Лінкі ўнівэрсальнага доступу

22 верасьня Аляксандар Лукашэнка абмеркаваў з старшынём Камітэту дзяржкантролю Леанідам Анфімавым праект указу «Аб мерах па ўдасканаленьні кантрольнай дзейнасьці». Галоўны сэнс дакумэнту палягае ў тым, каб у кантрольных органаў стала менш магчымасьцяў кашмарыць бізнэс.

Ключавая фраза Лукашэнкі падчас сустрэчы была такая: «Мы абмяркоўвалі, што пяройдзем ад карнага ўхілу нашай кантрольнай дзейнасьці на прафіляктычную працу. Зробім асноўны акцэнт на прафіляктыцы правапарушэньняў, адыдзем ад плянавых праверак — хоць яны ў вас застануцца, плян ёсьць плян».

Заўсёды выклікаў захапленьне незвычайны талент Аляксандра Рыгоравіча ўмяшчаць у адну фразу супярэчлівыя, нават узаемавыключальныя тэзы. Так і тут: адыдзем ад плянавых праверак — хоць яны ў вас застануцца (?!) І вось цікава: як павінны рэагаваць чыноўнікі на такія ўказаньні, як іх выконваць?

Што тычыцца таго, ці зьменіць гэты ўказ радыкальна ролю кантрольных органаў у краіне, то тут ёсьць вялікія сумненьні. Бо гіпэртрафаваная роля кантрольных органаў у Беларусі — неабходны элемэнт створанага ў краіне палітычнага рэжыму і сацыяльнай мадэлі. Сыстэма комплекснага кантролю павінна падтрымліваць працаздольнасьць і жыцьцядзейнасьць усіх дзяржаўных інстытутаў, і перш за ўсё — прымусіць працаваць эканоміку. Бо калі няма эканамічных стымулаў, няма перніка, то патрэбен моцны бізун. Інакш сыстэма працаваць ня будзе.

Лукашэнка фактычна вывеў органы кантролю з падпарадкаваньня мясцовай вэртыкалі і падпарадкаваў наўпрост сабе. Ён ператварыў іх у апорную канструкцыю дзяржаўнага кіраваньня, важны фактар эканамічнага і сацыяльна-палітычнага жыцьця краіны. Значэньне чыноўніка-кантралёра аказалася вышэй за чыноўніка-мэнэджара. У краіне дзейнічае каля паўтара дзясятка структур з кантрольнай функцыяй.

Значэньне чыноўніка-кантралёра аказалася вышэй за чыноўніка-мэнэджара

Аднак гіпэртрафаванае разрастаньне кантрольных органаў прыводзіць зусім не да тых вынікаў, якія меркаваліся.

У сфэры эканомікі ўзмацненьне кантролю над гаспадарчымі суб’ектамі стала сур’ёзным тормазам эканамічнага разьвіцьця, перашкодай станаўленьню рынкавых адносін. Бясконцыя праверкі, якія зьмяняюць адна адну, проста перашкаджаюць людзям працаваць, заганяюць гаспадарчыя адносіны ў ценявы сэктар. І, дарэчы, памочнік прэзыдэнта Кірыл Руды ў дакладзе на канфэрэнцыі ў 2015 годзе адзначыў кантрольныя органы як перашкоду рынкавым рэформам. Былы кіраўнік Менскай вобласьці Сямён Шапіра таксама публічна выступіў супраць засільля сілавікоў і кантралёраў у эканоміцы. Маўляў, немагчыма працаваць.

У рэальнасьці татальны кантроль усё больш становіцца фактарам палітычнай барацьбы, спосабам пошуку кампрамату супраць чыноўнікаў, гаспадарчых кіраўнікоў, бізнэсоўцаў, якія не даспадобы.

Не аднойчы прымаліся прэзыдэнцкія ўказы дзеля скарачэньня колькасьці праверак. Але гэта мала дапамагло

Акрамя таго, колькасны рост кантрольных органаў прывёў да таго, што яны ўжо перашкаджаюць адзін аднаму, і даводзіцца рабіць усё новыя захады, каб неяк упарадкаваць іх працу. Калісьці была створана пры Адміністрацыі прэзыдэнта рада па каардынацыі дзейнасьці гэтых структур. Не аднойчы прымаліся прэзыдэнцкія ўказы дзеля скарачэньня колькасьці праверак. Але гэта мала дапамагло. У чэрвені 2016 году той самы Леанід Анфімаў, далажыўшы Лукашэнку пра падрыхтоўку заканадаўчага акту аб зьмяншэньні ціску на бізнэс кантрольных органаў, заявіў: «Сыстэма будзе прыведзена ў нармальны чалавечы стан. І кантролю, і нагляду ў нашай краіне будзе нададзены чалавечы твар, чалавечае аблічча». І вось больш за год рыхтаваўся гэты праект указу, каб надаць органам кантролю «чалавечае аблічча».

Але калі зьменшыць праверкі, то ўзьнікае натуральнае пытаньне: чым будзе займацца мноства кантрольных органаў? Сядзець бяз працы? Трэба скарачаць іх колькасьць, іх функцыі, таксама колькасьць іх супрацоўнікаў. Бяз гэтага ўсе размовы пра скарачэньне праверак марныя.

Аднак без інстытуту кантралёра патэрналісцкая дзяржава зь вялізным дзяржаўным сэктарам, з ручным кіраваньнем існаваць ня можа. Таму бязь зьмены мадэлі гэтая праблема не вырашальная.

  • 16x9 Image

    Валер Карбалевіч

    Нарадзіўся ў 1955 годзе. Скончыў гістфак БДУ, кандыдат гістарычных навук, дацэнт. Палітычны аглядальнік «Радыё Свабода».

     

     

Ваша меркаваньне

Паказаць камэнтары

XS
SM
MD
LG