Лінкі ўнівэрсальнага доступу

«Ленін у Польшчы»: беларускі абшар, дзе 83% жыхароў лічаць сябе палякамі


Знак на ўезьдзе ў Воранава

Да нядаўняга часу Воранава на Горадзеншчыне заставалася адным з самых закрытых раённых цэнтраў Беларусі: памежны статус гарадзкога пасёлку патрабаваў адмысловага дазволу на ўезд, а тутэйшым заўсёды было прасьцей выехаць у Вільню, чым у Менск ці Горадню.

Этнічная ідэнтыфікацыя праз надмагільлі

Пэўная ізаляванасьць дазволіла мястэчку і навакольным тэрыторыям захаваць сваю этнічную ўнікальнасьць. Напрыклад, гэта адзінае месца ў краіне, дзе беларусамі сябе лічаць усяго... 10% жыхароў. Такая прапорцыя вынікае зь перапісу насельніцтва 2009 году, калі кожнаму грамадзяніну прапанавалі вызначыцца з нацыянальнай прыналежнасьцю.

Уваходная брама на могілках
Уваходная брама на могілках

Такім чынам, 83% тубыльцаў Воранаўскага раёну ідэнтыфікуюць сябе як палякі (агулам на момант кампаніі тут пражывала больш як 30 тысяч чалавек).

У асобных вёсках канцэнтрацыя яшчэ большая. Так, у Паляцкіскім сельсавеце палякаў 90%, Гіркаўскім і Пагародзенскім — 89%, Жырмунскім і Доціскім — па 88%, Радунскім — 87%, Забалацкім і Місявіцкім — па 85%, Беняконскім і Пераганцаўскім — па 84%. У раённым цэнтры да палякаў сябе адносяць 71% гараджанаў.

Гэта пры тым, што агулам па Беларусі колькасьць польскага насельніцтва ледзь перавышае 3%.

Будынак воранаўскага Цэнтру культуры
Будынак воранаўскага Цэнтру культуры

​​Адпаведна ў рэгіёне зафіксаваная найменшая доля беларусаў, у некаторых паселішчах яна ледзь перавышае 5%. Нават у шэрагу раённых цэнтраў на Горадзеншчыне беларусаў намінальна меней за іншыя народнасьці — 44% у Шчучыне і 49% Лідзе.

Зрэшты, і ў самым Воранаве, і ў бліжэйшых паселішчах мала што сьведчыць пра польскі дух. Іншая справа -- каталіцкая вера. Касьцёл — як правіла, велічны, дагледжаны будынак са шматлікімі і заўзятымі парафіянамі. У астатнім — звыклы набор рысаў, якія засталіся ў спадчыну ад бальшавіцкай эпохі: Ленін перад райвыканкамам на вуліцы Савецкай, дошка гонару, тыпавыя дамы культуры і быту.

Ленін сярод воранаўскіх палякаў
Ленін сярод воранаўскіх палякаў

Каб знайсьці польскі сьлед, трэба скіроўвацца на каталіцкія могілкі (ёсьць і праваслаўныя). У Воранаве яны побач з навабудам храму Апосталаў Сымона і Юды Тадэвуша. Даволі павярхоўнага позірку на шчыльныя шэрагі надмагільляў, каб паверыць лічбам статыстыкі: толькі зрэдку трапляюць помнікі з надпісамі па-беларуску ці па-расейску, у масе сваёй імёны нябожчыкаў і словы спачуваньняў на польскай мове.

Дзеля справядлівасьці, Воранаўшчына — не адзіны прыклад польскасьці. Так, у Сапоцкіне на мяжы з Польшчай этнічна зьвязваюць сябе з суседзямі 84% апытаных. Высокая доля палякаў у Васілішкаўскім сельсавеце Шчучынскага раёну — 78%, у Шылавіцкім сельсавеце Ваўкавыскага раёну — 77%, Ваверскім сельсавеце Лідзкага раёну — 75%. Усё гэта вёскі на Горадзеншчыне.

Польскамоўныя надмагільлі
Польскамоўныя надмагільлі

У адміністрацыйных цэнтрах карціна крыху іншая: самая значная доля палякаў у Шчучыне — 39%, Ваўкавыску — 23% і ў Горадні — 20%.

Дык паводле якіх крытэраў жыхары згаданых паселішчаў адносяць сябе да палякаў — рэлігійных, этнакультурных, нейкіх іншых?

Адным з галоўных адмыслоўцаў па Воранаўскім краі — Іван Фясенка, настаўнік, заснавальнік народнага гісторыка-краязнаўчага музэю ў старажытным мястэчку Радунь, што недалёка ад раённага цэнтру:

Касьцёл Апосталаў Сымона і Юды Тадэвуша
Касьцёл Апосталаў Сымона і Юды Тадэвуша
Правільней сказаць — беларускія палякі. У побыце па-польску амаль не размаўляюць, вялікая рэдкасьць, хто валодае польскай — літаральна адзінкі

«Першы і галоўны чыньнік — рэлігійны, па факце наведваньня касьцёлу, — упэўнены спадар Фясенка. — Ці можна толькі па гэтым складніку адносіць сябе да пэўнага этнасу? Не, вядома. Бо мусіць быць і адпаведны мэнталітэт, і веданьне мовы, традыцыяў, гісторыі, і шмат іншых рэчаў. А то такія палякі, што некаторыя ані ў Польшчы не былі, ані мовы ня ведаюць.

Таму толькі паводле далучанасьці да рэлігійнай канфэсіі. Правільней сказаць — беларускія палякі. У побыце па-польску амаль не размаўляюць, вялікая рэдкасьць, хто валодае польскай — літаральна адзінкі. У сельскай мясцовасьці гавораць па-беларуску, дакладней — на трасянцы: слова беларускае, слова рускае, дзесьці польскае, у Пелясе яшчэ і літоўскае дададуць. Маладыя наагул перайшлі на расейскую».

Нацыянальная прыналежнасьць праз касьцёл

Паводле ўсё таго ж перапісу 2009 году, 73,56% жыхароў Воранаўскага раёну назвалі роднай мовай беларускую, блізу 15% — расейскую. Выглядае, што крыху больш за 10% акурат і прыпадаюць на польскую ды літоўскую, залежна ад суседзтва. Пры гэтым размаўляюць дома па-беларуску 67,86% воранаўцаў, па-расейску — 22,13%. Астатняя колькасьць падзелена ў прапорцыі паміж іншымі мовамі.

Краязнаўца Іван Фясенка (фота «Воранаўская газэта»)
Краязнаўца Іван Фясенка (фота «Воранаўская газэта»)

Тым ня меней усьведамленьне сябе палякам не прыйшло зьнянацку, самаідэнтыфікацыя нечым павінна быць падмацаваная. Гэта міжваенны час першай паловы ХХ стагодзьдзя ці, магчыма, карані варта шукаць глыбей?

«У большай ступені міжваенны час, — кажа Іван Фясенка. — Калі заглыбляцца ў гісторыю аж да Крэўскай, Люблінскай уніяў, тое закранула ў найперш шляхоцкі стан. Сялянства — тутэйшыя беларусы, літоўцы — палякамі сталі ў міжваенны пэрыяд. Так, можна казаць пра пэўны фэномэн, бо на Берасьцейшчыне так масава палякамі сябе не называюць.

Зноў жа з гісторыі Воранаўшчыны: у выніку паходаў князёў ВКЛ у Падляшша, Мазовію яе часткова засялілі мазаўшанамі. Гэта прасочваецца і ў каменных вырабах, і ў кераміцы. Але палякі былі нязначным этнічным элемэнтам, не асноўным. Пагатоў што ўсход сёньняшняй Польшчы, Падляшша — землі беларускія, маю на ўвазе, асвоеныя дрыгавічамі. Магу патлумачыць сытуацыю жаданьнем палякам звацца, а не рэальнай карцінай».

Найлепшыя людзі Воранаўшчыны
Найлепшыя людзі Воранаўшчыны

Ядзьвіга Казлоўская-Дода — нараджэнка Воранава. Чвэрць стагодзьдзя жыве ў Польшчы, кандыдат гуманітарных навук, працуе на катэдры беларусістыкі ўнівэрсытэту Марыі Складоўскай-Кюры ў Любліне. Дасьледуе беларуска-польскія моўныя і культурныя сувязі:

«Шчыра кажучы, вы выбралі ня самы просты абшар, можа так выглядае толькі звонку. Воранаўшчына ў сваім этнічным складзе адрозьніваецца ад іншых раёнаў Беларусі, хоць такіх унікальных месцаў насамрэч больш — напрыклад, на Браслаўшчыне, дзе жылі і жывуць стараабрадцы... Тут, у Воранаўскім раёне, акрамя палякаў, беларусаў, расейцаў, літоўцаў, украінцаў, знойдзем цыганоў. Паводле перапісу 1999 году, з 310 асобаў у вобласьці 130 пражывалі менавіта на Воранаўшчыне. А таксама татары, армяне, немцы, азэрбайджанцы, адзінкавыя прадстаўнікі іншых нацыянальнасьцяў.

Таму лінгвістычная сытуацыя Воранаўшчыны вельмі складаная. Пра гэта кнігі можна пісаць — дарэчы, зьбіраюся выдаць сваю кандыдацкую, дзе на гэты конт будзе адпаведная інфармацыя...

Ленін на вуліцы Савецкай — яшчэ ня ўсё. Шмат трагедыяў здарылася пры савецкай уладзе: як беларускую інтэлігенцыю зьнішчылі там, дзе яна была, так і польскі дух воранаўскіх палякаў. Напачатку ХХІ стагодзьдзя я размаўляла са сталымі людзьмі, якія гэтым духам яшчэ гатовыя былі дзяліцца. Вось толькі з кім? Сярэдняе пакаленьне выхавана ў традыцыях піянэрска-камсамольскіх арганізацыяў, моладзь — пад узьдзеяньнем гаджэтаў і расейскага тэлебачаньня».

Кандыдат гуманітарных навук Ядзьвіга Казлоўская-Дода
Кандыдат гуманітарных навук Ядзьвіга Казлоўская-Дода

Краязнаўца Іван Фясенка ўдакладняе, што большая частка польскай шляхты зьехала ў Польшчу неўзабаве пасьля «вызвольнай місіі» Чырвонай арміі, засталіся перадусім нашчадкі спалянізаваных сялянаў:

«Трэба аддаць належнае, што асяродак трошачкі захаваўся. Але так скажу: як адыдуць людзі пасьляваенныя, усё незваротна зьменіцца. Яшчэ дзясяткі два гадоў, і новая генэрацыя вынішчыць рэшту самабытнасьці, бо моладзь успрымае ўсё па-іншаму. У іх такога яскравага разуменьня тутэйшасьці няма. Пераяжджаюць у новыя месцы, там на іх узьдзейнічаюць іншыя людзі. Ідзе працэс асыміляцыі, што зробіш...

Мабыць, тут ён не такі імклівы, хоць рэпатрыяцыі незаўважанымі не мінулі — маю на ўвазе, калі беларусы вярталіся з Польшчы, палякі ад’яжджалі туды. Практычна ўся шляхта зьехала ў Польшчу. Куды ні паедзь — на высокіх пасадах людзі, якія некалі адсюль зьехалі: ці зь Лідзкага раёну, ці са Шчучынскага, ці з Воранаўскага. То бок шляхта ўся там, ня вытрымалі крыўды, кінулі ўсё. Засталіся сяляне».

Будынак колішняй сынагогі
Будынак колішняй сынагогі

Кім сябе пазыцыянуе сам спадар Фясенка ў наскрозь «польскім краі»? Суразмоўца пачынае з таго, што праваслаўны паводле веравызнаньня, а для Воранаўшчыны гэта вялікая рэдкасьць:

«Я вам праўду скажу: мая мама — этнічная полька з-пад Кракава, бацька — з Украіны, з Палтаўшчыны. Хоць дзед па бацькавай лініі наагул казаў, што жыхароў паселішча ў Багачанскім раёне лічылі прусамі. Я таксама калісьці думаў, што выхадцы з прускіх земляў сяліліся толькі на беларускай тэрыторыі, але, аказваецца, на ўкраінскай часткова таксама.

Таму карані мае заходнебалцкія, але нарадзіўся ў Беларусі, заканчваў БДУ, усё жыцьцё прысьвяціў нашаму краю — адпаведна, беларус. Прытым, што нябожчык брат-блізьнюк лічыў сябе ўкраінцам, а меншы брат — рускім. За саветамі можна было выбіраць сабе нацыянальнасьць, таму інтэрнацыянал».

Фрагмэнт аўтэнтычнага Воранава
Фрагмэнт аўтэнтычнага Воранава

Нягледзячы на польскае пазыцыянаваньне, сучасная назва Воранава — зрусыфікаваная. Мястэчка вядомае ад XVI стагодзьдзя пад назвай Балотна, у розны час належала Гаштольдам, Сцыпіёнам, Зарэцкім. Мяркуецца, што новую назву Вярэнаў маёнтак атрымаў у гонар жонкі сына Сцыпіёна Вярэны.

Палянізацыя без прымусу, русіфікацыя гвалтам

Пасьля 3-га падзелу Рэчы Паспалітай ды інкарпарацыі ў склад Расейскай імпэрыі незразумелая вуху расейскага чыноўніка назва была замененая на «удобоваримую» форму — Воранава. У 1920-х, калі ўсталявалася польская ўлада, жыхарам зноў удалося вярнуцца да Вярэнаў, але з прыходам бальшавікоў паселішча чарговы раз было перахрышчана ў Воранава.

Цэнтар, акультураны да абласных «Дажынак-2016»
Цэнтар, акультураны да абласных «Дажынак-2016»

Як адзначае Ядзьвіга Казлоўская-Дода, нацыянальная сьвядомасьць палякаў Воранаўшчыны вырасла зь веравызнаньня. Мова для іх, як і для беларусаў, мае найчасьцей сымбалічнае значэньне:

«Аднак сёньня, на мой погляд, важна іншае: з кім канкрэтна яны самі хочуць сябе атаясамліваць? Не як у савецкія часы, калі ў пашпарце іх „запісвалі палякамі“, а тое, што яны рэальна лічаць сябе палякамі. Самаідэнтыфікацыя асобы зь яе жыцьцёвым досьведам — справа індывідуальная, а выпадкі зьмены ідэнтычнасці з польскай на іншую, на колькі мне вядома, на Воранаўшчыне выключныя.

Дарэчы, польская дасьледніца Халіна Турска лічыла, што ў літоўскіх вёсках людзі часам пераходзілі на польскую без працэсу беларусізацыі. Палянізацыя на гэтай тэрыторыі не была прымусовай, толькі самаіснай, добраахвотнай; заходнюю культуру мясцовае насельніцтва і сёньня лічыць больш далікатнай, ветлівай, прыязнай».

Месца, якое ўсіх ураўноўвае
Месца, якое ўсіх ураўноўвае

​Паводле суразмоўніцы, пасьля Другой усясьветнай вайны вясковыя школы ў раёне былі беларускамоўныя, а ў мястэчках — расейскамоўныя. На перакананьне Ядзьвігі Казлоўскай-Доды, канчатковай мэтай савецкай улады была русіфікацыя, а ў выпадку палякаў — спачатку беларусізацыя, пазьней — усё тая ж русіфікацыя.

Ваша меркаваньне

Паказаць камэнтары

XS
SM
MD
LG