Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Менскія ўлады: мітынг бяз маршу. Моладзь БНФ: пазбаўляюць канстытуцыйнага права


«Моладзь БНФ». Ілюстрацыйнае фота.
«Моладзь БНФ». Ілюстрацыйнае фота.

Актывісты Моладзі БНФ падалі заяўку ў Менгарвыканкам на правядзеньне сьвяточнага маршу і мітынгу 25 жніўня ў парку Дружбы народаў у гонар наданьня Дэклярацыі аб дзяржаўным сувэрэнітэце статусу канстытуцыйнага закону.

18 жніўня заяўнікаў запрасілі на прыём у выканкам, дзе было агучана рашэньне: дазволіць мітынг, але бяз маршу. Актывісты кажуць, што гутарка зь імі вялася збольшага па-беларуску, а старшыня камісіі нават выказаў згоду з гістарычнай значнасьцю гэтай даты.

Мірны сход — канстытуцыйнае права грамадзянаў выказваць тое, што яны хочуць. Няма гэтага права — няма і свабоды слова. А менавіта яна — галоўны вораг рэжыму

«Але ж гэта на словах, а вось дзеяньні аказаліся абсалютна звычайнымі, — кажуць сябры Моладзі БНФ. — Сабрацца за агароджаным пятаком, куды трапіць можна празь дзясяткі здымачоў і вобшукаў. Гэта называецца бясьпекай грамадзянаў, пад якой улады хаваюць свой непахісны рэпрэсіўны апарат, які толькі зьнешне падае прыкметы свабоды. А насамрэч як намагаліся мінімізаваць магчымасьць сапраўдных мірных сходаў, так робяць і цяпер (пад сапраўднымі мы маем на ўвазе тыя, куды не заганяюць зь дзяржаўнай працы, прафсаюзу ці БРСМ). Мірны сход — канстытуцыйнае права грамадзянаў выказваць тое, што яны хочуць. Няма гэтага права — няма і свабоды слова. А менавіта яна — галоўны вораг рэжыму».

У зьвязку з гэтым Моладзь БНФ падкрэсьлівае, што рэальна ацэньвае свае сілы і адмаўляецца плаціць велізарныя грошы за зьнявагу тых, хто хацеў бы разам адзначыць забытую ўладамі дату — 25 жніўня 1991 году. Дзень, калі Беларусь стала сапраўды вольнай ад савецкай імпэрыі.

«Мы пайшлі на саступкі — падалі заяўку на звыклы для ўладаў маршрут. Не прапаноўвалі марш па праспэкце ці іншай галоўнай вуліцы. Але ўсё роўна атрымалі тое, што і звычайна, толькі загорнутае ў прыгожы пакецік пад назвай „Мы вам пачалі ж дазваляць“. Мы ня будзем ахвяраваць чалавечым гонарам», — кажуць моладзевыя актывісты.

Замест гэтага 25 жніўня сябры руху ўшануюць тых дэпутатаў БНФ, якія ў свой час акрэсьлілі сваё стаўленьне да лёсавызначальных падзеяў і дамагліся прыняцьця дэклярацыі. Таксама будуць раздаваць сьвяточныя стужкі.

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG