У Гомелі з нагоды Дня Волі грамадзкія актывісты наведалі памятныя месцы, зьвязаныя з імёнамі дзеячоў беларускага Адраджэньня — Палуты Бадуновай, Цімоха Вострыкава. У маршрут уключана таксама вёска Сьцяг Працы — апошні прыстанак героя «Нябеснай сотні» Міхаіла Жызьнеўскага.
У вёсцы Раманавічы, што непадалёк ад абласнога цэнтру, пахаваны гамяльчук Цімох Вострыкаў, паўнамоцны прадстаўнік Рады БНР — адзін з удзельнікаў «групы чатырох», якая ў 1952 годзе высадзілася з амэрыканскага летака на парашутах у Налібоцкай пушчы дзеля падтрымкі й разьвіцьця беларускага нацыянальнага руху. Праз здрадніка групу схапілі людзі НКВД. Вярхоўны суд асудзіў Вострыкава на 23 гады зьняволеньня.
За свае зямныя 85 гадоў Цімох Акімавіч зьведаў працу селяніна, настаўніка, землякопа, гастарбайтэра, электразваршчыка, шахцёра. Быў салдатам, палонным, дэзэрцірам, шпіёнам — амэрыканскім і савецкім. Ня здраджваў толькі Бацькаўшчыне-Беларусі.
Грамадзкія актывісты прыбралі магілу Цімоха Вострыкава, усклалі да помніка кошык з кветкамі. Перад тым як абвясьціць хвіліну маўчаньня, гомельскі палітык і грамадзкі актывіст Уладзімер Кацора сказаў:
«Толькі зь цягам часу пачынаеш разумець, якія гістарычныя падзеі былі на шляху да незалежнасьці і як цяжка было тым людзям — адзін зь іх Цімох Вострыкаў, — якія аддавалі здароўе і жыцьцё дзеля Радзімы. Спадзяюся, што і мы з вамі шчыра хварэем за нашу незалежную Беларусь. Кожны год мы бываем тут, ля гэтай магілы, каб аддаць даніну пашаны такім людзям, як Цімох Вострыкаў. Цяпер адбываюцца такія падзеі, што можна з упэўненасьцю гаварыць: месца для подзьвігу ёсьць. Прапаную ў такі сьвяты для нас дзень ушанаваць памяць змагароў хвілінай маўчаньня»
Не абышлі сваёй увагай вандроўнікі й невялічкае паселішча Сьцяг Працы. На тутэйшых могілках знайшоў свой апошні прыстанак герой «Нябеснай сотні» Міхаіл Жызьнеўскі, які быў забіты стрэлам у сэрца 22 студзеня 2014 году падчас «Рэвалюцыі годнасьці» ў Кіеве. Да магілы Жызьнеўскага гомельскія актывісты ўсклалі жалобны вянок, бо лічаць, што Жызьнеўскі змагаўся і за свабодную Беларусь.
У Навабеліцкім раёне Гомеля актывісты прыехалі на вуліцу Дзімітрава. На пустцы між шматпавярховымі дамамі актывісты паклалі белыя і чырвоныя гвазьдзікі — проста на зямлю. Тут калісьці стаяў бацькоўскі дом легендарнай жанчыны Палуты Бадуновай, гомельскай настаўніцы, міністра сацыяльнай апекі Беларускай Народнай Рэспублікі. Памятнае месца ніяк не пазначана.
У 30-я гады мінулага стагодзьдзя Бадунова стала ахвярай сталінскіх рэпрэсій. Жыцьцёвыя пуцявіны гэтай жанчыны-змагаркі ў пэўным сэнсе ўвасабляюць узьнёсласьць і трагізм нацыянальна-вызвольнага руху, цяжкі шлях нашай краіны да Незалежнасьці.
Гомельскі гісторык, намесьнік старшыні АГП Васіль Палякоў апавёў:
«Палута Бадунова — адна з найбольш выбітных дзеячоў Беларускай Народнай Рэспублікі. Мы вельмі ганарымся, што яна нарадзілася і жыла менавіта ў Гомелі. Усе падзеі, зьвязаныя з абвяшчэньнем і дзейнасьцю БНР, для гамельчукоў зьвязаныя менавіта з Палутай Бадуновай».
Некалькі гадоў таму гамельчукі ініцыявалі збор подпісаў за пераназваньне вуліцы імя баўгарскага камуніста Дзімітрава ў вуліцу імя Палуты Бадуновай. Аднак гарвыканкам ініцыятыву гараджанаў не падтрымаў:
Палякоў: «Мы цяпер знаходзімся на вуліцы Дзімітрава. Улады ўшаноўваюць гэтага баўгарскага камуністычнага дзеяча і не жадаюць чуць пра Палуту Бадунову, чалавека, які зрабіў важкі ўнёсак у станаўленьне беларускай дзяржаўнасьці, сувэрэнітэту нашай краіны. Гэта вельмі непрыемна. Я спадзяюся, што вельмі хутка надыдзе той час, калі мы будзем бачыць ня толькі вуліцы Палуты Бадуновай у Гомелі ды іншых гарадах, але й пабачым на гэтым месцы помнік. І ён будзе ўказваць, што менавіта тут жыла наша славутая зямлячка — Палута Бадунова».
Памяць дзеячкі БНР таксама была ўшанавана хвілінай маўчаньня.
Вандроўку гомельскіх актывістаў суправаджалі машыны і людзі ў цывільным, якія здымалі ўскладаньне кветак на мабільную тэхніку.
А 18-й гадзіне неабыякавыя да гісторыі сваёй Бацькаўшчыны жыхары абласнога цэнтру сабраліся ў грамадзка-культурным цэнтры на вуліцы Палескай на ўрачыстую вечарыну з нагоды 97-х угодкаў абвяшчэньня Беларускай Народнай Рэспублікі. Тут быў прэзэнтаваны зборнік вершаў Таісы Мельчанкі «Расьпяты гонар», выдадзены высілкамі выдавецкай групы пад кіраўніцтвам Уладзімера Кацоры. Кніга ўбачыла сьвет на прыватныя сродкі прыхільнікаў творчасьці беларускай паэткі.