Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Амбасадарка Эўразьвязу: «Спадзяваліся, што Беларусь прыме рэкамэндацыі АБСЭ, але зьменаў няма»


Андрэа Віктарын

«Самы аптымістычны момант падчас 2,5 года працы ў Беларусі ў мяне быў летась, пасьля наведваньня разам з амэрыканскім дыпляматам старшыні ЦВК Лідзіі Ярмошынай», — такое прызнаньне зрабіла кіраўніца місіі Эўрапейскага зьвязу ў Беларусі Андрэа Віктарын падчас круглага стала «Пэрспэктывы дачыненьняў паміж Эўразьвязам і Беларусьсю».

Яна ўдакладніла: пасьля той размовы было спадзяваньне, што беларускія ўлады прымуць хай нават ня ўсе, але значную частку рэкамэндацыяў АБСЭ пра зьмену Выбарчага кодэксу. Аднак зьменаў няма да гэтага часу, канстатавала Андрэа Віктарын, і ад гэтага ў яе самае вялікае расчараваньне.

«Аднак мы ня спынімся, — запэўніла яна, — і кожны раз пры сустрэчы з прадстаўнікамі беларускіх уладаў будзем працягваць уздымаць гэтую тэму».

Яна нагадала, што сама паходзіць зь Нямеччыны — краіны, дзе адзін час у парлямэнце таксама не было альтэрнатыўнай думкі. Чым гэта скончылася, усе добра ведаюць.

Пры гэтым спадарыня Віктарын выказала перакананьне, што за час яе кадэнцыі ў Менску стасункі Эўразьвязу і Беларусі істотна палепшыліся.

«Праўда, нас за гэта крытыкуюць з абодвух бакоў — як прадстаўнікі ўлады, так і апазыцыі, — заявіла дыпляматка. — Уладныя структуры хацелі б мець ад Эўразьвязу найперш фінансавую падтрымку. Але я неаднаразова тлумачыла на прыкладзе Нямеччыны, што ў нас хрыбтом эканомікі зьяўляецца бізнэс. А таму заўжды кажу беларускім чыноўнікам: калі хочаце, каб ваша краіна была мацнейшай і людзі жылі лепш, трэба разьвіваць прыватную ініцыятыву».

Круглы стол «Пэрспэктывы дачыненьняў паміж Эўразьвязам і Беларусьсю» праходзіць з удзелам беларускіх апазыцыйных палітыкаў і прадстаўнікоў Эўрапейскай народнай партыі, якія знаходзяцца ў Беларусі. У дыскусіі зьбіраўся паўдзельнічаць і старшыня міжнароднай камісіі Палаты прадстаўнікоў Валер Варанецкі. Аднак, як было аб’яўлена на пачатку сустрэчы, ён затэлефанаваў і выбачыўся, бо мусіць быць на пахаваньні сябра.

Лукашэнка — АБСЭ: дыялёг сьляпога з глухім

Ваша меркаваньне

Паказаць камэнтары

XS
SM
MD
LG