Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Канапацкая пра візыт у Страсбур: кіраўніцтва Палаты рэкамэндавала, каб у выступах быў пазытыўны мэсыдж


Ганна Канапацкая

Дэпутатка Палаты прадстаўнікоў, сябра Абʼяднанай грамадзянскай партыі Ганна Канапацкая падзялілася ў інтэрвію Свабодзе сваімі ўражаньнямі ад слуханьняў пра сытуацыю ў Беларусі, што прайшлі ўчора ў палітычным камітэце ПАРЭ ў Страсбуры.

Канапацкая адзначыла, што сытуацыя ў Беларусі выклікае жывы інтарэс у эўрапейскіх дэпутатаў.

— Мне здаецца што істотнай зьмены акцэнтаў у стаўленьні да Беларусі няма. Эўрадэпутатаў хвалюе пытаньне аховы правоў і свабодаў у Беларусі, а таксама правядзеньне выбараў, якія б адпавядалі стандартам АБСЭ. Рыгоні вітаў зьяўленьне апазыцыйных дэпутатаў у Палаце прадстаўнікоў і зазначыў, што гэта важны крок у руху Беларусі да Рады Эўропы. Ён сказаў пра неабходнасьць мараторыю на сьмяротнае пакараньне і выказаў спадзеў, што 2017 год стане годам мараторыю.

— Ці былі ў вас нейкія сустрэчы з эўрадэпутатамі па-за межамі слуханьняў?

— У нас было вельмі мала часу, і правесьці нейкія паўнавартасныя кулюарныя сустрэчы не было магчымасьці. Але ў нас была магчымасьць асабіста пазнаёміцца са спадаром Рыгоні і выпіць зь ім кубачак гарбаты. Ён, дарэчы, сказаў, што ўважліва сочыць за маёй дэпутацкай дзейнасьцю.

— Вы наведалі Страсбур у складзе афіцыйнай дэлегацыі. Ці інструктавала вас кіраўніцтва Палаты прадстаўнікоў, што казаць, а што — не?

— Нельга сказаць, каб нас інструктавалі... У нас вельмі добра працуе сакратарыят Палаты прадстаўнікоў: нам раздалі дакумэнт, дзе былі пазначаны тыя тэзісы, якія рэкамэндавалася адлюстраваць у сваім выступе.

— Якія, напрыклад?

— Агульны сэнс — што ў нас усё добра. Напрыклад, паведаміць пра прыняцьце Нацыянальнага пляну па правах чалавека, распавесьці, што робіцца...

— Карацей кажучы, вам рэкамэндавалі зрабіць ваш выступ больш пазытыўным?

— Так, пазытыўны мэсыдж каб быў. Але ўсё разумеюць, што я прадстаўнік апазыцыі, і таму я казала пра выбарчае заканадаўства і неабходнасьць вяртаньня выбараў, якія б адпавядалі стандартам АБСЭ, пра тое, што Беларусь павінна стаць сябрам Рады Эўропы, што сьмяротнае пакараньне павінна быць адменена. Мой выступ адрозьніваўся ад выступу спадара Навумовіча, бо той прадстаўляў афіцыйную пазыцыю ўладаў.

— То бок вы не прыслухаліся да пажаданьняў, якія былі вам дасланыя сакратарыятам Палаты прадстаўнікоў?

— Ну як, нашы пажаданьні ж супадаюць. І дэпутаты Палаты прадстаўнікоў, і апазыцыя лічаць, што Беларусь павінна быць часткай Эўропы. Але альгарытм дзеяньняў у нас розны.

XS
SM
MD
LG