Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Як лаялі БНР пры Брэжневу і Андропаву


БНР у савецкія часы была хлопчыкам для біцьця. Да гэтага прыклалі рукі пісьменьнікі, публіцысты, гісторыкі, контрапрапагандысты. Пытаньне: навошта гэта было патрэбна, калі шырокія працоўныя масы маглі нічога ня ведаць пра Беларускую Народную Рэспубліку? Магчыма, таму, што пра яе рэгулярна нагадвала Радыё Свабода, каб беларусы не забываліся на сваю гісторыю.

«Жыла-была Рада БНР»

Адным з адметных аўтараў быў Вацлаў Мацкевіч. Каб свае памфлеты, фэльетоны пра беларускую эміграцыю, пра БНР ён расказваў са сцэны, як артысты «арыгінальнага жанру», не было б сумневу: у чалавека падвешаны язык. Ну, а чаму ў Мацкевіча выходзіла даволі па-хвацку? Месцамі сьмешна, забаўна? Ніякага сакрэту: ён меў поўную свабоду творчасьці, бо ніхто за «нацдэмаў» і «белбурнацаў» не заступіцца. Калі пісаў, меў драйв. А гэта такая рэч, безь якой чытэльнага тэксту ня зробіш.

«Жыла-была Рада БНР», — пачынае, нібы казачку, Мацкевіч свой памфлет «Залатое яечка» (1976). Так, менавіта яму заманулася расказаць гэтым разам штосьці накшталт казкі... Дык што, хіба не было ніякай БНР? Часткова праўда. Не далі быць, не далі стаць на ногі. Але казку з гэтага рабіць? Ператвараць у небыліцу? Аднак Мацкевіч зусім не прымітыўны пісака, наадварот.

«Залатое яечка», якое пачынаецца з Рады БНР, мае ўнутры кульмінацыйную падзею, своеасаблівы «жаўток». Слуцкае паўстаньне. Што робіць зь ім Вацлаў Мацкевіч? Хоча прыменшыць значэньне, ператварыць у балаган.

Партрэты кулацкай контры з абрэзамі ў руках перафарбоўваюцца ў беларускіх герояў
Вацлаў Мацкевіч

Але калі нічога ня выйшла ў Рады БНР, навошта столькі запалу, навошта так упарта выкрываць, калі насельніцтва БССР пра яе існаваньне, хутчэй за ўсё, нават не падазрае? Што праўда, напісана ў Мацкевіча даволі дасьціпна — «мужык-беларус Раду слухаў, а свой розум меў», але ж і зусім не праўдзіва далей — «турнуў ён БНР так, што ад яе і духу не засталося». Ну пры чым тут мужык-беларус? Мясьнікоў, прысланы на бронецягніку з Масквы, хіба «мужык-беларус»? Ды ён слова «Беларусь» не цярпеў, не прызнаваў. Ну, а гэта ўжо дрэнны густ — «партрэты кулацкай контры з абрэзамі ў руках перафарбоўваюцца ў беларускіх герояў».

Аднак рэспэкт аўтару за іншае: знайшоў падставу, каб даць чытачу зьвесткі, якія нідзе больш прачытаць не маглі. Спачатку эміграцыя называла падзеі на Случчыне паўстаньнем, пакепліваў Мацкевіч. Але зь цягам гадоў гэтае слова стала здавацца прэсным, зацёртым. Тады прэзыдэнт БНР Вінцук Жук-Грышкевіч назваў яго «вайной войска БНР супроць бальшавіцкай арміі, таму больш адпаведна называць гэтую падзею збройным чынам БНР». Эміграцыя падхапіла думку. Раз была вайна, значыць, існаваў і фронт. Слуцкі, зразумела, фронт. Падумаўшы, дадалі: а быў яшчэ і фронт генэрала Булак-Балаховіча. Атрымалася даволі эпічнае палатно, іранізаваў аўтар.

Дык вось, жыла-была Рада БНР. Хоць і каротка жыла, але быць — была
Вацлаў Мацкевіч

Але хіба сем дзён збройнага змаганьня — гэта нішто? У самых неспрыяльных, у безнадзейных умовах? Калі шчыра? Ды ў глыбіні душы Мацкевіч і не абвяргаў. I памфлет свой скончыў, сабе пярэчачы: «Дык вось, жыла-была Рада БНР. Хоць і каротка жыла, але быць — была». Дык, значыць, не з разьдзелу паданьняў і легендаў? Ня мроя, не міраж. І ня міт, не мэмуарная казачка. Была яна, хлопцы, была.

«Нацыяналістычная сьметніца»

А раз Рада БНР была напраўду, то пляжыць трэба ў партыйным друку і пад кніжнымі вокладкамі з заўзятасьцю! Іншы прыклад: Уладзімір Бягун. Гэты, не выбіраючы слоў, сек з пляча наконт збройнага паўстаньня ў абарону незалежнасьці БНР (1983):

«Фу ты! Опять двадцать пять. Бандитизм называют историческим событием, мятеж — восстанием, кучку преступников и грабителей — армией. Совсем ум за разум заходит. Но на то и мусорка. Надобно терпеливо искать».

Брашурку Бегуна «Ярмарка предателей» (79 старонак) выдавецтва «Беларусь» выдала накладам 30 тысяч асобнікаў! Рэцэнзэнтам выступіў М.Астаневіч, галоўны рэдактар часопіса «Политинформатор и агитатор».

Скірмунт як адмоўны герой

Леанід Прокша выводзіць на сцэну (1968) у якасьці адмоўнага героя Рамана Скірмунта, аднаго з самых уплывовых палітыкаў часоў БНР. Чытачу апавядаецца, як гэты чалавек некалі захапіў сялянскія сенажаці і не дазваляў лавіць рыбу. Якуб Колас зь сялянамі склалі патрабаваньні, каб Скірмунт вярнуў дазвол. Але той адмовіўся. І абараняць «яснавяльможнага пана» прыехалі казакі.

Можна пра гэта было б і не ўспамінаць, працягвае аўтар, «каб ня тая акалічнасьць, што пасьля рэвалюцыі 1917 году, калі рабочыя і сяляне скінулі цара і рыхтаваліся пазбавіць улады памешчыкаў і капіталістаў, пан Скірмунт раптам стаў шчырым беларусам і захацеў бачыць Беларусь вольнай і... адарванай ад Савецкай Расеі».

Пан Скірмунт раптам стаў шчырым беларусам і захацеў бачыць Беларусь вольнай і... адарванай ад Савецкай Расеі
Леанід Прокша

«...пан Скірмунт раптам стаў шчырым беларусам і захацеў бачыць Беларусь вольнай і... адарванай ад Савецкай Расеі».

У гэтым сказе — квінтэсэнцыя контрапрапаганды, якая напэўна працягвае ўплываць у нашы дня нават на цяперашняга кіраўніка Беларусі, які выказаўся днямі наконт БНР.

Першае: пан ня мае права і ніяк ня можа «стаць» беларусам. Дадатак «шчыры» тут мае падкрэсьліць аўтарскую іронію. Другое: пан, які раптам зрабіўся беларусам, ня можа жадаць, каб Беларусь была вольнай, яму нельга верыць. Трэцяе: жадаць, каб Беларусь стала вольнай — у падтэксьце — наагул злачынства. Бо яна павінна абавязкова быць «неадарванай» ад Расеі. Савецкай Расеі. А значыць, зразумела, — ня быць вольнай.

Раман Скірмунт
Раман Скірмунт

Што праўда, Леанід Прокша робіць шырокі жэст, называючы Рамана Скірмунта «цэнтральнай фігурай у БНР». Але нічога ня піша пра тое, як яго подла забілі ў 1939 годзе. Ні за што. Нават калі да рэвалюцыі перашкаджаў сялянам лавіць рыбу.

