Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Пракуратура выявіла карупцыйныя парушэньні ў Менгарвыканкаме


©Shutterstock

Пракуроры запатрабавалі ліквідаваць выяўленыя парушэньні. Ці ёсьць пакараныя, не ўдакладняецца.

Менская пракуратура выявіла, што ў камітэце архітэктуры і горадабудаўніцтва Менску «не заўсёды выконваюць патрабаваньні антыкарупцыйнага заканадаўства».

Гаворыцца пра абмежаваньне добрасумленнай канкурэнцыі ў сфэры дзяржаўных закупак, а таксама пра факты «нерацыянальнага расходаваньня» бюджэтных сродкаў пры распрацоўцы горадабудаўнічых пашпартоў. Паседжаньні камісіі процідзеяньня карупцыі праводзіліся нерэгулярна, пляны камісіі не актуалізоўваліся, падведамасныя арганізацыі «пакінулі без увагі».

Таксама, паводле Генпракуратуры, у асобных супрацоўнікаў камітэту «не былі ўзятыя абавязаньні ў выкананьні абмежаваньняў, прадугледжаных у законе „Аб барацьбе з карупцыяй“». Некаторыя супрацоўнікі і іх блізкія сваякі часам падавалі няпоўныя зьвесткі ў дэклярацыях аб даходах і маёмасьці.

Нядаўна на хабары злавілі галоўнага архітэктара Бабруйску (паводле праваахоўнікаў, прымаў ад кіраўнікоў камэрцыйных структураў «таварна-матэрыяльныя каштоўнасьці»), а менскага камунальніка абвінавацілі ў хабары за сьвятлафоры (за заключэньне дамоваў на пастаўку сьвятлафораў і камплектнага абсталяваньня атрымаў больш за 80 тысяч рублёў).

Ваша меркаваньне

Паказаць камэнтары

XS
SM
MD
LG