Лінкі ўнівэрсальнага доступу

КХП БНФ правядзе асамблею патрыятычных сілаў. Рыгор Кастусёў зьвярнуўся да арганізатараў


Ілюстрацыйнае фота
Ілюстрацыйнае фота

З нагоды 26-й гадавіны незалежнасьці Рэспублікі Беларусь 26 жніўня ў Менскім міжнародным адукацыйным цэнтры імя Яганэса Раў адбудзецца канфэрэнцыя ў фармаце асамблеі патрыятычных сілаў краіны, якую арганізуе Кансэрватыўна-Хрысьціянская партыя — БНФ.

«Тэрміновая ініцыятыва выкліканая пагрозай незалежнасьці Беларусі ў сувязі з расейскімі вайсковымі вучэньнямі „Захад-2017“ на тэрыторыі нашай краіны і неабходнасьцю абмеркаваць лёс і будучыню Радзімы», — напісана на сайце партыі.

Арганізатары запрашаюць узяць удзел у асамблеі прадстаўнікоў усіх беларускіх патрыятычных грамадзкіх, палітычных, культурных арганізацый і ўсіх грамадзян, «якім шчыміць сэрца за Бацькаўшчыну-Беларусь».

Канфэрэнцыя (асамблея) адбудзецца ў залі Міжнароднага адукацыйнага цэнтру імя Яганэса Раў па адрасе: Менск, вуліца газэты «Праўда», 11. Пачатак у 16.00.

Намесьнік старшыні Партыі БНФ Рыгор Кастусёў выступіў са зваротам да арганізатараў Асамблеі патрыятычных сілаў, у якім адзначыў, што пытаньне, якое плянуецца вынесьці на разгляд асамблеі, «закранае сэрцы ўсіх неабыякавых грамадзян»:

«Бо сытуацыя, што склалася ў Беларусі ў сувязі з агрэсіўнымі дзеяньнямі Расеі, увядзеньнем ёй вялікай колькасьці свайго войска і вайсковай тэхнікі на тэрыторыю нашай дзяржавы, патрабуе тэрміновай выпрацоўкі грамадзкай пазыцыі, агульнай канцэпцыі патрыятычных структур».

Палітык заявіў, што перад пагрозай страты незалежнасьці Беларусі нацыянальна-патрыятычным сілам трэба аб’ядноўвацца, пераадольваць існуючыя супярэчнасьці.

Рыгор Кастусёў, архіўнае фота
Рыгор Кастусёў, архіўнае фота

Кастусёў прапанаваў падчас асамблеі прыняць зварот да кіраўніцтва Беларусі і грамадзкасьці, каб правесьці агульнанацыянальную дыктоўку па беларускай мове. Прымеркаваць яе да Дня беларускага пісьменства 3 верасьня ў Полацку, прысьвечанага 500-годзьдзю беларускага кнігадрукаваньня.

Таксама заклікаць усе нацыянальна-патрыятычныя сілы краіны, усіх неабыякавых людзей да арганізацыі і правядзеньня па ўсёй краіне масавых пікетаў супраць вучэньняў «Захад-2017».

Палітык лічыць неабходным, каб удзельнікі асамблеі прынялі заяву супраць правядзеньня на тэрыторыі Беларусі вайсковых вучэньняў Захад-2017. Кастусёў гатовы агучыць гэтыя прапановы на асамблеі.

Старшыня інфармацыйнай камісіі КХП БНФ Валеры Буйвал ня стаў камэнтаваць заяву Кастусёва. Ён сказаў карэспандэнту Свабоды, што ідзе «нармальная падрыхтоўка легальнай акцыі». Да ўдзельнікаў зьвернецца старшыня КХП БНФ Зянон Пазьняк.

Валеры Буйвал, архіўнае фота
Валеры Буйвал, архіўнае фота

«Усё гэта будзе мець сьвяточную афарбоўку. Мы сьвяткуем 26-ю гадавіну аднаўленьня незалежнасьці нашай краіны, павінна панаваць сьветлая, сьвяточная атмасфэра», — сказаў Буйвал.

Якая будзе прынята заява па выніках асамблеі, будуць вырашаць самі ўдзельнікі.

«Гэта сама па сабе дэмакратычная інстытуцыя — асамблея», — сказаў Буйвал.

Заля, у якой пройдзе мерапрыемства, зьмяшчае каля 300 чалавек. Асамблея пачнецца а 16 гадзіне.

«Усіх запрашаем», — дадаў Буйвал.

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG