Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Качанава распавяла пра «навацыі» дэкрэта аб дармаедах


Натальля Качанава

Зьмены ў дэкрэт аб дармаедах плянуецца ўнесьці да канца году.

Пра гэта па выніках нарады ў кіраўніка Беларусі Аляксандра Лукашэнкі паведаміла журналістам віцэ-прэмʼер Натальля Качанава.

«Прыняты некаторыя навацыі, якія будуць унесены як папраўкі ў гэты дэкрэт. Перш за ўсё гэта пытаньні, якія тычацца цяжкіх жыцьцёвых сытуацый і наданьня права мясцовым органам улады прымаць рашэньне аб вызваленьні ад збору грамадзян, у якіх склаліся непрадбачаныя жыцьцёвыя сытуацыі», — цытуе БелТА Качанаву.

Віцэ-прэмʼер таксама паведаміла, што пералік грамадзянаў, якія будуць вызваляцца ад выплаты збору, пашырыцца.

Сюды трапяць, напрыклад, тыя, хто праходзіць альтэрнатыўную службу, спартоўцы, якія ўваходзяць у сьпісавы склад нацыянальнай або зборнай каманды Беларусі па тым ці іншым відзе спорту і ня маюць нейкага даходу.

У якасьці выплачанага падаходнага падатку зь фізычных асобаў плянуецца ўлічваць таксама сумы такога падатку, на якія ён быў зьменшаны ў выніку прымяненьня падатковых вылікаў. Напрыклад, калі аказана дзяржаўная сацыяльная падтрымка пры будоўлі жыльля або атрыманьні адукацыі.

Таксама тэрмін выдачы паведамленьняў і выплаты збору за 2015 год будзе перанесены на 20 студзеня і 20 лютага 2017 году адпаведна. Гэта зьвязана з тым, што сфармаваную базу дармаедаў неабходна ўдасканаліць.

Качанава станоўча выказалася пра дэкрэт. Маўляў, людзі пачалі думаць, што трэба прымаць удзел у выдатках, якія нясе сёньня дзяржава: гэта і адукацыя, і ахова здароўя, і праваахоўныя органы.

Віцэ-прэмʼер сказала, што пасьля прыняцьця дэкрэту аб дармаедах адзначаны рост зваротаў па садзейнічаньне ў працаўладкаваньні. Таксама зафіксаваны рост колькасьці зарэгістраваных беспрацоўных.

Пры гэтым на 1 лістапада 2016 году колькасьць вакансіяў у Беларусі на 1,3 тыс. перавысіла колькасьць беспрацоўных.

Цяпер падаткоўцы арганізуюць выплату збору за 2015 год. Грамадзянам ужо накіравана 73 тыс. паведамленьняў, заплацілі збор 9,5 тыс. чалавек на суму 2,8 млн рублёў.

Глядзець камэнтары (2)

Гэтая дыскусія закрытая.
XS
SM
MD
LG