Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Расейскія вытворцы камбайнаў папрасілі абараніць рынак ад «Гомсельмашу»


«Гомсельмаш», архіўнае фота

Асацыяцыя вытворцаў тэхнікі «Росспецмаш» занепакоеная канкурэнцыяй на расейскім рынку зь беларускім «Гомсельмашам» і просіць абараніць рынак ад беларусаў, піша расейскі «КоммерсантЪ».

У Расеі выпуск сельскагаспадарчай тэхнікі з пачатку году вырас амаль на чвэрць у грашовым выражэньні (камбайнаў, у прыватнасьці, — на 14%, трактароў — на 16%). Але дзяржаўныя субсыдыі скароцяцца налета амаль удвая, а для захаваньня тэмпаў росту неабходныя ранейшыя аб’ёмы субсыдыяў.

Паводле ацэнак «Росспецмашу», у сэгмэнце камбайнаў беларуская тэхніка захоплівае ўсё большую долю рынку: у 2015 годзе «Гомсельмаш» прадаў у Расеі каля 1300 камбайнаў, у 2016-м — 1650, а ў 2017-м чакаецца, што прадасьць 1850. Гэта значыць, беларусы ўжо захапілі чвэрць рынку камбайнаў, які ацэньваюць у 7200 адзінак тэхнікі на год.

Пры гэтым «Гомсельмаш» атрымаў ад беларускай дзяржавы выгадную пазыку на 425 млн даляраў пад 7% да 2029 году і цяпер можа прадаваць прадукцыю ў растэрміноўку і па ніжэйшых за расейскія цэнах. Таксама прадпрыемства прэтэндуе на расейскія субсідыі праз праграму фэдэральнага лізінгу, а расейскія прадпрыемствы ў Беларусі такіх магчымасьцяў ня маюць — сьцьвярджаецца, што расейцы наогул ня маюць доступу на беларускі рынак камбайнаў.

Міністэрства прамысловасьці і гандлю Расеі прызнае, што «гандаль у галіне сельгастэхнікі носіць незбалянсаваны характар», але сьцьвярджае, што пра дэталі крэдытаваньня «Гомсельмашу» ня ведала і цяпер праводзіць ацэнку магчымага нэгатыўнага ўплыву беларускага прадпрыемства на расейкіх канкурэнтаў.

Ці будзе ад чаго бараніць?

Тым часам машынабудаваньне Беларусі за апошнія 5 гадоў абвалілася па ўсіх пазыцыях — ад трактароў да ровараў. У прыватнасьці, вытворчасьць камбайнаў упала з 2011 па 2016 год на амаль 85%, за 2016 год вырабілі толькі 353 камбайны. Пабудову новага заводу каробак перадачаў пад Гатава Аляксандар Лукашэнка адклаў на 4 гады.

Прадпрыемства «Гомсельмаш» працуе са стратамі, ня можа вярнуць крэдыты. Але пры гэтым сярэднямесячны заробак гендырэктара Аляксандра Камко перавышаў у эквіваленце 7 тысяч даляраў. У час, калі беларускія прамысловыя гіганты праводзілі масавыя звальненьні, колькасьць работнікаў на «Гомсельмашы» амаль не мянялася.

Міністэрства прамысловасьці Беларусі ў лютым выставіла на продаж акцыі 19 дзяржпрадпрыемстваў. Мяркуецца продаж у тым ліку акцыяў «Гомсельмашу» — да кантрольнага пакету акцыяў стратэгічнаму інвэстару пад канкрэтныя інвэстпраекты паводле індывідуальнага праекту нарматыўнага прававога акту кіраўніка дзяржавы з заключэньнем інвэстыцыйнай дамовы.

Ваша меркаваньне

Паказаць камэнтары

XS
SM
MD
LG