Лінкі ўнівэрсальнага доступу

На мяжы зь Літвой беларускія памежнікі затрымалі кантрабандыстаў, штурмавалі дом і стралялі


Ілюстрацыйнае фота

Дзяржаўны памежны камітэт Беларусі расказаў пра затрыманьне 6 верасьня групы кантрабандыстаў у Гарадзенскім раёне на мяжы зь Літвой.

Паводле памежнікаў, сем грамадзян Беларусі 1981–1991 гадоў нараджэньня ішлі ля мяжы ў камуфляжнай зброі і мелі пры сабе «прадметы, падобныя да вайсковага рыштунку». Група мужчынаў схавалася ў доме, спрабавала заблякавацца і аказаць супраціў памежнікам. Тым давялося ўжыць фізычную сілу, спэцыяльныя сродкі і траўматычную зброю.

У мужчынаў канфіскавалі пнэўматычны пісталет Макарава, чатыры газавыя балёнчыкі, 119 мяшкоў з амаль 55 тысячамі цыгарэтаў, сродкі скрытай сувязі, 15 мабільных тэлефонаў і пляншэт, тры тэлевізары, восем партатыўных радыёстанцыяў, навігатар, камплекты вайсковай формы і 1000 эўра.

У дачыненьні затрыманых завялі адміністрацыйныя справы за парушэньне памежнага рэжыму і незаконнае перасячэньне мяжы, ім пагражаюць штрафы. Пра адказнасьць за супраціў праваахоўнікам не паведамляецца, як і не паведамляецца, ці супраціўляліся затрыманыя.

Як «прарывам мяжы» абгрунтавалі справу «Белага легіёну»

20 красавіка паведамлялася, што памежнікі нібыта спынілі спробу «прарыву» празь дзяржаўную мяжу Беларусі з украінскага боку з ужываньнем зброі, ды пазьней высьветлілася, што «прарыву мяжы» не было. Пасьля навіны пра нібыта «прарыў мяжы» і шэрагу іншых «страшылак» Аляксандар Лукашэнка заявіў, што ў Беларусі «затрымалі дзясяткі баевікоў са зброяй», якія трэнаваліся ў лягерах у Беларусі, Украіне і ці то Літве, ці то Польшчы. Ужо пасьля заявы Лукашэнкі пачаліся затрыманьні ў справе, вядомай сёньня як справа «Белага легіёну».

Ваша меркаваньне

Паказаць камэнтары

XS
SM
MD
LG