Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Асамблея патрыятычных сілаў Беларусі пройдзе ў Менску 26 жніўня


Валер Буйвал

26 жніўня а 16 гадзіне ў Менскім міжнародным адукацыйным цэнтры ІВВ пройдзе Асамблея патрыятычных сілаў Беларусі.

Яе склікае Кансэрватыўна-Хрысьціянская партыя БНФ, сказаў карэспандэнту Свабоды старшыня інфармацыйнай камісіі КХП БНФ Валер Буйвал.

Будзем абмяркоўваць сытуацыю, якая склалася ў краіне ў сувязі з агрэсіўнымі дзеяньнямі Расеі, якая ўводзіць вялікую колькасьць свайго войска і вайсковай тэхнікі на тэрыторыю нашай дзяржавы

«Адмыслова дэлегатаў на асамблею не абіралі. Мы зьвяртаемся з заклікам да ўсіх і палітычна заангажаваных людзей, і патрыятычных структур, груп, а таксама патрыётаў Беларусі, няхай усе прыходзяць. Будзем абмяркоўваць сытуацыю, якая склалася ў краіне ў сувязі з агрэсіўнымі дзеяньнямі Расеі, якая ўводзіць вялікую колькасьць свайго войска і вайсковай тэхнікі на тэрыторыю нашай дзяржавы. Людзі павінны гэта абмеркаваць і выпрацаваць грамадзкую пазыцыю. Будуць выступы падчас асамблеі, запрапануем таксама выступіць удзельнікам. Будзе распрацавана агульная канцэпцыя, што рабіць нашаму народу, нашым палітычным элітам у гэтай сытуацыі пранікненьня „зялёных чалавечкаў“ і канкрэтна расейскай арміі на нашу тэрыторыю», — сказаў Валер Буйвал.

7 жніўня КХП БНФ​ зьмясьціла ў сеціве «Прысягу патрыётаў», якую прапануецца прымаць людзям, «гатовым змагацца з акупантамі за волю і незалежнасьць Айчыны».

Ці возьме ўдзел у асамблеі Партыя БНФ? Старшыня партыі Аляксей Янукевіч сказаў карэспандэнту Свабоды, што за тры дні да мерапрыемства даведаўся пра яго праз СМІ.

Аляксей Янукевіч
Аляксей Янукевіч

наагул мы лічым, што важна нацыянальным сілам гуртавацца, аб’ядноўвацца, працаваць разам, пераадольваць супярэчнасьці

«Трохі дзіўны фармат арганізацыі. Таму ў нас ёсьць сумневы, што гэта будзе сапраўды асамблея нацыянальна-дэмакратычных сілаў, нацыянальных сілаў, а ня проста сход прыхільнікаў і сяброў Кансэрватыўна-хрысьціянскай партыі. Таму ёсьць сумневы ў нас, ці варта ў гэтым браць удзел. Мы правядзем кансультацыі зь іншымі калегамі і будзем прымаць нейкае супольнае рашэньне. Але наагул мы лічым, што важна нацыянальным сілам гуртавацца, аб’ядноўвацца, працаваць разам, пераадольваць супярэчнасьці, якія, на жаль, існуюць. Калі заходзіць гаворка пра рэальныя дзеяньні, то мы бачым, што супярэчнасьці зьнікаюць. Чаго нельга сказаць пра нейкія асамблеі, кангрэсы, то бок зальныя сустрэчы, прысьвечаныя больш гаварыльні».

Ваша меркаваньне

Паказаць камэнтары

XS
SM
MD
LG