Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Зьявіліся чацьвёрты і пяты кандыдаты на старшыню Партыі БНФ


Кандыдаты на старшыню Партыі БНФ Ігар Лялькоў (зьлева) і Алесь Таўстыка
Кандыдаты на старшыню Партыі БНФ Ігар Лялькоў (зьлева) і Алесь Таўстыка

Гісторык Ігар Лялькоў і прадпрымальнік Алесь Таўстыка пацьвердзілі «Свабодзе», што разглядаюць магчымасьць балятавацца на старшыню партыі БНФ. Партыйны зьезд заплянаваны на 30 верасьня.

Лялькоў патлумачыў, што яго вылучыла менская гарадзкая арганізацыя БНФ:

«Самаадводу я пакуль ня браў. Так што на гэты момант я лічу сябе прэтэндэнтам у кандыдаты, — кажа ён. — Пакуль ідуць кансультацыі з маёй камандай. Узгадняюцца пэўныя праграмныя рэчы. Бліжэй да зьезду прымем канчатковае рашэньне, тады пра яго і абвесьцім».

Таўстыка кажа, што ён мае сьпіс людзей, якіх хоча бачыць сваімі намесьнікамі:

«Гэта — філёзаф і палітоляг Уладзімер Падгол. Абавязкова Рыгор Кастусёў. Натуральна, па рэгіёнах ніхто лепш за яго не спрацуе. Бачу сярод намесьнікаў таленавітых юрыстаў. Гэта — Юрась Зяньковіч, які зараз жыве ў Злучаных Штатах. Ён някепска ведае і беларускае, і міжнароднае права. І гэта Юрась Чавусаў. Чаму патрэбны два юрысты? Нам трэба апэратыўна рэагаваць на некаторыя заявы кіраўніка дзяржавы, міністраў. Яшчэ адзін чалавек — Багдан Сакалоў, намесьнік старшыні „Маладога фронту“. Ён крэатыўны хлопец, студэнт. Калі партыя хоча разьвівацца, яна не павінная забывацца на моладзь».

На заўвагу, што Ўладзімер Падгол нібыта сышоў з БНФ, Таўстыка патлумачыў:

«Партыйнага рашэньня аб адлічэньні спадара Падгола з БНФ не было. Так, на пасяджэньні Сойму ён публічна заявіў, што сыходзіць з партыі. Але, наколькі я разумею, гэта была эмацыйная заява. Таму я лічу, што ён застаецца сябрам нашай партыі».

Раней, як ужо паведамляла Свабода, пра свае амбіцыі на кіраўніцтва партыяй заявілі Вольга Дамаскіна, Ільля Дабратвор і Рыгор Кастусёў.

Цяперашні старшыня партыі БНФ Аляксей Янукевіч ня можа балятавацца яшчэ на адзін тэрмін. Адпаведную зьмену ў партыйны статут унесьлі на зьезьдзе ў 2011 годзе.

Аляксей Янукевіч на «Чарнобыльскім шляху», 2017 год
Аляксей Янукевіч на «Чарнобыльскім шляху», 2017 год

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG