Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Пад Горадняй ушанавалі памяць галоўнакамандуючага войскам БНР


Сымбалічны помнік дзеячу БНР Андрэю Якубецкаму ў Капцёўцы
Сымбалічны помнік дзеячу БНР Андрэю Якубецкаму ў Капцёўцы

Напярэдадні 97-годзьдзя Слуцкага збройнага чыну гарадзенцы наведалі сымбалічную магілу маёра Беларускай вайсковай камісіі, аднаго з стваральнікаў першага беларускага палку і ўдзельніка Слуцкага паўстаньня Андрэя Якубецкага.

Зьвесткі пра жыцьцё дзеяча БНР і ўдзельніка Слуцкага збройнага чыну Андрэя Якубецкага абрываюцца ў 1944 годзе. Дзе ён памёр і пахаваны, невядома, сказаў гісторык Аляксей Кайрыс карэспандэнту Свабоды. Таму валянтэры са згоды родных Якубецкага паставілі яму мэмарыяльны знак у вёсцы Капцёўка Гарадзенскага раёну, побач з магіламі ягоных бацькі і брата.

«Андрэй Якубецкі нарадзіўся ў суседняй вёсцы Сухмяні. А тут, на могілках у Капцёўцы, ляжаць яго родныя. Ён быў маёрам Беларускай вайсковай камісіі, адным з стваральнікаў першага беларускага палку, а таксама ўдзельнічаў у Слуцкім паўстаньні. Якубецкі прыехаў дапамагчы случакам і не пакінуў іх у самы цяжкі момант — заставаўся зь мясцовымі байцамі да апошняга. Ягоная біяграфія дагэтуль добра ня вывучаная, і нават дата сьмерці пазначаная прыкладна — пасьля 1944 году».

Гісторык Аляксей Кайрыс
Гісторык Аляксей Кайрыс

«Цешыць, што ўдаецца знаходзіць месцы, зьвязаныя зь дзеячамі БНР і ўдзельнікамі Слуцкага збройнага чыну. Кожны беларускі патрыёт цяпер можа прыйсьці сюды, каб ушанаваць аднаго з нашых герояў», — кажа грамадзкі актывіст Дзяніс Івашын.

Ён дадаў, што пра магілы заслужаных беларусаў на Гарадзеншчыне вядома няшмат, шмат якія дагэтуль занядбаныя ці не ідэнтыфікаваныя.

Дзяніс Івашын
Дзяніс Івашын

Андрэй Якубецкі нарадзіўся 5 кастрычніка 1892 году ў вёсцы Сухмяні Гарадзенскага павету. Ваяваў на Першай усясьветнай. У 1919-м быў абраны ў Цэнтральную беларускую раду Віленшчыны і Гарадзеншчыны, стаў намесьнікам старшыні Беларускай вайсковай камісіі.

У 1920 годзе Найвышэйшая Рада БНР абвясьціла яго галоўнакамандуючым Узброенымі сіламі.

У лістападзе 1920-га з групай беларускіх афіцэраў ён прыехаў у Семежава, каб падтрымаць Слуцкі збройны чын. Пасьля паразы паўстаньня працаваў у Вільні.

Ад траўня 1922 году Якубецкі выкладаў у Дзьвінскай беларускай гімназіі. Там, у Латвіі, яго абвінавацілі ў антыўрадавых дзеяньнях, але прысуд быў апраўдальны.

У Другую ўсясьветную вайну Якубецкі кіраваў Дзьвінскім аддзяленьнем Беларускага нацыянальнага абʼяднаньня ў Латвіі. З 1944 году пра ягоны лёс зьвестак няма.

Слуцкі збройны чын ушануюць 25 і 26 лістапада. Што будзе і дзе

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG