Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Як ва Ўкраіне прайшоў першы «бязьвізавы» год з Эўразьвязам


Архіўнае фота
Архіўнае фота

Год таму, 11 чэрвеня 2017 году між Украінай і 26 краінамі Шэнгенскага пагадненьня запрацаваў бязьвізавы рэжым для турыстычных паездак. За гэты год украінцы шмат езьдзілі ў Эўразьвяз, але не «пазьяжджалі», перадае ўкраінская служба Свабоды.

«Тое, пра што марылі мільёны ўкраінцаў, атрымалася ажыцьцявіць, — казаў прэзыдэнт Украіны Пятро Парашэнка пра вынікі «бязьвізавага году». — Упэўнены, супольнымі намаганьнямі мы пабудуем будучыню для Украіны, аб якой марылі — каб украінскі народ і ўкраінская дзяржава як мага хутчэй вярнуліся да сям'і эўрапейскіх народаў».

Ужо 555 тысячаў украінцаў скарысталіся магчымасьцямі «бязьвіза». 5,1 млн грамадзянаў Украіны атрымалі біямэтрычныя пашпарты, зь якімі дасяжны гэты «бязьвіз» — 90 дзён на кожныя 180 дзён для паездак, не зьвязаных з працаўладкаваньнем або навучаньнем.

Колькасьць паездак украінцаў у Эўразьвяз вырасла істотна, ды гаворка ідзе не пра міграцыю, а аб ажыўленьні мабільнасьці. Эўрапейскія чыноўнікі, палітыкі і экспэрты зьвяртаюць увагу на тое, што за гэты год не адбылося ніякіх катастрафічных «выездаў украінскіх грамадзянаў» у Шэнгенскую прастору. У Эўракамісіі агульныя ацэнкі «бязьвізавага году» даволі пазытыўныя, крытычных заўвагаў няма.

Адзінае, на што наракаюць у Эўропе, гэта марудная барацьба з карупцыяй ва Ўкраіне, бо антыкарупцыйныя дзеяньні былі адной з умоваў «бязьвізу».

Беларусь і Кітай пагадзіліся ўвесьці бязьвізавы рэжым

Эўракамісія ў канцы мінулага году адзначыла, што Ўкраіне трэба падтрымліваць дынаміку барацьбы з карупцыяй, больш сілаў надаваць пазьбяганьню рызыкаў нелегальнай міграцыі, інфармаваць грамадзянаў пра правілы «бязьвізу» і ўзмацніць барацьбу з арганізаванай злачыннасьцю. Але ніякіх заўвагаў, якія маглі бы прывесьці да аднаўленьня ранейшага візавага рэжыму, не агучвалася.

Рост зафіксаванай нелегальнай міграцыі быў зусім нязначным — з фальшывымі ці неналежнымі дакумэнтамі на мяжы злавілі амаль столькі ж, колькі да «бязьвізавага году».

Іншая справа — працоўная міграцыя ўкраінцаў, асабліва ў Польшчу, з уездам нібыта ў турыстычных мэтах або з фальшывымі дазволамі на працу. Польскія спэцыялісты кажуць, што гаворка можа ісьці пра мільён украінцаў, ды гэтая лічба прыблізная і можа быць перабольшанай.

Камэнтаваць тут можна праз Facebook. Калі вы ў Беларусі, любы камэнтар можа быць падставай для перасьледу з боку ўладаў

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG