Лінкі ўнівэрсальнага доступу

150 гадоў Ядвігіну Ш. — аднаму з самых неадназначных беларускіх пісьменьнікаў


Ядвігін Ш. 1894 г.

4 студзеня спаўняецца 150 гадоў аднаму з самых неадназначных беларускіх пісьменьнікаў пачатку 20-га стагодзьдзя Ядвігіну Ш. (Антону Лявіцкаму).

У рамане «Золата» ён выказваў досыць радыкальныя думкі: маўляў, той, хто застаецца працаваць на роднай зямлі, асуджаны на вар’яцтва, сьмерць, і паратунак толькі адзін — эміграцыя ў ЗША.

У сваіх вострых іранічных апавяданьнях, нарысах, алегарычных казках і прыпавесьцях Ядвігін Ш. зь нязьменным смутнаглядным пастаянствам пісаў пра тое, што беларусы, на вялікі жаль, яшчэ не заслужылі тую свабоду, пра якую так мараць, і хутчэй дзікія зьвяры ў пушчы створаць сваю незалежную дзяржаву, чым гэты народ[1].

1. Маленькім хлопчыкам удзельнічаў у спэктаклях Дуніна-Марцінкевіча

«Наша вучыцелька /.../ і яе бацькі так умелі падахвочываць нас да навукі, што кожны з нас наперабой браўся да яе. Гэта было ў 1877/78 гг. у фальварку першага беларускага песьняра — Вінцука Дуніна-Марцінкевіча — Люцынцы... Памятаю я і Люцынку, і яе гаспадара: старэнькі ўжо тады быў, але надта добры, вясёлы, жартаўлівы. /.../ Дзіўлюся я цяпер, як мог ён столькі працаваць, калі цалюсенькі дзень у гэтым самым доме дзеці — адны барабанілі на фартап’яне, другія — галасілі над кніжкай, іншыя — дурэлі: музыка, сьмех, гоман, крык, а ніколі, бывала, слова благога ня скажуць ні ён сам, ні яго жонка-старушка, ні дачка — наша вучыцельніца. /.../ На кожны важнейшы, бывала, дзень — нябожчык пісаў для нас усіх — дзяцей якую-колечы камэдыю, мы яе вучыліся, зьяжджаліся госьці, і ішло прадстаўленьне».

Разварот у часопісе «Бярозка», прысьвечаны Ядвігіну Ш. (ліпень 1946 г.)
Разварот у часопісе «Бярозка», прысьвечаны Ядвігіну Ш. (ліпень 1946 г.)

2. З сумам адзначаў, што не атрымаў у сям’і аўтара «Сялянкі» нацыянальнага выхаваньня

«...Вучылі нас там па-расейску, па-польску, па-француску, вучылі розных навук, але ні гісторыі Беларусі, ані нават беларускай мовы мы ня чулі. Мо гэтага нашы бацькі не вымагалі, мо нават не хацелі, але ўсё ж ткі ў дзіцячай памяці /.../, як на мяккім воску, пясьняр беларускі павінен быў сваю пячатку выціснуць. Марцінкевіч гэтага не зрабіў. Мы нават яго твораў ня ўмелі. Калі ж, бывала, прыяжджалі суседзі-госьці, то чулі мы, як толькі зрэдку перакідваліся яны з гаспадаром, быццам жартам, беларускімі слоўцамі, як гэта і цяпер вядзецца паміж дробных памешчыкаў (да каторых прыналежаў і Марцінкевіч), калі хочуць паказаць сваю дружбу, сваё «запанабрацтва»[2].

3. Ядвігін Ш. захапляў сабой Паўліну Мядзёлку, зь якой разам іграў у «Паўлінцы»

«Заўсёды бадзёры, вясёлы настрой прыносіў з сабой Ядвігін Ш. Прыгожы, сярэдніх гадоў мужчына /.../, у саматканай сівой суконнай вопратцы, але значна навейшай, добра сшытай, выглядаў на сярэдняй рукі панка. Забаўляў нас цікавымі навінамі, забаўнымі гісторыямі, сьмешнымі анэкдотамі. /.../ Сьцяпана Крыніцкага іграў Лявіцкі. /.../ Сьцяпан Крыніцкі быў больш тыповым. І ня дзіва: ён добра ведаў быт і характары засьцянковай шляхты»[3].

4. Яго дачка — Ванда Лявіцкая — перажыла любоўную драму праз Максіма Гарэцкага

«Максім Гарэцкі, захоплены прыгожым стылем пісем і паэтычным імем Ванда, завочна закахаўся ў яе. Ванда адказвала ўзаемнасьцю. Пісьмы ляцелі ледзь ня кожны дзень і... раптам замоўк Максім /.../ Занепакоеная Ванда расказала мне /.../, дала прачытаць яго лісты /.../. Я заўважыла, што ў кожным з апошніх лістоў Максім прасіў Ванду прыслаць яму яе фатаграфію /.../. Ванда не вызначалася ні прыгажосьцю, ні ўмельствам акуратна апранацца. Яна ня дбала аб сваім зьнешнім выглядзе. На фота ў поўны рост стаіць дзяўчына ў акулярах, празь якія відаць касыя вочы, непрыгожыя вусны расьцягнуты ў ненатуральную ўсьмешку, на грудзях шырокі бант, канцы якога зьвісаюць да самага долу выцягнутай з бакоў сукенкі, рукі ложаны на жываце. Глянула я на гэта фота і са смуткам падумала: «Вандачка, ты ж разумная дзяўчына. Няўжо сама ня бачыш і не разумееш, чаму Максім перастаў табе пісаць?»[3].

5. Яго першы драматургічны твор забаранілі, і ён ледзьве ня кінуў літаратуру

«У 90-х гадах /.../ беларускі пісьменьнік Ядвігін Ш. напісаў арыгінальную п’есу зь сялянскага быту («Злодзей»), і яе маніліся іграць у Вілейскім павеце, у ваколіцах Радашковіч; але, нягледзячы на тое, што іграць мелі нават мясцовыя паны і што ў творы Ядвігіна Ш. быў прадстаўлены «ідэальны» пан і «нікчэмны» мужык, «нядрэмлючае вока начальства перашкодзіла давясьці гэты праект да канца»[10].

«У 1893 годзе ён напісаў драму „Злодзей“, якую віленскі губэрнатар забараніў паставіць на сцэне толькі затым, што яна была ў беларускай мове. Гэта зьнеахвоціла Лявіцкага настолькі, што ён блізка зусім кінуў пісаць. Але, калі ў 900-х гадох узьняўся шырэйшы беларускі рух, калі пачалі выходзіць беларускія газэты, — Лявіцкі йзноў узяўся за пяро...»[4].

6. Да зьяўленьня беларускіх газэт актыўна выступаў на старонках прэсы за тое, каб сяляне мелі чытаньне на сваёй роднай мове

«Для селяніна-беларуса неабходна стварыць чытаньне, даступнае па форме выкладу і на зразумелай яму гаворцы. / ... / чым была беларуская мова, у сілу якіх абставінаў яна не разьвілася, якая яе будучыня — ня месца казаць у гэтай маленькай нататцы; мы абмяжуемся сьціплым пакуль жаданьнем, каб гэтая беларуская гаворка саслужыла нам службу пасярэдніка паміж намі і сялянамі. Інакш мы адзін аднаго ня хутка зразумеем...»[5].

7. Яго раздражняла, што як беларусы, так і расейцы абыякава ставяцца да сваёй зямлі і зусім ня хочуць яе ведаць, задарма аддаюць чужынцам

«Сьмех сказаць, але мы — хоць з апісаньня — па кніжцы лепш і болей можам ведаць аб такім кавалку зямлі ў Афрыцы ці Аўстраліі, чым, напрыклад, аб Віленскай губэрні. Адна толькі пацеха ёсьць для нас, ды і тая дрэнная: ня мы адны — беларусы — гэтак сьпім у шапку, сьпяць у Расеі ўсе; вось і ня дзіва, што, напрыклад, у Сыбіры адступаюць чы аддаюць загранічным багачам абшары зямлі ў арэнду, як ката ў мяху — за нішто, бо ня ведаюць, якое багацьце выпушчаюць з рук сваіх; а тыя чужынцы, заграбаючы нашы мільёны, з нас жа кпяць»[1].

