Лінкі ўнівэрсальнага доступу

«Гэта міт, што цяжка атрымаць візу ЗША». 5 пытаньняў пра амэрыканскія візы для беларусаў


Амбасада ЗША ў Менску аднаўляе з 1 лютага выдачу візаў беларусам у поўным аб’ёме. Каму амбасада ЗША ў Менску будзе выдаваць візы, колькі гэта каштуе, якія дакумэнты трэба прад’явіць, наколькі цяжка атрымаць візы — на самыя папулярныя візавыя пытаньні адказваюць амэрыканскія дыпляматы Робэрт Райлі і Алета Кавэнскі.

1. Па візу ў амбасаду ЗША ў Менску можа зьвярнуцца любы грамадзянін ці рэзыдэнт Беларусі, замежнікаў ня прымуць

Амбасада Злучаных Штатаў у Беларусі заявіла 30 студзеня, што ад 1 лютага пачне прапаноўваць у Беларусі «поўны спэктар неіміграцыйных візавых паслуг» — любы грамадзянін і рэзыдэнт Беларусі зможа зьвярнуцца па амэрыканскую візу.

«Упершыню за 10 гадоў мы зможам аказваць такія паслугі, — сказаў часовы павераны ў справах ЗША ў Беларусі Робэрт Райлі. — Мы вельмі рады, што зможам прапаноўваць іх беларусам, якім раней даводзілася езьдзіць у іншыя краіны, а гэта было вельмі нязручна. Маім калегам давялося зрабіць вялікую працу ў рэалізацыі гэтага праекту. Цяпер усе могуць зьвярнуцца па візы ў консульскі аддзел, няма неабходнасьці ехаць па візу ў іншую краіну».

Паводле Райлі, рэсурсы амбасады пакуль абмежаваныя, і яна ня зможа прымаць заяўкі ад неграмадзян і нерэзыдэнтаў, але грамадзянам Беларусі будзе рада.

Робэрт Райлі і Алета Кавэнскі
Робэрт Райлі і Алета Кавэнскі

2. Пакуль амэрыканскія візы будуць давацца тэрмінам на 1 год, але шматразовыя

Цяпер беларусы змогуць атрымаць шматразовыя неімграцыйныя візы тэрмінам на 1 год, але ня болей. Тэрмін дзеяньня візаў вызначаецца «прынцыпам узаемнасьці»: Беларусь цяпер выдае амэрыканцам візы на 1 год, таму і ЗША выдае беларусам візы на 1 год.

Паводле Райлі, раней «не было стымулу» абмяркоўваць пытаньне аб выдачы візаў зь беларускім бокам, бо спэктар візавых паслуг быў абмежаваны. Але цяпер перад беларускімі ўладамі ЗША паставілі пытаньне аб павелічэньні тэрміну дзеяньня візаў.

«Той крок па выдачы візаў, які зроблены зараз, не азначае, што мы чакаем чагосьці ў адказ ад беларускіх уладаў. Менавіта гэты крок мы можам назваць супрацоўніцтвам, якое будзе далей разьвівацца ў розных кірунках. Мы заўсёды імкнёмся, каб дыялёг быў шырэйшы», — заявіў часовы павераны Робэрт Райлі.

Аэрапорт Джона Кенэдзі ў Нью-Ёрку
Аэрапорт Джона Кенэдзі ў Нью-Ёрку

3. Колькі будзе каштаваць амэрыканская віза і якія дакумэнты патрабуюцца

Стандартны кошт амэрыканскай візы ў шэрагу краінаў — 160 даляраў. Але гэты збор ідзе не на заробкі супрацоўнікам консульскага аддзелу, а каб забясьпечыць працу сыстэмы выдачы візаў, апрацоўку дакумэнтаў, на аргтэхніку.

Фіксаванага пакета дакумэнтаў, неабходных для падачы візы, няма. Ёсьць абавязковая стандартная анкета, таксама трэба запісацца і прайсьці інтэрвію. Візу можна будзе атрымаць самае доўгае — на працягу тыдня.

Шматразовую гадавую візу тэрмінам на год можна атрымаць нават пры першым звароце ў амэрыканскую амбасаду, запэўнілі дыпляматы.

Цяпер ня трэба ехаць у іншую краіну, каб атрымаць візу ЗША (На фота — консульства ў Маскве)
Цяпер ня трэба ехаць у іншую краіну, каб атрымаць візу ЗША (На фота — консульства ў Маскве)

4. Якая галоўная ўмова, каб візу выдалі?

На заўвагу журналістаў, што многія беларусы скардзяцца на тое, што вельмі цяжка атрымаць амэрыканскую візу, шмат каму адмаўляюць, Алета Кавэнскі адказала, што такое ёй даводзіцца чуць у кожнай краіне.

«Гэта міт, што цяжка атрымаць візу. У Беларусі бальшыня заяўнікаў атрымлівае візы. Наша мэта — як мага больш выдаваць візаў.

Паводле амэрыканскага іміграцыйнага заканадаўства кожны, хто зьвяртаецца па візу, павінен пераканаць консульскага супрацоўніка, што ён вернецца на радзіму. Дзеля гэтага зусім не абавязкова дэманстраваць банкаўскія рахункі. Галоўнае — пераканаць, што ў чалавека ёсьць сувязі зь Беларусьсю», — кажа спадарыня Кавэнскі.

5. Колькі амэрыканскіх візаў выдалі беларусам летась і колькі чакаецца сёлета

Загадчыца консульскага аддзелу амбасады ЗША ў Беларусі Алета Кавэнскі паведаміла, што ў 2017 годзе беларусам выдадзена ў Менску 7–8 тысяч візаў. Яшчэ каля 18 тысяч візаў беларусы атрымалі ў амбасадах іншых краін (у Маскве, Кіеве, Вільні, Варшаве). Сёлета чакаецца, што ў Менску выдадуць удвая больш візаў, але дакладна прагназаваць цяжка.

«Як мінімум, чакаецца рост у 2 разы. Прыблізна ўдвая больш людзей будуць зьвяртацца па амэрыканскія візы. Калі амбасада зьнізіла ўзроставы цэнз для беларусаў з 70 да 50 гадоў, многія казалі, што не зьвярталіся па візы толькі таму, што былі цяжкасьці — цяпер цяжкасьці пераадоленыя», — кажа спадарыня Кавэнскі.

Візы ўсім: амбасада ЗША адновіць 1 лютага выдачу візаў беларусам у поўным аб’ёме

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG