Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Без «гастролькі» не прайшло: канцэрт гурту Dzieciuki ў Слоніме забаранілі


Выступ гурту Dzieciuki, які меўся адбыцца 20 траўня ў слонімскім клюбе Dance Floor, забаронены мясцовымі ўладамі — гурт не атрымліваў гастрольнага пасьведчаньня, а безь яго ад 2013 году нельга граць нават у кавярні.

Арганізатары канцэрту не спрачаюцца, што такая забарона законная. Але адзначаюць, што размаўляць з чыноўнікамі, якія паведамілі пра забарону, было цяжка: спачатку ў аддзеле ідэалёгіі прасілі патэлефанаваць праз 20 хвілін, потым адказнага чалавека не было на месцы, урэшце сказалі, што няма гастрольнага пасьведчаньня, а канцэрту не было ў пляне аддзелу — клюб арандуе памяшканьне Дому культуры ў дзяржавы.

Dzieciuki доўгі час не маглі легальна выступаць у Беларусі, бо не маглі атрымаць гастрольнае пасьведчаньне. Тым ня меней «нелегальныя» выступы час ад часу адбываліся, а ў красавіку 2017 году гурт атрымаў пасьведчаньні на выступы ў Віцебску і Горадні.

Паводле неафіцыйных зьвестак, у нефармальных «чорных сьпісах» застаюцца Зьміцер Вайцюшкевіч, Лявон Вольскі, рэпэр Vinsent і Dzieciuki — яны рэгулярна маюць праблемы з дазволам на выступы. Да нядаўняга часу лічылася, што ў «чорных сьпісах» і праекты Сяргея Міхалка, але ў канцы 2016 году яму ўпершыню дазволілі канцэрт у Беларусі, пасьля гэтага гурты Міхалка пачалі актыўна выступаць у розных гарадах краіны.

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG