Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Баец украінскага дабрабату «Азоў» Ганчароў — герой ці злачынца?


Станіслаў Ганчароў, беларускі баец украінскага батальёну "Азоў" з пазыўным “Беларус”. Боєць «Азору» Станіслав Гончаров (позивний «Білорус») (Tags: неонацизм / нацизм)
Станіслаў Ганчароў, беларускі баец украінскага батальёну "Азоў" з пазыўным “Беларус”. Боєць «Азору» Станіслав Гончаров (позивний «Білорус») (Tags: неонацизм / нацизм)

Чаму ўлады актыўна пачалі раскручваць справы беларускіх добраахвотнікаў, якія ваявалі на ўкраінскім баку ў Данбасе?

Дракахруст: Беларускія праваахоўныя органы затрымалі Станіслава Ганчарова, жыхара Віцебску, байца добраахвотніцкага ўкраінскага батальёну «Азоў», які ваяваў у Данбасе. Яго абвінавачваюць у зьдзеках з падлеткаў, якіх ён некалькі гадоў таму прымушаў рабіць нацысцкае вітаньне, так званыя «зігі». Як высьветлілася, Ганчароў мае выразныя нацысцкія погляды — пра гэта сьведчыць і зьмест ягонай старонкі ў сацыяльнай сетцы, і татуіроўкі на ягоным целе.

Справа Ганчарова — другая гучная справа ўдзельніка баявых дзеяньняў у Данбасе на ўкраінскім баку. Першая — працэс Тараса Аватарава, які працягваецца ў Фрунзенскім судзе Менску.

У выбары спраў назіраецца добры палітычны разьлік, скіраваны на дыскрэдытацыю беларусаў — удзельнікаў украінскіх добрабатаў. Адзін — Аватараў — прывёз у Беларусь зброю, другі — Ганчароў — нацыст па перакананьнях, які гвалтам навязваў сваю ідэалёгію падлеткам.

Яны там усе такія — такое зашыфраванае пасланьне ўтрымліваюць абедзьве справы.

Варта сказаць, што частка карыстальнікаў Байнэту заглынулі гэтую нажыўку. Яны пачалі абараняць Ганчарова, тлумачыць, што нацысцкія сымбалі, дый перакананьні, — гэта такая бяскрыўдная юнацкая гульня, галоўнае, што чалавек са зброяй у руках абараняў сьвятую справу.

Калі казаць зьмястоўна, то варта адзначыць, што ў сьвеце стаўленьне да гэтых сымбалічных гульняў не такое філязофскае. У Нямеччыне можна і ў турму загрымець за такую бяскрыўднасьць, у той жа Ўкраіне нацысцкая сымболіка забароненая нароўні з савецкай.

Калі некалькі гадоў таму брытанскі спадкаемца трону прынц Гары прыйшоў на вячэру ў нацысцкім строі, дык у Англіі ўзьнялася хваля абурэньня, і прынц папрасіў прабачэньня.

Тым больш дзіка талеранцыя да ўжываньня падобных сымбаляў выглядае ў Беларусі зь яе жахлівым досьведам Другой сусьветнай.

Зразумела, для пэўнай часткі грамадзтва працуе лёгіка — «нашых б’юць». А нашы, маўляў, заўсёды маюць рацыю.

Па-першае, не заўсёды. Па-другое, калі разважаць з палітычнага пункту гледжаньня, адэпты падобных поглядаў, самадзейныя адвакаты Ганчарова выконваюць менавіта тую ролю, якая прызначаная ім сцэнарыстамі гэтай справы. Сцэнарыстам трэба даказаць, што яны ўсе там такія — і ў Данбасе, хто ваюе на ўкраінскім баку, і ў Беларусі, хто іх падтрымлівае. Нацысты падтрымліваюць нацыстаў, свае — сваіх.

Зразумела, людзі могуць мець любыя погляды, Байнэт — зона свабоды. Але мне здаецца, што дэмакратычным арганізацыям варта было б дыстанцыявацца ад Ганчарова, прынамсі ня даць уладам магчымасьці начапіць на сябе эсэсаўскія руны, якія набіваў на сваім целе беларускі баец «Азову».

Карбалевіч: Беларускія ўлады сёньня найбольш перасьледуюць тых, хто ваяваў на баку Ўкраіны. А на баку ДНР і ЛНР ваявала больш беларусаў, па інфармацыі саміх уладных структураў. Чаму менавіта так? Думаю, гэта сьвядомая палітыка. Улада хоча зьвязаць гэтых людзей з нацыстамі, нацыяналістамі, і тут іх ужо лёгка атаясамліваць зь беларускай апазыцыяй. А перасьлед тых, хто ваяваў на баку ДНР і ЛНР, можа выклікаць пэўныя канфлікты і непаразуменьні з Расеяй.

Што тычыцца пастаўленага пытаньня, трэба глядзець на палітычны кантэкст, каб зразумець яго палітычную сутнасьць. Справа ў тым, што ў расейскіх мэдыях з пачаткам украінскага крызісу вельмі моцна і даволі цьвёрда сталі атаясамліваць нацыяналізм з фашызмам. То бок паміж імі пастаўлены знак роўнасьці. І таму любыя нацыянальныя рухі ва Ўкраіне, ну і, мусіць, ва ўсёй постсавецкай прасторы, моцна атаясамліваюцца з фашызмам.

Такую прапагандысцкую лінію доўгі час праводзілі і беларускія ўлады — у 90-я гады, калі адбываліся найбольш жорсткія палітычныя канфлікты, калі трэба было дыскрэдытаваць Беларускі Народны Фронт. І такія агіткі, якія ішлі па дзяржаўных тэлеканалах, ставілі такім чынам кляймо. Мы памятаем, што на нацыянальныя сымбалі — і на Пагоню, і на бел-чырвона-белы сьцяг — ставілі кляймо, што гэта фашысцкія сымбалі.

Вось у такім кантэксьце адбываюцца гэтыя працэсы. Беларускія ўлады актыўна спрабуюць паказваць тыя палітычныя сілы, якія выступаюць з нацыянальных пазыцыяў ва Ўкраіне, як фашысцкія. Узгадаем, які вэрхал на беларускіх тэлеканалах узьняўся, калі ў мінулым годзе Малады Фронт выйшаў на адну з акцыяў з партрэтамі Бандэры і Шухевіча. І таму цяперашні судовы перасьлед — гэта працяг мінулай лініі.

Цыганкоў: Я ня згодны, што беларускія апазыцыйныя сілы павінны хутка прыняць нейкую заяву, адгарадзіцца ад Ганчарова. Мне здаецца, трэба было б разабрацца, не сьпяшацца з гэтым, бо толькі той кароткі ролік яшчэ нічога ня кажа пра гэтага чалавека. Магчыма, нейкія юнацкія захапленьні, крайнія правыя ці фашысцкія, зусім не адпавядаюць настроям яго апошніх гадоў. Мы ведаем, колькі разоў людзі робяць, напрыклад, татуіроўкі, якія потым ня ведаюць як зьнішчыць, калі праходзіць некалькі гадоў і погляды мяняюцца.

Варта пагаварыць пра дзяржаўную палітыку. Апошнія месяцы мы назіраем прыкметы нейкай кампаніі, атакі на беларускіх добраахвотнікаў, якія ваявалі ў Данбасе за тэрытарыяльную цэласнасьць Украіны.

Знайсьці людзей з самымі радыкальнымі поглядамі вельмі лёгка з абодвух бакоў. Сацсеткі стракацяць паведамленьнямі пра прарасейскіх ваяроў на Данбасе, іх старонкі зьмяшчаюць фатаграфіі іх са свастыкамі, «зігамі» і гэтак далей, іхнія выказваньні. З украінскіх добраахвотнікаў менавіта батальён «Азоў» найбольш часта абвінавачваецца ў правым радыкалізьме. Цалкам магчыма, што там могуць сапраўды быць добраахвотнікі з нацыяналістычнымі, крайнімі правымі поглядамі.

То бок самых розных людзей хапае і з таго, і з таго боку. Але выбар уладаў у тым, якога чалавека знайсьці і што вынесьці на суд грамадзкасьці. Неаднаразова на Свабодзе былі інтэрвію з прарасейскімі наёмнікамі, якія свабодна прыяжджалі ў Беларусь, якія нават паведамляюць, што размаўлялі са сьледчымі спакойна, па-братэрску, і ніхто іх не зьбіраецца судзіць. То бок мы маем такую кампанію беларускіх уладаў, падтрыманую ідэалягічна, менавіта супраць добраахвотнікаў, якія ваявалі на ўкраінскім баку.

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG