаваньнях, бо праз генэтычную розьніцу ў некланаваных жывёлаў некаторыя экспэрымэнты могуць быць недакладнымі, напрыклад экспэрымэнты зь лекамі для цэлага шэрагу захворваньняў.

Ваша меркаваньне

Паказаць камэнтары

XS
SM
MD
LG