8. Абураўся, што паляўнічыя вынішчаюць дзічыну ў Налібоцкай пушчы

«...У Налібоках /.../ зьвяр’ё і тое чуць не пад нумарамі; скора, бадай, камароў на гарцы вымераць. /.../ мядзьведзі скончыліся. Ёсьць цяпер яшчэ /.../ шмат /.../ дзікіх коз, дзікіх сьвіней, ёсьць і ласі-недабіткі. Кажу — недабіткі, бо /.../ у 1905 г. некаторыя акалічныя сяляне, зьбіраючыся ў грамадныя банды, мест ісьці дзяліць долю сваіх братоў, што за іх клалі сваё жыцьцё, запушчаліся ў гэтыя лясы адбіраць ні ў чым не павінным зьверам свабоду і жыцьцё. Бедныя ласі таялі дзясяткамі; яшчэ больш умірала іх зраненых па гушчарах. Людзі гэтыя паказалі, што яны не дарасьлі яшчэ да сьвядомасьці аб свабодзе і самі яе ня варты»[1].

Вокладка зборніка апавяданьняў Ядвігіна Ш. «Бярозка». 1912 г. Нацыянальная бібліятэка Беларусі
Вокладка зборніка апавяданьняў Ядвігіна Ш. «Бярозка». 1912 г. Нацыянальная бібліятэка Беларусі

9. Падчас Першай сусьветнай вайны выступаў за тое, каб беларусы адкрылі бясплатную сталоўку для габрэяў

«...І адразу паднялі пытаньне аб арганізацыі сталовак: адной платнай — таннай і другой — бясплатнай. Тут Ядвігін Ш. выступіў з праектам: адчыніць яшчэ адну бясплатную сталоўку для беларускіх жыдоў, лічачы іх элемэнтам, прыхільным да беларусаў, што можа быць з часам карысным. Крыху пратэставалі, бо гэта быў немалы расход, але нарэшце згадзіліся»[6].

10. Зоську Верас дзівіла, што Ядвігін Ш. не хацеў аказваць мэдычную дапамогу бежанцам і ахвярам вайны

«Аб тым, што Ядвігін Ш. працаваў у Радашковічах памочнікам правізара, Вы ведаеце. Мэдыцынскай практыкай ніколі не займаўся, калі не лічыць, што сам лячыў сваю сям’ю — дзяцей і, магчыма, я так думаю, ня раз служыў радай суседзям-сялянам. /.../ А вось у Менску ў працы зь бежанцамі ён неяк ніколі сваёй мэдыцынскай веды скарыстаць не хацеў. Прыходзілася мне самой маленькую помач даваць: ставіць банькі, лячыць раны пакалечаных у дарозе ног...»[7]. Ванда Лявіцкая ўспамінала: «Веды аптэкара прыгадзіліся тату — і нас лячыў сам, і шмат каго зь дзяцей сялян адратаваў у эпідэміі воспы, шкарлятыны...»[8].

Зоська Верас. З мужам Антонам Войцікам. 1926 г.
Зоська Верас. З мужам Антонам Войцікам. 1926 г.

11. З гумарам успамінаў пра сваё зьняволеньне ў царскай турме

Ядвігін Ш. сядзеў пэўны час у Бутырках, але перад гэтым яго ды іншых студэнтаў разьмясьцілі ў Манэжы і зачынілі там. «...сталася нешта саўсім неспадзяванае. Студэнты, як толькі паліцэйскія адышлі на старану, параспаўзьліся, як тыя ракі, па ўсёй будыніне. Трэба ж было, як на тое ліха, набрылі яны недзе ў кутку ажно другога канца манэжа на паскладаныя веласіпеды. Доўга ня думаючы, паўскаківалі на гэтыя машынкі — ды наўзавадкі! Угледзелі паліцэйскія: вочы вылупілі, рукі растапырылі... Што рабіць? Як па закону? /.../ Трудна было б нат выдумаць больш што камічнае, як гэта сцэнка, якой мы былі сьведкамі /.../ студэнты /.../ — як маланкай праляталі паміж паліцэйскіх, а тыя — гналіся ўдагонкі, кідаліся ва ўсе бакі, круціліся ўлукаткі, пёрлі наўскось, ня раз носам каторы грымнуўся, але, усхапіўшыся, зноў дальш часаў»[9].

