Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Часовы павераны ЗША ў Беларусі пра адмену санкцый: «Мы пакуль яшчэ ня ў тым пункце»


Робэрт Райлі

Чарговы перагляд санкцый ЗША ў дачыненьні да беларускіх нафтахімічных прадпрыемстваў адбудзецца ў красавіку 2018 году. Аднак прагназаваць, якім будзе рашэньне, пакуль цяжка, сказаў часовы павераны ў справах ЗША ў Беларусі Робэрт Райлі.

Санкцыі былі ўведзеныя ЗША ў 2007 годзе і тычыліся ў асноўным беларускіх дзяржаўных нафтахімічных прадпрыемстваў. Апошні раз ЗША працягнулі прыпыненьне санкцый у дачыненьні да дзевяці беларускіх прадпрыемстваў 24 кастрычніка 2017 году тэрмінам на 6 месяцаў.

Калі можна чакаць поўнай адмены санкцый? Робэрт Райлі сказаў, што даводзіцца размаўляць на гэтую тэму з калегамі на розных узроўнях беларускіх уладаў.

«Я паўтараю: мой інтарэс, наша зацікаўленасьць у тым, каб гэтыя санкцыі былі цалкам адмененыя. Але пакуль мы яшчэ ня ў тым пункце знаходзімся, таму кожныя паўгода ў нас адбываецца разгляд дзейных санкцый, і яны прыпыняюцца на чарговыя паўгода», — заявіў амэрыканскі дыплямат. Ён дадаў, што ня можа меркаваць, якім будзе рашэньне.

Але ЗША адкрыта кажуць, якія крокі павінны быць зробленыя беларускім бокам, каб санкцыі былі адмененыя, падкрэсьліў спадар Райлі.

«Мы працягнем абмеркаваньне і, спадзяюся, прыйдзем да таго, што санкцыі будуць адмененыя. І гэта будзе добра. Паколькі іх дзеяньне наносіць шкоду ня толькі іміджу Беларусі, але і прыцягненьню інвэстыцый у краіну».

«Стаўленьне ЗША да пытаньняў правоў чалавека і свабоды СМІ ў Беларусі не зьмянілася»

На пытаньне журналістаў, як ЗША паставіліся да блякаваньня некаторых беларускіх сайтаў, часовы павераны ў справах ЗША ў Беларусі Робэрт Райлі адказаў, што стаўленьне Злучаных Штатаў Амэрыкі да пытаньняў правоў чалавека і свабоды СМІ ў Беларусі не зьмянілася.

«Мы вялі і вядзем абмеркаваньні на гэтую тэму ня толькі з уладамі, але і зь міжнароднымі арганізацыямі, іншымі амбасадамі і грамадзянскай супольнасьцю. Мы падтрымліваем і выступаем за сувэрэнітэт, незалежнасьць і тэрытарыяльную цэласнасьць Беларусі. Мы лічым, што неад’емнай часткай такой падтрымкі зьяўляецца і падтрымка дэмакратычных каштоўнасьцяў. Шанаваньне і выкананьне Беларусьсю фундамэнтальных каштоўнасьцяў — правоў чалавека, свабоды сходаў, асацыяцый, СМІ, рэфармаваньне выбарчага заканадаўства — прывяло б да далейшага паляпшэньня беларуска-амэрыканскіх адносін», — сказаў Райлі.

Ваша меркаваньне

Паказаць камэнтары

XS
SM
MD
LG