І, нарэшце, Прокша прагаворваецца аб прычынах, чаму яму спатрэбілася ўспомніць БНР: Скірмунт быў цэнтральнай фігурай «у той Радзе, якую і цяпер ля мікрафона мюнхэнскай радыёстанцыі „Свабода“ аплакваюць літаратар-бургамістар Станіслаў Станкевіч і яго сябры па супольнай службе ў гестапа і СД».

Навешаць ярлыкі, нічога не сказаўшы пра сутнасьць Беларускай Народнай Рэспублікі, — самы ходкі прыём у руках савецкіх аўтараў.

Галасы супраць БНР

Адным з тых, хто не выбіраў словы, ахвотна пішучы пра эміграцыю і Раду БНР пазьнейшага часу, быў Алесь Бажко. Пры ўсім гэтым ён быў пісьменьнікам і меў пры патрэбе пачуцьцё стылю. «Самазваны прэзыдэнт БНР Мікола Абрамчык» — гэта з тэксту 1960-х. У 1982-м выдавецтва «Беларусь» надрукавала ягоную кніжачку антыэмігранцкіх тэкстаў накладам 15 тысяч, гэта было ўжо другое яе выданьне.

У 1987-м у Менску выйшла кніжка новага дасьледчыка — Інэсы Брадко, адной з мэтаў было чарговы раз «развенчать» БНР. Працытуем:

«Печатные националистические издания изобиловали такога рода заявлениями: „белорусский народ, как и другие народы, поднялся к строительству своего отечества“, „наступили лучшие времена“»...

Наклад кніжкі быў сьціплы для таго часу (1230). Аднак супраць БНР у рэспубліканскім друку ўзьнімалася даволі істотная хваля. Тым самым ЦК КПБ апрыёры прызнаваў, што адукаванай частцы насельніцтва вядома пра Беларускую Народную Рэспубліку. Адначасова ЦК сьпяшаўся прышчапіць астатнім беларусам непрыхільнасьць да самой ідэі абвясьціць незалежнасьць.

Адным з сур’ёзных дасьледчыкаў дзеяў БНР быў Мікалай Сташкевіч. У кніжцы «Непазьбежнае банкруцтва» (1974), між іншым, БССР выглядала выпадковасьцю, контразахадам супраць БНР. У канцы 1918-га адыёзна вядомаму распараджальніку беларускіх лёсаў Мясьнікову прыйшла з Масквы тэлеграма. У ёй гаварылася наступнае — што ЦК РКП(б) «па многіх меркаваньнях, аб якіх гаварыць не даводзіцца, згадзіўся зь беларускімі таварышамі на ўтварэньне Беларускага савецкага ўраду».

Досыць сур’ёзным дасьледчыкам быў таксама Вадзім Круталевіч. У сваёй кнізе «Рождение Белорусской Советской Республики» (1979) ён істотную ўвагу прысьвяціў БНР. Гісторык, між іншым, адзначаў, што «нэгатыўнае стаўленьне да самавызначэньня нацый сярод пэўнай часткі партыйных і савецкіх работнікаў нацыянальных раёнаў у той час было зьявай распаўсюджанай». Аднак зразумела, што і ён даў адмоўную ацэнку спробам Рады БНР стварыць самастойную дзяржаву.

Толькі лянівы, можна сказаць, не «ўбрыкнуў» тады «так званую», як часам пісалі, БНР, за якую ў савецкіх умовах не было каму заступіцца.

Меркаваньні, выказаныя ў блогах, перадаюць погляды саміх аўтараў і не абавязкова адлюстроўваюць пазыцыю рэдакцыі.

Камэнтаваць тут можна праз Facebook. Калі вы ў Беларусі, любы камэнтар можа быць падставай для перасьледу з боку ўладаў

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG