Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Кантрабандысты спрабавалі правезьці цыгарэты ў Літву. Беларускія памежнікі стралялі


Аўтамабіль з кантрабанднымі цыгарэтамі на мяжы зь Літвой

Беларускі памежны камітэт расказаў пра пагоню са стральбой у Воранаўскім раёне, што на мяжы зь Літвой.

Памежнікі спрабавалі спыніць аўтамабіль «УАЗ», але кіроўца толькі падвысіў хуткасьць. Памежнікі пагналіся за ім, спрабавалі прыціснуць да ўзбочыны, але кіроўца спрабаваў уцячы і нават тараніць аўта памежнікаў. Апошнім давялося ўжыць табэльную зброю: спачатку стралялі ў паветра, потым па колах. Трапілі ці не, не паведамляецца, але аўта спынілася, два мужчыны паспрабавалі ўцячы ў лес, але былі затрыманыя.

У машыне знайшлі 30 каробак беларускіх цыгарэтаў, «падрыхтаваных да перапраўкі за мяжу». Кантрабандыстамі аказаліся жыхары Воранаўскага раёну, за непадпарадкаваньне службоўцам ім пагражае штраф да 50 базавых велічыняў (1150 рублёў) або адміністрацыйны арышт.

Мінулы раз пра страляніну на мяжы паведамлялася 20 красавіка: памежнікі нібыта спынілі спробу «прарыву» празь дзяржаўную мяжу Беларусі з украінскага боку, ды пазьней высьветлілася, што «прарыву мяжы» не было. Пасьля навіны пра нібыта «прарыў мяжы» і шэрагу іншых «страшылак» Аляксандар Лукашэнка заявіў, што ў Беларусі «затрымалі дзясяткі баевікоў са зброяй», якія трэнаваліся ў лягерах у Беларусі, Украіне і ці то Літве, ці то Польшчы. Ужо пасьля заявы Лукашэнкі пачаліся затрыманьні ў справе, вядомай сёньня як справа «Белага легіёну».

XS
SM
MD
LG