Вокладка зборніка апавяданьняў «Васількі». 1914 г. Нацыянальная бібліятэка Беларусі
Вокладка зборніка апавяданьняў «Васількі». 1914 г. Нацыянальная бібліятэка Беларусі

12. Менавіта ў Бутырках да яго прыйшла нацыянальная самасьвядомасьць

У турме, каб сябе хоць нечым заняць, студэнты розных нацыянальнасьцяў зладзілі канцэрт. Кожны выступаў на сваёй роднай мове. Ня бралі ўдзелу толькі беларусы, якія ня ведалі, што пяяць. На наступную ноч адзін са студэнтаў пачаў успамінаць усе вядомыя яму беларускія народныя песьні. Хараство мовы захапіла Ядвігіна Ш. Неўзабаве пасьля выхаду з турмы ён пачынае рабіць першыя літаратурныя спробы па-беларуску.

13. Заўсёды строгі Максім Багдановіч лічыў Ядвігіна Ш. роўным па таленце расейскім клясыкам літаратуры

Максім Багдановіч
Максім Багдановіч

«У /.../ пісьме з 14.ХІ.1912 году /.../ паэт піша: «У сваіх характарыстыках найбольш сказаў я аб п. Я.Ш. /.../ зь Ядв. Ш. вырабіўся такі пісьменьнік, што ня можна яго ставіць ніжэй крупных прадстаўнікоў таго ж жанру ў іншых літаратурах: гляньце, напр., на казкі Шчадрына, або гэткія ж апавяданьні Горкага, на байкі Ляманскага, — няўжо ж Ядв. Ш. горшы ад іх?»[10].

14. У адным са сваіх твораў яшчэ ў 1910 годзе прадбачыў Першую ўсясьветную вайну

«Па дарозе даганяю нейкага старца. Разгутарыліся. Відаць, нейкі адстаўны ваяка, бо зара пакіраваў гутарку на палітыку, на вайну. Павэдлуг яго, хаця цяпер вайны і ня чутна, /.../ але ўсе царствы рыхтуюцца да страшэннай бойні. «Немец, — кажа ваяка, — на хвасьце едзе... /.../ Англічанка, вядома, шыбчэй за рыбу ідзе і па вадзе і пад вадой; яна, бач, першая выдумала і пад неба лётаць з войскам... /.../ Пасьля лётаць навучыўся француз, аўстрыяк, а цяпер ужо і немец, падла, ззаду на хвасьце едзе /.../, як той нячысьцік»[1].

Зборнік апавяданьняў, выпушчаны ў сталінскія часы. 1940 г. Нацыянальная бібліятэка Беларусі
Зборнік апавяданьняў, выпушчаны ў сталінскія часы. 1940 г. Нацыянальная бібліятэка Беларусі

15. Яго злавала і абурала, што расейскія прадаўцы газэт радаваліся гібелі свайго войска падчас расейска-японскай вайны

«Наганяю каманду: ці то горкаўскіх басякоў, ці то маскоўскіх залатаротцаў. Яны ўсе і ўсім тыцкаюць нейкія паперкі... накінуліся і на мяне.

— Ці-і-ікавая тэлеграма: разгром расейскага флёту! Узяцьце ў палон расейскіх адміралаў!

/ ... /

Вы сыны той краіны, якой браты вашыя скрываўленыя, са скажонымі ад болю тварамі, гінуць у бездані вод марскіх, гінуць, пасылаючы радзіме, сваёй радзіме, вам — сваім братам, апошняе бывай !! А гэтыя браты? Гэтыя браты зь вясёлымі тварамі заграбаюць барышы, гандлююць ... гандлююць крывёю і ранамі сваіх блізкіх! Ці ёсьць на зямным шары такая краіна, сыны якой так радаваліся б і спяшаліся зь весткамі пра няшчасьце сваёй жа радзімы?!»[11].

Ядвігін Ш. (часопіс «Беларусь», 1946 г., № 7). Нацыянальная бібліятэка Беларусі
Ядвігін Ш. (часопіс «Беларусь», 1946 г., № 7). Нацыянальная бібліятэка Беларусі

16. Лічыў, што моладзь пачатку 20-х гг. дачасна пастарэла

«І калі я ўспамінаю мінулае і прыглядаюся да цяперашняй моладзі, то ў мяне зьяўляецца адно пытаньне: калі яны маглі так хутка пастарэць? Хто так хутка вырваў у іх маладую душу? Хто пазбавіў іх гэтага найдаражэйшага скарбу? Даўней — навука была навукай, і, разумеецца, больш ёй займаліся, чым цяпер; сур’ёзныя заняткі, сходы, нарады, праца ў бібліятэках і інш. ішлі не спыняючыся, аднак заставалася часу, калі маладая, не затручаная яшчэ нічым душа рвалася да шчырай, мо нат часам крыху наіўнай, але чыстай, праўдзівай весялосьці»[9].

Раман Семашкевіч. Партрэт Янкі Купалы. 1932 г.
Раман Семашкевіч. Партрэт Янкі Купалы. 1932 г.

17. Спрачаўся зь Янкам Купалам

Малады паэт, па ўспамінах Ванды Лявіцкай, «прыходзіў да нас браць кнігі. /.../ З татам яны вялі доўгія гутаркі, спорылі, чыталі». Асноўная прычына спрэчак была ў тым, што Янка Купала лічыў: пісаць трэба бяз доўгага перапісваньня, ад якога сьвежасьць твора толькі губляецца. «У таты была такая тэорыя. Ніколі не пасылай да друку тое, што толькі што напісаў. Дай яму „адлежацца“ даўжэйшы час, і тады пачынай яго чытаць. Тут і аднясесься крытычна, убачыш недахопы, выправіш стыль»[12].

Другое выданьне паэмы «Дзед Завала». 1927 г. Нацыянальная бібліятэка Беларусі
Другое выданьне паэмы «Дзед Завала». 1927 г. Нацыянальная бібліятэка Беларусі

18. Яго адзіны вядомы паэтычны твор, паэму «Дзед Завала», ніхто зь вядомых крытыкаў не зразумеў

«Аднак, яшчэ й дасавецкімі часамі мэтад алегарызацыі не заўсёды дасягаў свае мэты, бо дзеля асьцярогі ад расшыфраваньня цэнзураю пісьменьнікі напару занадта зашыфроўвалі свае алегорыі, робячы іх пры гэтым мала прыступнымі й чытачом. Гэтак, пра адзін выпадак алегарызацыі ў Ядвігіна Ш. акадэмік Карскі прызнаецца: «Якую ідэю хацеў выказаць аўтар, мне ня ясна» (Белорусы, т. ІІІ, в. 3, б. 350), а другі расейскі крытык, Клейнбарт, выказваецца больш станоўка: «Ідзе апавяданьне пра арганізацыю зьвяроў, заканьспіраванае, аднак, гэтак, што ня толькі чытачу-мужыку, але й чытачу-каньспіратару зразумець няма магчымасьці (Молодая Белоруссия, б.134)»[13].

У той жа час Якуб Колас называў гэтую паэму, у якой галоўны герой уцякае ў пушчу і толькі там знаходзіць супакаеньне ад людзкога тлуму, сваім любімым творам. Дый сама ідэя пра тое, што хутчэй жывёлы аб’яднаюцца ў ідэальнае, цывілізаванае грамадзтва, чым гэта зробяць беларусы — чытаецца ў паэме досыць выразна.

Шлюбнае фота Ядвігіна Ш.
Шлюбнае фота Ядвігіна Ш.

19. Паўліна Мядзёлка жахнулася ад таго, як дажываў апошні год Ядвігін Ш.

«Які жудасны малюнак паўстаў перад маімі вачыма! Вузкі і цесны пакойчык з бруднымі плямамі вільгаці на сьценах нагадваў турэмную адзіночку. На падлозе сьмецьце. Сабачы холад. /.../ На бруднай, непрыбранай пасьцелі сядзіць чалавек з апухлым тварам, са скалмачанымі, даўно ня стрыжанымі валасамі і барадой. Ногі прыкрытыя старэнькай дзяружкай, з-пад якой зьнізу вызіраюць брудныя ніжнія нагавіцы і ступні ў рваных шкарпэтках. Дрыжачымі рукамі прыкрывае ён голыя грудзі /.../. Мутныя вочы глядзяць з-пад апухлых ніжніх павек. Голас хрыпаты... Няўжо гэта дзядзька Лявіцкі, колішні прыгожы, стройны, заўсёды энэргічны, вясёлы гаварун?

— Чаму вы не патрабуеце печку нацепліць? — пытаю. — Зіма ж на двары!

— А хто будзе дбаць пра гэта, калі каторы ўжо месяц нумар не аплачаны? Добра яшчэ, што да гэтага часу ня выкінулі мяне на вуліцу.

— А як вы корміцеся?

— А ніяк. Пакуль былі грошы, прыносілі абед са сталоўкі, а цяпер калі часам хлопцы прынясуць якісь кавалак хлеба і кусочак каўбасы, дык і добра, а не, дык сваёй сьлінай абыходжуся.

— Чаго ж глядзяць вашы паплечнікі Алексюкі і Скірмунты? Чаму яны не падбаюць аб вас?

У адказ толькі рукой махнуў моўчкі і адвярнуў галаву да акна. Гутарка спынілася»[3].

Памятная шыльда ў гонар пісьменьніка ў Радашкавічах, фота Unomano (CC BY-SA 3.0)
Памятная шыльда ў гонар пісьменьніка ў Радашкавічах, фота Unomano (CC BY-SA 3.0)

20. Антон Луцкевіч лічыў, што Ядвігін Ш. марыў пра «беларускіх паноў» і быў чужы для сялян і рабочых

«Ядвігін Ш., пры ўсім сваім крытыцызьме, ня мог і не хацеў кінуць рукавіцу той клясе, зь якой ён сам выйшаў ды зь якой быў зьвязаны моцнымі нітамі супольных традыцыяў, супольных інтарэсаў, супольнае псыхалёгіі. Лучылі яго з шляхоцкімі сфэрамі і асабістыя сувязі, якія яму не хацелася зрываць. Вось чаму сярод барацьбітоў за адраджэньне й волю беларускіх сялян і работнікаў Ядвігін Ш. пачуваў сябе чужым: ніяк ня мог знайсьці зь імі супольнага языка. Дык і ня мог ісьці зь імі поплеч да канца, ня мог зьліцца зь імі ў вадну сям’ю. А тыя — у свой чарод — ня мелі да яго поўнае веры. Ядвігін Ш. востра перажываў гэткае сваё асаблівае палажэньне ў беларускім руху. Ён мог бы добра чуць сябе адно толькі сярод беларускага панства, калі б такое існавала. І шукаў гэнага панства, і — здавалася — знаходзіў. Але і тут яго сустракала расчараваньне: бо ж шчырасьці беларускае тамака ён не знаходзіў... Дык узьбіўся ўрэшце на нейкае палітычнае бездарожжа, якое і давяло яго пад канец жыцьця да алексюкоўшчыны й балахоўшчыны»[10].

Крыніцы

  1. Ядвігін Ш. Лісты з дарогі / Выбраныя творы. 1976.
  2. Ядвігін Ш. В. Марцінкевіч у практычным жыцьці // Наша Ніва, 1910, 25 лістапада.
  3. Паўліна Мядзёлка. Сьцежкамі жыцьця. 2018.
  4. З прадмовы невядомага аўтара да празаічнага зборніка Ядвігіна Ш. «Бярозка». 1923.
  5. Люди — людьми забытые. / Ядвігін Ш. Выбраныя творы. 1976.
  6. Зоська Верас. Я помню ўсё. 2013.
  7. Зь ліста да Фёдара Ігнатовіча, 17 ліпеня 1978 г. / Зоська Верас. Я помню ўсё. 2013.
  8. Зоська Верас. Я помню ўсё. 2013.
  9. Ядвігін Ш. Успаміны. 1921.
  10. Антон Луцкевіч. Выбраныя творы. 2006.
  11. Путевые заметки друга моего / Ядвігін Ш. Выбраныя творы. 1976.
  12. Біяграфія А. Лявіцкага — Ядвігіна Ш., напісаная яго дачкой Вандай Лявіцкай / Ядвігін Ш. Выбраныя творы. 1976.
  13. Антон Адамовіч. Да гісторыі беларускае літаратуры. 2005.
  • 16x9 Image

    Васіль Дэ Эм

    Васіль Дэ Эм (Васіль Дранько-Майсюк) — драматург, актор, дзіцячы пэдагог, мастак. Нарадзіўся ў мястэчку Давыд-Гарадок. Скончыў Беларускую дзяржаўную акадэмію мастацтваў (рэжысура драмы). 

Камэнтаваць тут можна праз Facebook. Нам таксама можна напісаць на адрас radiosvaboda@gmail.com

XS
SM
MD
LG