Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Ігар Гузь: На баку Ўкраіны ваявалі некалькі сотняў беларусаў


Ігар Гузь
Ігар Гузь

Паводле дадзеных народнага дэпутата Ўкраіны Ігара Гузя, на баку Ўкраіны ў ваенных дзеяньнях на Данбасе прымалі ўдзел некалькі сотняў беларускіх грамадзян.

«Калі ўзяць усе два гады фактычна ваенных дзеяньняў, то я думаю, што зь Беларусі было некалькі сотняў, якія ваявалі на нашым баку. Але былі ня толькі грамадзяне Беларусі, але былі і этнічныя беларусы — некалькі дзясяткаў, а можа, сотні, якія жылі ва Ўкраіне — я такіх ведаю шмат. Яны — грамадзяне Украіны, але па этнічным паходжаньні — беларусы. Таму я думаю, груба, хоць я ня маю такой статыстыкі — гэта некалькі сотняў», — кажа ён.

«У нас не ідзе „грамадзянская вайна“, у нас ідзе інтэрвэнцыя, фактычна, Расейскай Фэдэрацыі, агрэсія. І беларусы сталі — і шмат загінула, і былі параненыя — за інтарэсы іншай дзяржавы. Але яны разумеюць, што калі б агрэсія пайшла далей, калі б мы яе не спынілі на Данбасе, гэта б тычылася і Беларусі», — мяркуе народны дэпутат.

Камэнтуючы затрыманьне ў Віцебску беларускага байца «Азова» Станіслава Ганчарова, які не хавае сваіх нэанацысцкіх поглядаў, Гузь выказаў думку, што такіх неадназначных асоб сярод беларускіх добраахвотнікаў ва Ўкраіне няшмат.

«Можа, там нейкая невялікая частка, але большая частка — беларускія патрыёты, людзі, якія маюць патрыятычныя, нацыяналістычныя перакананьні без нацысцкіх праяў. Але ёсьць розныя людзі. Разумееце. Гэта была вайна. Калі ёсьць добраахвотнік, які гатовы са зброяй у руках абараняць украінскую дзяржаву, ніхто ня будзе глядзець, якія ў цябе татуіроўкі, якія ў цябе ідэалягічна глыбокія погляды. Таму тут усё можна сьпісаць на такія рэчы», — кажа ён.

Цалкам інтэрвію Ігара Гузя можна прачытаць на сайце ўкраінскай службы Радыё Свабода.

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG