Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Каштоўнасьці саступаюць прагматызму


Валер Карбалевіч
Валер Карбалевіч

Эўразьвяз прапанаваў новы варыянт Эўрапейскай палітыкі суседзтва (ЭПС).

Праграма «Ўсходняе партнэрства» — складовая частка гэтай больш шырокай палітыкі адносна краін-суседзяў ЭЗ. Галоўная тэза новага дакумэнта палягае ў тым, што ў адносінах з суседнімі дзяржавамі Эўразьвяз будзе рабіць акцэнт не на каштоўнасьцях, а на прагматычных інтарэсах. У тэксьце ёсьць дзяжурныя тэзы, што Эўрапейскі Зьвяз будзе працягваць палітыку прасоўваньня дэмакратыі і абароны правоў чалавека ў краінах-суседзях.

Але пад уплывам патокаў уцекачоў у Эўропу з Блізкага Ўсходу, пасьля тэракту ў Парыжы, акцэнты зьмяніліся. Асноўным палітычным прыярытэтам абноўленай ЭПС абвешчана стабілізацыя. Знаёмая тэрміналёгія, праўда? Моцны акцэнт будзе рабіцца на ўзмацненьні працы з краінамі-партнэрамі ў сфэры бясьпекі, у асноўным у галіне прадухіленьня канфліктаў, барацьбы з тэрарызмам і палітычным радыкалізмам.

Адзначаецца, што падыход «большае за большае» (чым больш краіна праводзіць рэформаў, тым большую падтрымку ЭЗ яна атрымлівае) працуе не заўсёды. Паколькі ня ўсе партнэры імкнуцца выконваць правілы і стандарты Эўразьвязу, ЭПС мае адлюстроўваць пажаданьні кожнай краіны наконт характару і маштабаў яе партнэрства з Эўрапейскім Зьвязам. Думаю, такі падыход больш задаволіць афіцыйны Менск.

Знамянальна, што менавіта цяпер, 17–18 лістапада, міністар замежных спраў Беларусі Ўладзімер Макей быў зь візытам у Бэрліне «па запрашэньні нямецкага боку». Як заявіў кіраўнік замежнапалітычнага ведамства Нямеччыны Франк-Вальтэр Штайнмаер, «мы абмеркавалі пэрспэктывы збліжэньня Беларусі з ЭЗ. Нармалізацыя адносін — у нашых агульных інтарэсах».

Нямецкі міністар зьвярнуў увагу на тое, што ў Беларусі «адбываецца рух», які дазваляе гэта зрабіць. А амбасадар Нямеччыны ў Беларусі Петэр Дэтмар адзначыў, што, замарозіўшы санкцыі, Эўразьвяз гатовы разьвіваць адносіны зь Беларусьсю «з чыстага аркуша».

Вельмі паказальны візыт у Менск місіі Міжнароднага валютнага фонду (МВФ), якая абмяркоўвала ўмовы выдзяленьня Беларусі новага крэдыту. З ранейшых заяваў афіцыйных прадстаўнікоў фонду вынікала, што Менск можа атрымаць грошы, калі прапануе праграму структурных рэформаў у эканоміцы, якая будзе падтрымана Лукашэнкам, і пачне практычную рэалізацыю гэтых пераўтварэньняў (то бок прадэманструе сур’ёзнасьць сваіх намераў, а не абмяжуецца толькі дэклярацыямі).

Можна меркаваць, што МВФ з палітычных меркаваньняў зьменшыў плянку патрабаваньняў да Беларусі

Некаторыя тэзы праграмы рэформаў агучаныя прадстаўнікамі беларускага ўраду. Рэформы выглядаюць ня вельмі глыбокімі, у іх ліку няма праграмы прыватызацыі. Як Лукашэнка збэсьціў самую ідэю рэформаў у інаўгурацыйнай прамове, шмат казалі і пісалі. (А падвышэньне камунальных тарыфаў цяжка назваць рэформай). Пра пачатак ажыцьцяўленьня запісаных у дакумэнце пераўтварэньняў пакуль гаворкі няма.

Але вось міністар эканомікі Беларусі Ўладзімер Зіноўскі пасьля перамоваў з прадстаўнікамі фонду заявіў:

«Мы практычна выходзім на праграму ўзаемадзеяньня з МВФ. Засталося пачакаць зусім няшмат».

Раней намесьнік старшыні праўленьня Нацыянальнага банку Беларусі Дзьмітры Калечыц адзначыў, што імавернасьць атрымаць новы крэдыт МВФ высокая.

Можна меркаваць, што МВФ з палітычных меркаваньняў зьменшыў плянку патрабаваньняў да Беларусі і гатовы даць грошы, не зважаючы на тое, што беларуская сацыяльная мадэль не паддаецца рэфармаваньню.

Што з усяго гэтага вынікае? І дасюль спадзевы на тое, што палітыка Захаду стане важным чыньнікам перамен у Беларусі, былі ня надта вялікімі. А цяпер, ва ўмовах новай геапалітычнай сытуацыі, на гэта тым больш ня варта разьлічваць. У гэтай сувязі можна чакаць, што праз чатыры месяцы рашэньне ЭЗ пра санкцыі акажацца для афіцыйнага Менску спрыяльным.

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG