Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Беларусы атрымалі шанец ацаніць самае дарагое эўрапейскае выданьне


Арыгінал Бібліі Гутэнбэрга ў Касэлі
Арыгінал Бібліі Гутэнбэрга ў Касэлі

Упершыню беларусы змогуць пабачыць арыгінал Бібліі Гутэнбэрга. Сёньня ўнікальная кніга, якая лічыцца самым старажытным, знакамітым і дарагім выданьнем у Эўропе, адмысловым рэйсам у суправаджэньні экспэртаў-кнігазнаўцаў і супрацоўнікаў аховы прыбыла ў Беларусь зь Нямеччыны.

14 верасьня ў рамках міжнароднага кангрэсу «500 гадоў беларускага кнігадрукаваньня» ў Нацыянальнай бібліятэцы Беларусі будзе ўрачыста адкрыта выстава «Францішак Скарына і яго эпоха». На наступны дзень экспанаты выставы, уключна зь Бібліяй Гутэнбэрга, стануць даступныя для шырокай публікі.

Як паведаміў намесьнік генэральнага дырэктара Нацыянальнай бібліятэкі Алесь Суша, фрагмэнт гэтага рэдкага кніжнага помніка захоўваецца ў Нацыянальнай бібліятэцы Нямеччыны ў Ляйпцыгу.

«Біблія Гутэнбэрга традыцыйна лічыцца пунктам адліку гісторыі кнігадрукаваньня ў Эўропе і паваротным момантам у пераходзе ад сярэднявечча да сучаснага сьвету, — кажа спадар Суша. — Гэтая кніга, надрукаваная высакародным гатычным шрыфтам, прызнаная шэдэўрам вытанчанага друку і мастацкага майстэрства. Біблія цалкам надрукаваная ў дзьве калёнкі. Вялікія літары і загалоўкі маюць каляровыя ўпрыгожаньні, выкананыя ўручную».

Помнік Гутэнбэргу ў Страсбургу. Фота ©Shutterstock
Помнік Гутэнбэргу ў Страсбургу. Фота ©Shutterstock

Паводле адмыслоўца, у сьвеце захавалася толькі некалькі асобнікаў унікальнага выданьня, і зусім невялікая колькасьць краін можа дазволіць сабе прадэманстраваць гэтую кнігу публіцы.

Біблія Гутэнбэрга ўпершыню прыбудзе ў Беларусь. Магчымасьць паказаць рэдкае выданьне зьявілася дзякуючы спрыяньню нямецкай амбасады ў Беларусі і Нацыянальнай бібліятэкі Нямеччыны.

Каб дапоўніць вобраз унікальнага выданьня, поруч з фрагмэнтам арыгінальнага помніка будзе дэманстравацца факсымільнае выданьне поўнай Бібліі Гутэнбэрга, выкананае ў 1913 годзе ў тым жа Ляйпцыгу. Сёньня гэтае выданьне таксама лічыцца бібліяграфічнай рэдкасьцю, яно прыбыло з Расейскай дзяржаўнай бібліятэкі ў Маскве.

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG