Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Гарадзенская прадпрымальніца: «Я выйшла на рынак, каб перабіцца з вады на хлеб»


Больш за 90% прадпрымальнікаў, якія займаюцца продажам прадукцыі лёгкай прамысловасьці, на рынках Горадні не працуюць.

Гарадзенскія рынкі апусьцелі яшчэ напярэдадні сьвятаў. У адрозьненьне ад іншых рынкаў краіны, тут ніхто не зьбіраў ніякіх сходаў. Дамовіліся, як распавёў мне адзін з гандляроў, між сабой.

Зараз я на рынку «Цэнтральным», і толькі дзе-нідзе адкрытыя шапікі, а на ніжняй пляцоўцы, дзе якраз і гандлююць прадукцыяй лёгкай прамысловасьці, наагул бязьдюдна.

Спрабую размаўляць з тымі, хто працуе, але людзі аднекваюцца. Адна жанчына наагул прызнаецца, што баіцца цяпер нешта казаць.

Цікаўлюся ў спадара, які гандлюе парфумаю — як ставіцца да ўчорашняга форуму прадпрымальнікаў у Менску, ці згодзен з рашэньнямі форуму? Ён кажа, што найлепей было б дамовіцца пра мараторый на той час, пакуль будуць ісьці перамовы з уладамі, і працаваць. Маўляў, кожны павінен думаць за сябе:

— Я лічу: хто можа — той працуе, а хто ня можа — той не працуе, і тут няма ніякай палітыкі, тут чыстая эканоміка. Кожны мае сваю думку, і яе трэба паважаць.

«Цэнтральны» гарадзенскі рынак 12 студзеня
«Цэнтральны» гарадзенскі рынак 12 студзеня

Да нашае размовы далучаецца мужчына сярэдняга веку і кажа, што мае ўсе неабходныя дакумэнты для працы, але не адкрывае свой шапік, бо салідарны з астатнімі прадпрымальнікамі, якім, на яго думку, дзяржава стварае штучныя перашкоды, каб не маглі працаваць.

— Сёньня павінны супольна вызначыцца і прадпрымальнікі, і ўрад, як далей разьвіваць дробны бізнэс, бо гэтыя пастаянныя адкладаньні да добрага не прыводзяць. Дзяржава ўсё роўна карыстаецца нашымі падаткамі, а таму трэба сесьці за стол і знайсьці той сярэдні варыянт, які выгадны і дзяржаве, і прадпрымальнікам, а ня толькі буйному бізнэсу. І вызначыцца наконт правілаў гульні, паводле якіх мы будзем працаваць доўгі час.

А вось ніжняя пляцоўка рынку «Цэнтральны». Бачу дзьвюх спадарынь, якія расклалі тавар. Адна жанчына гандлюе джынсамі і кажа, што размаўляць ня будзе. Праўда, дадае, што за выходныя прадала 4 пары джынсаў і зарабіла дзецям на малако і хлеб.

Другая спадарыня гандлюе мужчынскай бялізнай. Кажа, што мае сэртыфікаты, але з гэтага ніякага толку, бо няма пакупнікоў і ніхто нічога не купляе.

— У мяне заробак цяпер з прададзенай рэчы 10–15 тысяч, а каб не было гэтых сэртыфікатаў, то мела б хаця б 25 тысяч. Ды яшчэ пусты рынак, нікога няма. Зараз буду зьбірацца і ісьці дадому. У мяне пэнсія — два мільёны сто, заплачу за кватэру — і за што я жыць буду? Я выйшла сёньня, каб перабіцца з вады на хлеб, я ж не жырую...

Прадпрымальнік спадар Андрэй на рынку ўжо два дзясяткі гадоў. Кажа, што людзі ўжо не жартуюць. Ён падтрымлівае рашэньне ўчорашняга форуму — не выходзіць на працу, пакуль праблемы ня будуць вырашаныя канчаткова.

— Цяпер усё будзе залежаць ад згуртаванасьці прадпрымальнікаў, а наколькі я ведаю — людзі настроеныя рашуча, бо нават не павыходзілі працаваць тыя, хто меў дакумэнты. Паглядзелі, што насамрэч адбываецца, якая пакупніцкая здольнасьць, якія падаткі трэба плаціць — і пабачылі, што яны ў вялікім крызісе.

Яшчэ адзін гарадзенскі прадпрымальнік тлумачыць, што гарадзенцы не паехалі на форум, бо ўжо стаміліся ад гаварыльні. Яны спынілі працу і маюць намер трымацца да тае пары, пакуль улада ня прыме нармальных рашэньняў адносна таго, каб прадпрымальнікі маглі свабодна працаваць.

— Надакучыла ўся гэта цягамоціна зь імі. Зараз у нечым саступяць, скажуць — давайце 9 мільёнаў і ідзіце працаваць. Ім жа абы грошы атрымаць, а тыя сэртыфікаты ім да аднаго месца. А хто цяпер што купіць? Перад сьвятамі прадавалі рэчы па 50–100 тысяч, і тое не куплялі. Ніхто нічога не разумее, няма салідарнасьці людзей. Пішуць на форумах: вы барыгі, ідзіце на заводы. А самі там робяць прадукцыю, якая нікому не патрэбная, ляжыць на складах, і атрымліваюць заробак. І хто пасьля гэтага большы злачынца?

Слонімскія прадпрымальнікі адпраўлялі на менскі форум свайго прадстаўніка. Віктар Марчык сказаў Свабодзе, што сёньня адбылася сустрэча з слонімскімі прадпрымальнікамі, і яны аднагалосна падтрымалі рашэньні менскага форуму.

— Стаім усе да таго часу, пакуль ня прымуць рашэньня, паводле якога зможам нармальна працаваць. Цяпер у нас недзе 95% прадпрымальнікаў не выходзяць працаваць.

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG