Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Ігару Паснову пагражаюць крымінальнай справай «за скажэньне статыстыкі»


Ігар Пасноў
Ігар Пасноў

У віцебскага «лекара-праўдаруба» запатрабавалі пісьмовых тлумачэньняў пра тое, дзе Пасноў узяў статыстычныя зьвесткі наконт узроўню алькагалізацыі насельніцтва Беларусі, згаданыя ў ягоным блогу.

Пісьмовых тлумачэньняў ад імя галоўнага лекара ўстановы аховы здароўя «Віцебскі абласны клінічны цэнтар псыхіятрыі і наркалёгіі» Алены Мартынавай запатрабаваў яе намесьнік, Ігар Сьвіркуноў. Ён выклікаў да сябе Ігара Паснова, які цяпер працуе ў Віцебскім наркалягічным дыспансэры лекарам-нарколягам, загадаў напісаць тлумачальную запіску. І заявіў, што лічбы ў блогерскім допісе на сайце freeregion.info не адпавядаюць сапраўднасьці, апавёў Ігар Пасноў:

«Я патлумачыў, што дадзеныя знайшоў у інтэрнэце, што яны агульнадаступныя — бо з афіцыйных дакладаў, у тым ліку на ўзроўні Міністэрства аховы здароўя. Але Сьвіркуноў заявіў, што яны састарэлыя — за 2011, 2012 і 2013 гады, а цяпер, маўляў, сытуацыя кардынальна павярнулася да лепшага. І што, маўляў, увогуле ўсе дадзеныя няслушныя, бо вялікая колькасьць ужытага ў Беларусі алькаголю тлумачыцца тым, што яго спажылі прыежджыя — прыкладам, наведнікі „Славянскага базару“. А самі беларусы, маўляў, п’юць няшмат. Яшчэ сказаў, што за такое скажэньне зьвестак мае дзеяньні падпадаюць пад крымінальны артыкул. Я ж сказаў, што няхай мне дадуць сьвяжэйшыя зьвесткі, і я іх таксама апублікую ў сваім блогу. А што да крымінальнай адказнасьці за скажэньне статыстыкі, то цэнтры псыхіятрыі і наркалёгіі некалькі год заніжалі заробкі, як выявіла камісія. Усе гэта скажалася, а галоўны ўрач Алена Мартынава як працавала на сваёй пасадзе, так і працуе. І ўжо калі мяне прыцягваць да крымінальнай адказнасьці, то і яе!»

Разважаючы пра наступствы апошніх стасункаў з адміністрацыяй, лекар-нарколяг абласнога псыханэўралягічнага дыспансэру Ігар Пасноў згадвае леташнія падзеі, калі пасьля шэрагу крытычных выступаў у інтэрнэце галоўны ўрач Алена Мартынава ініцыявала зьмяшчэньне яго на прымусовае лекаваньне ў «псыхушку»:

«Спачатку мяне папракалі ў нетактоўнасьці і парушэньні прафэсійнай этыкі, калі я крытыкаваў кепскі стан мэдустановаў вобласьці і дзейнасьць губэрнатара Аляксандра Косінца. Потым мне пачалі адкрыта пагражаць — у тым ліку і зьмяшчэньнем на прымусовае псыхіятрычнае лекаваньне. Урэшце так і сталася: мяне забралі проста з працы ў псыхіятрычнае аддзяленьне нашага ж цэнтру, і суд Віцебскага раёну пастанавіў, што мяне трэба прымусова лекаваць. Мне не дазволілі ні самому прысутнічаць на працэсе, ні прыслаць свайго адваката, а потым і ўвогуле абмежавалі стасункі з навакольным сьветам — забаранілі тэлефанаваць і прымаць наведнікаў... Урэшце паставілі дыягназ „параноіднае разладжаньне асобы з устойлівымі квэрулянцкімі тэндэнцыямі“ — маўляў, я заўжды незадаволены і патрабую для сябе нейкіх выгодаў ці асаблівага стаўленьня. Але незалежная экспэртыза адмыслоўцаў з грамадзкай арганізацыі „Незалежная псыхіятрычная асацыяцыя Расеі“ дыягназ беларускіх калегаў абвяргае. Там ня ўбачылі хваравітых адхіленьняў у тым, што чалавек змагаецца супраць недахопаў — для сябе ж асабіста я не патрабую нічога... І зрабілі выснову, што мой стан не вымагаў прымусовага лекаваньня і ізаляцыі. Ці ня зробяць мае калегі наступнай спробы на мяне націснуць — ня ведаю, але выключаць не магу».

Ігар Пасноў спрабаваў аспрэчыць рашэньне суду Віцебскага раёну, які санкцыянаваў для яго прымусовае псыхіятрычнае лячэньне. Прайшоў усе беларускія судовыя інстанцыі, але беспасьпяхова. Таму зьвярнуўся ў Камітэт правоў чалавека ААН з заявай пра парушэньне правоў, і там ягоны зварот быў зарэгістраваны.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG