Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Кірыл Руды ў ролі Мікалая Бухарына


Валер Карбалевіч
Валер Карбалевіч

У верасьні 1928 году ў разгар вострага канфлікту ў кіраўніцтве ВКП(б) паміж Сталіным і «правымі» (Бухарын, Рыкаў, Томскі) наконт эканамічнай палітыкі Мікалай Бухарын у галоўным партыйным органе газэце «Правда», дзе ён быў рэдактарам, надрукаваў артыкул «Нататкі эканаміста».

Артыкул быў прысьвечаны крытыцы эканамічных поглядаў Льва Троцкага і ягоных прыхільнікаў. Бухарын рэзка нэгатыўна ацэньваў ідэі трацкістаў, якія патрабавалі адмовы ад НЭПу, заклікалі да фарсіраванай індустрыялізацыі за кошт звышэксплюатацыі сялянства, да ўзмацненьня адміністратыўных мэтадаў кіраваньня гаспадаркай.

Здавалася б, нічога незвычайнага, у 1920-я гады Троцкага і трацкізм крытыкавалі ў партыйнай прэсе пастаянна і шмат. Пікантнасьць сытуацыі была ў тым, што Леў Давыдавіч і ягоныя прыхільнікі ўжо год як былі пазбаўленыя сваіх пасадаў, выключаныя з партыі і накіраваныя ў ссылку. Троцкі быў сасланы ў Алма-Ату і ўжо даўно ня меў ніякага ўплыву на палітыку СССР. Чаму раптам Бухарын вырашыў паквітацца з апальным палітыкам?

Мікалай Бухарын
Мікалай Бухарын

Усё становіцца на сваё месца, калі зразумець, што крытыкуючы Троцкага, Бухарын насамрэч меў на ўвазе Сталіна. Бо да гэтага моманту генсэк і будучы дыктатар, палітычна разграміўшы трацкістскую апазыцыю, узяў на ўзбраеньне яе палітыку і ідэалёгію. Сталін адкінуў НЭП і пачаў праводзіць курс на звышіндустрыялізацыю, гвалтоўную калектывізацыю, фармаваньне камандна-адміністратыўнай сыстэмы. Крытыкаваць Сталіна наўпрост Бухарын ня мог, разумеючы суадносіны сіл. Таму зрабіў гэта завуалявана, схавана. Але ўся палітызаваная публіка, разумеючы палітычны кантэкст, правільна прачытала сапраўдныя сэнс і патас Бухарына.

Гэты сюжэт узгадаўся, калі прачытаў выступ Кірыла Рудага на Кастрычніцкім эканамічным форуме. Даклад называўся «Чаму нам не патрэбныя эканамісты». Бо крытыкуючы эканамістаў, насамрэч былы дарадца прэзыдэнта меў на ўвазе зусім ня іх. Пад гэтым словам завуалявана Руды крытыкаваў кіроўную намэнклятуру, урад, палітычнае кіраўніцтва.

Кірыл Руды
Кірыл Руды

Ну вось, напрыклад, Руды кажа: «Нашы эканамісты „заточаныя“ не на рост эканомікі, а на захаваньне яе структуры. Але калі эканоміка не расьце, не дае дадатковага прадукту, то за кошт чаго яе захоўваць? Адказ вельмі просты: за кошт пазык. Таму сёньня нашы эканамісты — проста прадаўцы дзяржаблігацый». Але прычым тут эканамісты? Гэта ж чыноўнікі, урадоўцы, Лукашэнка імкнуцца захаваць статус-кво, бяруць усё новыя крэдыты.

Ці вось яшчэ: «Калі няма агульнага адчуваньня крызісу, няма і палітычнай волі зь яго выходзіць». Неяк дзіўна ў дачыненьні да эканамістаў ужываць тэрмін «палітычная воля». Гэта закід у бок улады.

Наступны тэзіс: «Эканамісты ўносяць хаос, таму што спрабуюць заняцца не сваёй справай, а менавіта дзяржаўным бізнэсам, і выступіць на баку прапановаў. Замест дырыгаваньня спрабуюць самі граць у аркестры, стараюцца здагадацца, што будзе запатрабавана, зыходзячы з уласнага здаровага глузду, і туды накіраваць бюджэтныя сродкі».

Але ж гэта не эканамісты, а ўрадоўцы спрабуюць заняцца дзяржаўным бізнэсам, разьмяркоўваюць дзяржаўныя сродкі. Менавіта вышэйшыя чыноўнікі выбіраюць «звыклае, камфортнае рашэньне для захаваньня статус-кво».

«Эканаміст на вышэйшай пасадзе мае менш стымулаў вырашаць праблемы бізнэсу, чым сам бізнэс», — кажа Руды«. Хто ж гэта такі, эканаміст на вышэйшай пасадзе? Угадайце з трох разоў.

Што ж трэба рабіць? Руды лічыць, што замест эканамістаў краіне патрэбныя бізнэсоўцы. Але што яны могуць зрабіць, калі, як ён сам сьведчыць, колькасьць адміністратыўных спраў паводле эканамічных артыкулаў за 2015 год вырасла з 9 тысяч да 13 тысяч?

Нам патрэбныя юрысты, каб абараніць бізнэс ад сілавога ціску дзяржавы, кажа Руды. Але, як вядома, супраць лому няма прыёму.

Нам патрэбныя сацыёлягі, каб «раскадаваць» грамадзтва для зьмены мысьленьня, кажа дакладчык. Але ці пад сілу навукоўцам такая задача? Трэба мяняць фармат СМІ? Справядліва, але як гэта зрабіць, калі мэдыямі кіруюць тыя самыя нібыта «эканамісты»?

Здаецца, існуе толькі адзінае выйсьце: памяняць «эканаміста на вышэйшай пасадзе».

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG