Лінкі ўнівэрсальнага доступу

«Ненавіджу таталітарныя рэжымы», — швэд стварыў арганізацыю салідарнасьці з Украінай і сабраў дапамогі на 300 тысяч эўраў


Аўдзееўка, оптыка перададзеная снайпэрам. Зіма 2017

Ёнас Оман пераехаў у Вільню больш за 10 гадоў таму. Вывучыў літоўскую мову, перакладаў, выдаваў кнігі і здымаў кіно. Але ў 2014 годзе, калі ва Ўкраіне разьвязалі гібрыдную вайну, цалкам зьмяніў сфэру дзейнасьці.

Заснаваўшы няўрадавую арганізацыю «Blue / Yellow», пачаў каардынаваць збор дапамогі для ўкраінскіх ваяроў. І вельмі хутка арганізацыя стала асноўным акумулятарам грамадзянскай падтрымкі Ўкраіны ў Літве. Амаль за тры гады працы суполка перадала вайскоўцам рэчаў на суму каля 300 тысяч эўра. Гэта мэдыкамэнты, бронекамізэлькі, цёплая вопратка і абутак, оптыка і іншае — усё, апроч зброі. У красавіку Ёнас і паплечнікі чарговы раз наведалі зону баявых дзеяньняў, каб асабіста перадаць рэчы вайскоўцам.

Ёнас Оман
Ёнас Оман

— Вы нядаўна вярнуліся з Данбасу. Парушэньні мірных дамоўленасьцяў працягваюцца?

— Так, і бліжэйшым часам нічога ня зьменіцца. Я нават ня слухаю, што там некаторыя палітыкі кажуць.

— Канфлікт цягнецца ўжо тры гады, вастрыня ўспрыняцьця зьнікла. Ці шмат цяпер ахвочых аказваць дапамогу?

— Вядома, на тле Сырыі і іншых сусьветных крызісаў пра вайну ва Ўкраіне гавораць меней. Ёсьць тыя, хто ахвяруе грошы рэгулярна. Мы адчуваем прыток дапамогі пасьля навінаў пра ўсплёск баявых дзеяньняў. У студзені мы ладзілі дабрачынны канцэрт і атрымалі нямала ахвяраваньняў. Гэтыя хвалі значна спрашчаюць нашу працу. Тым больш за час нашай дзейнасьці мы дэталёва арганізавалі дапамогу, што зрабіла яе больш эфэктыўнай.

— Якая геаграфія падтрымкі? Хто найбольш дапамагае?

— Людзі з розных краінаў. У першую чаргу — Літва і літоўцы замежжа, яны забясьпечваюць больш за 80% усіх сродкаў. На мой погляд, літоўцы значна лепш разумеюць, што там адбываецца. Яны адчуваюць пэўны абавязак, бо 25 гадоў таму самі прайшлі праз падобны працэс. Супрацоўнічаем таксама з дыяспарай Украіны ў Эўропе, ЗША і Канадзе.

Ёнас у зоне баявых дзеяньняў. Красавік 2017
Ёнас у зоне баявых дзеяньняў. Красавік 2017

— А расейцы спрыяюць вашай арганізацыі?

— Так, ёсьць такія. У самой Украіне шмат расейцаў з украінскім пашпартам, якія нямала дапамагаюць. Падчас гэтага канфлікту я заўважыў, што самае галоўнае — гэта характар асобы. Будзь то літовец, расеец, украінец ці швэд, усё залежыць ад характару. Ці беларусы, дарэчы. У нас ёсьць сябры-беларусы, якія спрычыняюцца да падтрымкі.

— На баку Ўкраіны таксама ваююць беларускія добраахвотнікі. Ці вы падтрымліваеце іх?

— Так, перадавалі дапамогу і для беларусаў. Вайна на ўкраінскай тэрыторыі — гэта рэгіянальны канфлікт, які закранае ўсе памежныя краіны. Пакуль Расеі дазволена рабіць, што захоча яе кіраўніцтва, спакою нідзе ня будзе. Разьвязка канфлікту ва Ўкраіне шмат у якіх аспэктах вызначыць далейшы лёс рэгіёну, у тым ліку і Беларусі.

«Blue / Yellow» дапамагае і беларускім дабраахвотнікам. Люты 2017
«Blue / Yellow» дапамагае і беларускім дабраахвотнікам. Люты 2017

— Ты швэд, арганізаваў літоўцаў, каб дапамагаць Украіне. Якая твая асабістая матывацыя так старацца на карысьць Усходняй Эўропы?

— Розныя моманты... Самі літоўцы паказалі мне, як трэба паводзіць сябе ў такіх сытуацыях, у 1991-м годзе, калі я студэнтам быў у Літве. Калі я бачыў людзей і іх матывацыю. Можа, я рамантык, але я бачу сапраўдную рэвалюцыю. Без таго самага ня быў бы магчымым і Майдан — выбітная падзея, калі ўвесь народ, уся краіна захацела памяняцца. Перад тым Украіна не прыцягвала маёй увагі. Так, была памаранчавая рэвалюцыя, але яна была несапраўднаю. Бадай, самае галоўнае — гэта дзеяньні Расеі ў Крыме. Пабачыўшы «зялёных чалавечкаў», ФСБ, ГРУ, я адразу зразумеў, што там адбываецца. Гэта быў сыгнал, што Пуцін ідзе ў Эўропу. Гэта таксама значыла, што ён ідзе да мяне. Трэба было нешта рабіць, прычым тут і цяпер. Бо празь пяць гадоў сытуацыя магла б стаць горшай, нашмат больш складанай.

— А чым наагул могуць дапамагчы іншыя краіны, ня ўцягваючыся ў канфлікт?

— Мы езьдзім ва Ўкраіну, бо мы здольныя нечым дапамагчы. Мы ведаем гісторыю. У нас ёсьць панятак свабоды і самастойнай краіны. Мы маем вялікае незадаволеньне ў сувязі зь дзеяньнямі Расеі. Я ненавіджу таталітарныя рэжымы і не магу пасіўна глядзець на сытуацыю. Кажучы па-філязофску, амаль паўсюль ва Ўсходняй Эўропе ёсьць такое глыбокае пачуцьцё, што нічога зьмяніць нельга і ўсё залежыць ад іншых. А я так ня думаю. Я перакананы, што магу нешта памяняць.

— Верагодна, гэта «заходні» падыход.

— Так, канечне. Нас ад самага пачатку вучаць, што ты важны і ты можаш нешта зьмяніць. Таму розьніца адчуваецца нават на ўзроўні выхаваньня. Я ведаю, што такое свабода, бо я ў ёй нарадзіўся. І таму, калі я апынаюся ў несвабодзе, я наўпрост адчуваю яе непрыемны прысмак.

— Ці сочыш ты за падзеямі ў Беларусі?

— Так. Трэба сказаць, што ўвагі да Беларусі цяпер яшчэ меней. Вайна патрабуе вельмі шмат энэргіі. Дык вось у Беларусі сытуацыя іншая.

— У Беларусі пасьля сямі гадоў адноснага зацішша ўзнавіліся пратэсты супраць ураду. Гэтым разам каталізатар — падатак на дармаедзтва. Які патэнцыял ты бачыш у гэтых пратэстах?

— Шчыра кажучы, калі параўноўваць з Украінай і Майданам, зь іх маштабам і воляй, у тым ліку палітычнай, гэта цалкам іншая плянэта. Я цаню зрухі ў Беларусі, эмацыйна іх падтрымліваю, але ў пераменах зацікаўленая вельмі малая частка грамадзтва. Я бываў у Беларусі, пэўны час нават жыў у Баранавічах, і заўважыў, што людзі вельмі апалітычныя, большасьць зь іх. Наагул, разуменьня палітычных працэсаў у людзей няма. Я б нават сказаў, што Беларусь — гэта фэадальная краіна.

— Людзі бяднеюць, а зь беспрацоўных яшчэ патрабуюць сплаціць падатак. На тваю думку, ці магчыма «праз страўнік» усьвядоміць неабходнасьць дэмакратыі?

— Не, я сумняюся, калі шчыра. Канечне, людзі незадаволеныя. Яны могуць патрабаваць скасаваньня падатку. Але каб гэта перарасло ў пратэст супраць усёй цяперашняй сытуацыі — такой магчымасьці я ня бачу.

— То бок Майдан у Беларусі ў бліжэйшай будучыні немагчымы?

— Чаму ва Ўкраіне пачаўся Майдан? Народ не хацеў губляць пэрспэктывы інтэграцыі з Эўразьвязам. Гэта выступіла своеасаблівай правакацыяй, у добрым сэнсе. ЭЗ мог бы прапанаваць і Беларусі збліжэньне, але ўсе цудоўна разумеюць, што гэта трэба рабіць без Лукашэнкі, без залежнасьці ад Расеі. Тады людзі маглі б паразважаць над выбарам. А сёньня асноўная праблема Беларусі — гэта адсутнасьць усялякіх альтэрнатываў. А аднаго расчараваньня і адчаю ня хопіць.

— Альтэрнатывы няма, але ёсьць пагроза сувэрэнітэту. Увосень у Беларусі пройдуць сумесныя вучэньні з Расейскай Фэдэрацыяй «Захад-2017». На тваю думку, ці магчыма, што расейцы возьмуць і пакінуць частку сваіх войскаў на беларускай тэрыторыі?

— Гледзячы на агульную сытуацыю ў рэгіёне — Украіне, Грузіі, Малдове і г.д. — мы павінны зразумець, што Беларусь таксама частка гэтай гульні. Было б няслушна глядзець на гэтыя краіны паасобку. Мяркую, што ў прамым сэнсе Расея не зацікаўленая перахопліваць кантроль над Беларусьсю. З розных прычын гэта было б даволі рызыкоўна. Гэта разумее і Лукашэнка, калі дамаўляецца з Крамлём. У пэўных сытуацыях яны маглі б гэта зрабіць, але верагоднасьць таго, што гэта здарыцца бліжэйшым часам, невялікая. Трэба глядзець глябальна, і такі крок кардынальна зьмяніў бы карціну бясьпекі ва ўсім рэгіёне. Расея проста ня можа сабе гэта дазволіць, зыходзячы з геапалітычнай матэматыкі. Але ў тым, што існуе пэўны плян, я не сумняюся.

— Беларускі КДБ затрымлівае добраахвотнікаў зь беларускім грамадзянствам, якія ваявалі на баку ДНР і ЛНР. Гэтак Лукашэнка выконвае ролю незалежнага гульца?

— І хлопцы, якія змагаюцца на баку Ўкраіны, маюць тыя самыя праблемы. Я мяркую, гэта толькі частка гульні. Тыя людзі, якія ваююць актыўна на баку Расеі, зь імі трэба абыходзіцца строга. Лукашэнка думае, што ён можа гэта рабіць бяз рызыкі. Гэта чарговы сыгнал для Расеі, а мы ведаем, што Менск пастаянна гуляе з Масквой. Я ня стаў бы завастраць увагу на гэтым факце. Сытуацыя можа памяняцца вельмі хутка. Я ўжо доўга жыву ў Літве, у гэтым кантэксьце, і назіраю, як хутка мяняюцца палітычныя кірункі, заявы, ляяльнасьць... Наагул, улада Лукашэнкі — гэта вялізная дывэрсія. Амаль нічога сапраўднага ў ёй няма. Я асабіста перажываю за Беларусь. Як і ва Ўкраіны, у яе агромністы патэнцыял. Разумныя, гасьцінныя людзі. Але, на жаль, для іх не існуе палітычнага мэханізму кіраваньня краінай.

Ваша меркаваньне

Паказаць камэнтары

XS
SM
MD
LG